Дуэт "Аляксандра і Канстанцін" пры ўдзеле запрошаных музыкаў прадставіць ужывую свой новы альбом "M1" у межах праекту "Жывы Тузін". Выступ 1 траўня ў Loft cafe будзе іх першым клюбным канцэртам за мінулыя 5 гадоў.
Першыя прадстаўнікі Беларусі на "Эўравізіі" рэдка выступаюць з сольнымі канцэртамі, хоць пастаянна гастралююць па іншых краінах, удзельнічаюць у разнастайных музычных праектах і нястомна працуюць у студыі. Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза тлумачаць, што вялікі канцэрт для іх вельмі адказная справа, якая вымагае шмат сілаў для падрыхтоўкі. А таму – мусіць быць важкая нагода для яго. Такая, як напрыклад 1 траўня, калі ў межах праекту "Жывы Тузін" адбудзецца клюбная прэм’ера іх новага альбому "М1".
"Праца над новымі творамі вялася некалькі гадоў і за гэты час атмасфэра між намі і нашымі песьнямі наэлектрызавалася да найвышэйшай кропкі. Так што прысьпеў час падзяліцца сваімі самымі актуальным музычнымі думкамі і публічна выканаць праграму на мяжы гэтага накалу", – кажа Аляксандра. 1 траўня ў Loft cafe дуэт выступіць у пашыраным складзе. Да яго далучацца сапраўдныя майстры сваёй справы – бубнач Аляксандар Старажук, які граў у гуртах "Палац" і "Ляпіс Трубяцкой", басіст Вячаслаў Сяргеенка (WZ-Orkiestra, Tanin Jazz, "У нескладовае") і джазавы піяніст Дзьмітры Хаменка.
Госьцем вечару будзе каманда "БарЖоМі", якая грае мэлядычную інструмэнтальную музыку, насычаную дыялёгамі скрыпкі і гітары. У назьве праекту зашыфраваны тры гарады, зь якіх паходзяць удзельнікі – Барысаў, Жодзіна і Менск. Выступ гэтай фармацыі на чале з гітарыстам-віртуозам Аляксандрам Атчанашанкам таксама можна лічыць унікальным, бо "БарЖоМі" лічыцца студыйным праектам і на сцэне паказваецца вельмі рэдка.
Весьці канцэрт "Жывы Тузін" па традыцыі будзе Алег Хаменка. Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў "Тузіна Гітоў" – кампаніі "Будзьма беларусамі".
1 траўня (серада). 19:00. Loft cafе (вул. П. Броўкі, 22).
Кошт: 80 000 руб. Квіток на дзьве асобы – таньней!
Квіткі можна набыць у касах KVITKI.BY і непасрэдна ў клюбе перад канцэртам
Замовіць столік: +375 29 38-000-10
Іншыя пытаньні: + 375 29 687-20-93