23 лютага ў клубе Рэактар усё ж адбылася чарговая, юбілейная "Рок-Каранацыя". Гэтым разам яна праходзіла ў форме гала-канцэрту, дзе выступалі галоўныя пераможцы папярэдніх каранацый. Сімвалічны конкурс вёўся толькі па двух намінацыях: лепшы альбом ды лепшы гурт, але не года, а ўсяго часу існавання ўзнагароды. Адкрываў мерапрыемства гурт Drum Ecstasy, прычым з віншаваннямі ўсім мужчынам.
Drum Ecstasy: "Хацелася б павіншаваць усіх са святам, але толькі сапраўдных мужчын, якія схадзілі ў войска, а не такіх як... мы... А гэтая песня ў нас для дзяўчат".
Што цікава, Drum Ecstasy ніколі не намінаваўся нават на малыя кароны, але ўжо не раз станавіўся сапраўдным упрыгожаннем шматлікіх рок-фестываляў. Тры бубначы ды басіст далі сапраўды моцны энергетычны зарад, і ўжо з першых акордаў наведвальнікі пачалі скакаць пад сцэнай. Вялі сёлетнюю "Рок-Каранацыю" Аляксандр Памідораў ды Іна Кашырына, якія, зрабіўшы невялікі экскурс у гісторыю ўзнагароды, распачалі марафон рок-каралёў краіны.
Аляксандр Памідораў: "Давайце будзем спрабаваць прыдумаць такую машыну часу і вернемся на 15 гадоў назад, калі яшчэ ніхто не мог сказаць, што гэты 1994-ы год вось так дасца нам у знакі. На гэтую сцэну трэба запрасіць першых рок-каралёў Беларусі па выніках 1994-га года – наша мама гурт "Крама".
"Крама" адыграла толькі тры, але старыя і сапраўдныя хіты. Амаль не было людзей, якія б не спявалі разам з Ігарам Варашкевічам хоць бы прыпевы, і лідар "Крамы" гэтым увесь час карыстаўся паварочваючы мікрафон у залу.
У 1995 годзе рок-каралямі сталі Rouble Zone, але музыкі не здолелі прыехаць, і замест іх выступіў гурт Kriwi, у складзе якога ў 1998-м і 1999-м гадах Вераніка Круглова станавілася рок-князёўнай. Але спачатку на сцэну запрасілі ўсіх прысутных князёўнаў і падарылі ім па невялічкаму букету руж.
Рок-князёўна Руся і адзін з пачынальнікаў Рок-Каранацыі Юры Цыбін
Што ж тычыцца Kriwi, то калектыў відавочна рухаецца наперад, нягледзячы на тое, што Вераніка жыве ў Берліне. Але гэты факт, плюс сапраўды прафесійныя музыкі дадалі калектыву з аднаго боку еўрапейскага, а з іншага – псіхадэлічнага паганскага гучання.
Пасля на сцэне з’явіўся адзін з заснавальнікаў Kriwi Зміцер Вайцюшкевіч, які пад акустыку выканаў некалькі са сваіх шматлікіх песень. Свой выступ ён пачаў кампазіцыяй на верш Уладзіміра Караткевіча "Беларуская песня" і трыма выкрыкамі ШОС! Дарэчы ШОС-ы суправаджалі ўвесь выступ музыкі, а некаторыя людзі пад сцэнай нават плакалі. Апошнім нумарам Вайцюшкевіч заспяваў загалоўную песню праекта "Я нарадзіўся тут", але для пачатку распавёў гісторыю яе стварэння.
Зміцер Вайцюшкевіч: "Напісаў песню Лявон Вольскі, а пачыналася ўсё на рэпетыцыі ці N.R.M., ці супольнага музычнага праекта. Я граў на барабанах і спяваў: "А як мяне закалупала жыць у гэтай краіне, а лепш куды-небудзь з'ехаць, усё надакучыла. Тут мы пераглянуліся і нарадзілася новая песня".
Нягледзячы на без таго моцны і актуальны тэкст песні, Зміцер і тут не стрымаўся ды нагадаў пра пецярбургскія карані Францішка Скарыны.
Напэўна, самым чаканым на сёлетняй "Рок-Каранацыі" быў выступ гурта N.R.M., які з'явіўся ў, так бы мовіць, абноўленым складзе – без свайго фронтмэна Лявона Вольскага. Асноўныя вакальныя партыі цяпер выконваў Піт Паўлаў, праўда, падпявалі і астатнія ўдзельнікі калектыву.
Адну з новых песень музыкі прысвяцілі "АвтоРадио", а Ірына Львова, супрацоўніца закрытага радыё, выступіла ў ролі вакалісткі.
Новыя песні людзі праслухалі амаль без рухаў – гэта быў шок ці прыхільнікі прыслухоўваліся да новага матэрыялу, сказаць складана, але з першымі акордамі "Песні пра каханне" народ зноў пачаў скакаць.
