Лідэр N.R.M. і "Крамбамбулі" ў апошнія гады ўшчыльную заняўся навагоднімі тэлешоў. У дзень прэзэнтацыі праекту-дуплету "Такога няма нідзе" і новага тэлеспэктаклю "Аднойчы ў Барахляндыі" Лявон Вольскі даў інтэрвію "ТГ" і распавёў, чаму ён вырашыў ахвяраваць Морысанам і Джоплін, ці спраўдзілі яго чаканьні запрошаныя зоркі і калі ён возьмеца за напісаньне новых бескампрамісных рок-гітоў.
ТГ: Чаго няма ў праекце "Такога няма нідзе"?
– Няма найперш высокага бюджэту, якога хацелася бы. Няма арыгінальнасці. Гэта нават ня постмадэрн, гэта стылізацыя пад канкрэтныя ўзоры музыкі таго часу. Няма песень, якіх шмат каму хацелася – тыпу Doors ці Джэніс Джоплін.
ТГ: Дык праект жа прысьвечаны 60-м, чаму ахвяравалі такімі знакавымі пэрсонамі?
– Праект задумваўся, як навагодні і хацелася даць абсалютна пазытыўную лінію для сямейнага прагляду і праслухоўваньня. Таму арыентаваліся найперш на поп-стандарты пачатку 60-х.
ТГ: Ці спраўдзілі надзеі ўсе запрошаныя выканаўцы?
– Хто як, хтосьці зь іх мог бы і лепей, але глябальных расчараваньняў не было. Такія праекты робяцца гадамі, а мы зрабілі яго за два месяцы. З шэрагам выканаўцаў мы нават знаёмымі не былі дагэтуль. Хтосьці падыходзіў экстрэр’ерна, зь некаторымі мы рэалізаваліся напоўніцу ў новым праекце "Аднойчы ў Барахляндыі".
ТГ: Ці пісалі вы песьні адмыслова пад выканаўцу?
– Спачатку проста ствараліся песьні. І няхай хто-ніхто кажа пра штучнасьць, але пісаліся яны з натхненьнем. Калі песьні былі гатовыя, тады ўжо думалі каму прапанаваць. Але ня ўсе прымалі тую ці іншую кампазыцыю. Віталь Артыст вось у мяккай форме адмовіўся ад традыцыйнага рок-н-ролу "Не пасьпяваю", сказаў, што не ягоны фармат і хочацца больш рамантычнага.
ТГ: Як адчуваеце, ці могуць прыжыцца гэтыя песьні з навагодніх праектаў у вашым рэпэртуары ды ў рэпэртуары тых жа выканаўцаў?
– У выканаўцаў наўрад ці. Чужародна будзе гучаць у "Палаца" ці ў "Клёндайку" песьня пры рыкшу. А з "Крамбамбуляй" мы на розных карпаратывах выконваем ужо "Такога няма нідзе". Ідзе вельмі добра.
ТГ: Ці плянуеце зрабіць лягічны працяг "Такога няма нідзе" ды зьдзейсьніць вандроўку ў 70-я, 80-я?
– Не, пакуль нічога такога не задумваецца. Затое ў красавіку зробім вечарыну ў стылі 60-х, дзе зайграем усе гэтыя песьні і нешта з The Beatles, Rolling Stones, Боба Дылана.
ТГ: Апошні навагодні праект "Аднойчы ў Барахляндыі" вы вырашылі зрабіць толькі ў выглядзе DVD. Чаму?
– "Аднойчы ў Барахляндыі" можна назваць тэлевізійным спэктаклем, які рабіўся для навагодняга этэру тэлеканалу "Белсат". І песьні пісаліся адмыслова для яго пэрсанажаў для Караля, Нячысьцікаў ды іншых дзеючых асобаў. Там усяго сем твораў. На самастойны музычны дыск гэта папросту ня цягне.
ТГ: А што вы можаце сказаць тым, хто чакае ад вас не стылізацыяў і песень для карпаратываў, а ўласных бескампрамісных рокавых гітоў?
– Працуем, працуем над гэтым (сьмяецца). Гэтыя праекты – не асноўны кірунак маёй дзейнасьці. Так склалася, што выйшлі адначасова два навагоднія праекты. Лічу, што такога ад мяне ніхто не чакаў, але цяпер шмат хто ўпарта зьневажае. Мне гэта прыемна, бо я выйшаў зь ценю і напаткаў піяр. Няхай і адмоўны, але піяр.
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"
Фота: Юра Сідун, Generation.by
Комментарии
Класіка жанру
Я выйшаў з ценю.
Быў моцны мароз.