О проекте

Дзмітрый Падбярэзскі: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2012 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра "вялікага журы". У музычнай журналістыцы з сярэдзіны 70-х. Друкаваўся ў мностве беларускіх выданняў, аўтар і вядучы шэрагу праграм на тэлебачанні і радыё. Сааўтар кнігі "Толковый словарь терминов популярной музыки" (1994, 1999), аўтар ідэі і складальнік "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" (2008).

На маю думку, той, 2012 год, быў ці ня самы лепшы ды багаты за пяць сэзонаў існаваньня Experty.by. Тое датычыць як колькасьці запамінальных дэбютаў, так і разнастайнасьці прапаноў музыкаў што да стыляў ды жанраў музыкі.

Зацятая "бойка" адбылася паміж, умоўна кажучы, ветэранамі і амбіцыйнымі пачаткоўцамі. І, мне здаецца, першыя ў той "бойцы" збольшага прайгралі. Толькі Вайцюшкевіч ды "Палац" паказалі зубкі, такі пазмагаўшыся за перамогу ў галоўнай намінацыі. А вось моладзь з іх яшчэ пакуль малочнымі музычнымі зубкамі ўгрызлася ў музычны рынак краіны зь імпэтам, годным працягу і ў 2013 годзе.

Прыкметна пашырылася палітра стыляў айчыннай музыкі, заўважна больш стала альбомаў, дзе рэй вядзе інструмэнтальны пачатак. І менавіта ў гэтай галіне маладыя кампазытары дастаткова плённа шукаюць і знаходзяць сваё найперш у катэгорыях зьместу і фармальнай пабудовы ўласных твораў.

Зноў анічым амаль не парадавалі выканаўцы папулярнай песьні. Нават Atlantica выдала альбом, які заўважна саступае папярэдняй праграме групы. У гэтым сэнсе прайграў і "Ляпис Трубецкой", давёўшы, што надзённае, актуальнае ў мастацтве яшчэ не заўсёды гарантуе належны мастацкі ўзровень.

Год 2013 абяцае быць ня менш "сілавым". Ужо маецца новы альбом вакальнай групы "Камерата", вось-вось зьявіцца новая праца Apple Tea. Ужо гэта закладае падмурак для інтрыгі. А калі яшчэ, скажам, Sang Sattawood акрыяе ад высокіх адзнак зробленага ў 2012-м ды адновіць склад? Карацей, будзем слухаць, яшчэ цэлы год наперадзе…

1. Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Ваячак" – слухаць

Той выпадак, калі Зьміцер – такое ўражаньне – вырашыў не сьпяшацца з запісам. І ў выніку дамогся ледзь не ідэальнага балянсу самае мэлёдыкі вершаў з напісанай для іх музыкай. А паколькі вершы Ваячака вельмі розныя, дык і музыка атрымалася адпаведна разнастайная і стылёвая.

2. Sang Sattawood "Tree" – слухаць

Рэдка калі дэбютны альбом групы гэтак моцна ўражвае нейкай грунтоўнасьцю, даросласьцю, уласным, адразу ж пазнавальным гукам і насамрэч арыгінальнай (ня толькі для Беларусі) стылістыкай. Для мяне – найбольш яскравы дэбют за ўсе пяць экспэртных гадоў.

3. Morfe "Ziziaq" – слухаць

Моцнае адчуваньне формы твораў, мэлядычнасьць і жывая рытмічная аснова, якасныя аранжаваньні плюс неслабое выканальніцкае майстэрства – усё гэта й ёсьць Morfe. Заўважыў, што цягам 2012 году было выдадзена шмат добрых альбомаў з інструмэнтальнай музыкай.

4. Дахабраха & Port Mone "Хмелева Project" – слухаць

І ўсё ж маецца ў народнай музыцы нейкая магія, зь якой нічога ня здольныя зрабіць стагоддзі! Незьнішчальна гэта, асабліва калі за выкананьне заснаванай на фальклёры музыкі бяруцца людзі і таленавітыя, і неабыякавыя, і не абы якія. Што маецца ў гэтым выпадку.

5. Irdorath "Ad Astra" – слухаць

Яшчэ адзін даволі новы для нашых рэаліяў калектыў з выразным музычным ды сцэнічным абліччам. Цалкам магчыма, што ягоным удзельнікам яшчэ ёсьць куды развівацца ў сэнсе формы твораў, мацаваць рэпэртуар. Таму такая мая адзнака, відаць, – гэта пакуль пэўны аванс для калектыву, які неабходна слухаць найперш жыўцом.

6. Shaman Jungle "Sky Bathyscaph" – слухаць

Група Irdorath у маім топе стала на прыступку вышэй за Shaman Jungle толькі з тае простае прычыны, што апошніх слухаць і бачыць жыўцом яшчэ не давялося. Хоць, прызнацца, у кампазыцыйных адносінах апошняя выглядае мацней. Калі хочаце – больш сьпела. Працуючы на ўсё ж розныя аўдыторыі, гэтыя калектывы тым ня менш узмацняюць заўважную тэндэнцыю ў маладых музыкаў шукаць і знаходзіць арыгінальную стылістыку выказваньня.

7. Яўген Канавалаў "Hobby" – слухаць

Выдатны прыклад для маладых музыкаў, наперш – гітарыстаў, якія, здараецца, скардзяцца на нізкі ўзровень гукарэжысуры і шмат якія іншыя моманты, якія быццам замінаюць ім выказацца напоўніцу. А тут, прабачце, маем выдатную, не мітусьлівую, майстэрскую школу ад творцы, якому нішто не замінала зрабіцца сапраўдным Майстрам. Жэня працаваў ціха, непрыкметна, не імкнучыся авалодаць усім сьветам. Дамогся куды большага: авалодаў сэрцамі людзей...

8. Yellow Brick Road "Futuremental" – слухаць

Надзвычай упэўненая, прафесыйная праца! Адчувальна, што ўдзельнікі калектыву не ставілі перад сабой мэту выдаць чарговы альбом. Проста гэты альбом успрымаецца як чарговы крок на шляху іх сьвядомай, мэтанакіраванай працы людзей, для якіх музыка – ня баўленьне часу, а ледзь не галоўны занятак у жыцьці. А з такім падыходам да таго, што робіцца, ня сорам будзе паказацца ці не на любой сцэне.

9. Серебряная свадьба "Laterna Magica" – слухаць

Гэты альбом робіць уражаньне найперш дзякуючы таму, што музычны складнік зьмешчаных у ім песень набыў яўную самастойнасьць, якая дазваляе сьмела разглядаць іх ужо ў адрыве ад такога раней неабходнага чыньніка, як сцэнычны паказ. Пры гэтым новыя песьні ня страцілі ўласьцівай Сьвятлане Бень шчырасьці, кранальнасьці пры ўсёй "фрыкавасьці” менавіта сцэнічнага аблічча калектыву. Ілюстрацыі зрабіліся арыгінальнымі карцінамі.

10. Палац "Кола грукатала" – слухаць

У далёкія часы новы альбом "Песьняроў" чакаўся з нецярпеньнем пачуць нешта прынцыпова новае. Сказаць тое ж пра "Палац" няпроста: усё ж цяпер ня тыя бурлівыя 70-я ды 80-я. "Палац" упэўнена стаіць на традыцыях, у тым ліку і на ўласных і да прынцыповага наватарства не імкнецца. Але па-добраму зачапілі найперш не раней вядомыя творы, а арыгінальныя песьні, якія па стылістыцы аніяк не выпадаюць з агульнага кантэксту, а, наадварот, дапаўняюць музычны партрэт калектыву.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

свежие рецензии

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 300 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net