А вось за кулісамі новае гучанне N.R.M. каментавалі ў асноўным не лепшымі словамі. Хіба толькі рок-князёўна Кася Камоцкая адна з нешматлікіх прадстаўніц беларускай рок-тусоўкі, якая ацаніла такі крок энэрэмаўцаў.
Кася Камоцкая: "Я прыйшла да высновы, што людзям усё роўна, ёсць Лявон, ці няма Лявона. Гэта, з аднаго боку, сумна, а з іншага, азначае, што быў гурт N.R.M. і ёсць гурт N.R.M., а не проста Лявон Вольскі і Ко".
Праўда, усе меркаванні сыходзіліся на тым, што гурту ўсё ж бракуе моцнага вакалу. На што Піт Паўлаў прызнаўся, што зараз N.R.M. плануе шукаць новага фронтмэна.
Піт Паўлаў: "Мы паедзем зараз у тур па Беларусі і там будзе праводзіцца конкурс вакалістаў. Хай вывучаць некалькі самых папулярных песень, і мы дамо ім магчымасць праспяваць іх разам з намі са сцэны. Гэта цяжка уявіць, але калі будзе аж так добра, што немагчыма будзе адмовіць, то нешта з гэтага атрымаецца".
Адразу пасля выступу N.R.M. на сцэну падняліся адны з пачынальнікаў беларускага року, гурт, які ўжо ў 1983-м годзе быў забаронены і сілком расфармаваны.
Падарунак "Сузор'ю" ад беларускіх мастакоў
Цалкам магчыма, што "Сузор'е" ўз'яднаецца і запіша новы альбом, бо музыкам паступаюць такія прапановы.
Але як бы не ўспрымала публіка "Сузор'е", як бы не галасавала за лепшы калектыў пятнаццацігоддзя, усё роўна сапраўдным выбухам юбілейнай "Рок-Каранацыі" стаў выступ гурта Neuro Dubel. Нават сталыя людзі ў касцюмах не вытрымалі і пацягнуліся да сцэны, ускідваючы "казу" ў такт музыцы.
Пасля выступу лідар "Дзюбялёў" Аляксандр Кулінковіч прызнаўся, што незалежна ад падзеяў, самай лепшай, на яго думку, з'яўляецца "Рок-Каранацыя" 1998 года.
Аляксандр Кулінковіч: "Лепшая – калі я атрымаў першую карону, мой гурт. Яна была чаканая. Ведаеш, як дзяўчына чакае, што яе хлопец прапануе ёй руку і сэрца. Яна чакае і ведае, што ён мусіць прапанаваць у бліжэйшы час. А калі ён прапануе, яна усплёсквае рукамі, і збольшага шчыра ахае. Вось і ў мяне быў такі "ах", нібыта чакана, але, тым не менш".
Зусім нечакана пасля выступу Neuro Dubel на сцэну паднялася Кася Камоцкая, а Аляксандр Памідораў выйшаў з гітарай. Выступ рок-князёўны не планаваўся, нават больш за тое, першапачаткова яна не хацела выступаць. Але ў пэўны час Кася вырашыла, што проста мусіць выканаць песню "Мая Краіна".
Кася Камоцкая: "Прыйшоўшы, я ўбачыла людзей і зразумела, што зараз трэба выкарыстоўваць любую магчымасць, каб падтрымаць людзей і выказаць сваю пазіцыю. Таму ў большай ступені гэта не музычны выступ, а грамадзянскі".
Разам з гуртом "Палац" агульны драйв пайшоў на спад. Не тое, каб "Палац" не запальваў, тым больш, што выконваў свае найлепшыя хіты, але знікла пэўная экспрэсія і прысутныя сталі больш ціхімі.
А вось гурт "Без Билета" відавочна апынуўся лішнім, нават здзівіла, якім чынам ён мог стаць галоўным каралём па выніках 2009 года. Пасля першай песні Віталь Артыст сам прызнаўся, што слаба ўяўляе сябе ў ролі рокера. А з залы паляцелі выкрыкі кшталту "сыходзьце", толькі ў больш нецэнзурнай форме.
У пэўны момант фронтмэн "Без Билета" паспрабаваў даведацца, ці ёсць у зале людзі з адукацыяй вышэй сярэдне-спецыяльнай, але перадумаў і дайграў сэт, не звяртаючы ўвагі на крыкі.
Надышоў час называць лепшых за 15 гадоў. Нагадаю, што выбіралі сярод гуртоў і альбомаў пераможцаў усіх папярэдніх каранацый. І ў двух сімвалічных намінацыях перамаглі гурт N.R.M. і "Тры чарапахі", абышоўшы гурты Neuro Dubel і "Ляпис Трубецкой" ды дыскі "Манифест" і "Народны альбом".
Не адмаўляючы старой традыцыі, закрылі "Рок-Каранацыю-2010" хіты ў выкананні цяпер ужо трох энэрэмаўцаў.