На "Рок-каранацыі" Піт, Алезіс і Юрась заспяваюць і новыя, і старыя песні гурта адразу ўтрох – але без Лявона, для якога гэта стала "непрыемнай" і "балючай" нечаканасцю.
"Я нічога пра гэта не ведаў... Я таксама прачытаў гэта сёння на сайце адной газеты, – распавёў Еўрарадыё вакаліст і аўтар большасці песень N.R.M. – Для мяне гэта непрыемная нечаканасць. Загадка!"
Падчас размовы з журналістамі "Еўрарадыё" Лявон быў відавочна засмучаны. "Усім балюча, – сказаў ён. – Але сітуацыю я пакуль што каментаваць не магу, бо ні з кім не звязваўся".
Гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў пацвердзіў: гурт сапраўды выступіць на "Рок-каранацыі" без свайго франтмэна: "Лявон, як ён шматразова казаў, узяў творчую паўзу і пайшоў у творчы неаплочваемы адпачынак", – сказаў музыка.
Што ж адбылося ў гурце?
"Лявону немагчыма нічога было сказаць, – працягнуў Піт Паўлаў. – Цягам года ён пазбягаў канткатаў з гуртом у прынцыпе, не хадзіў на рэпетцыці, адмаўляў усе канцэрты, якія прапаноўвалі гурту. А гурт не прызвычаены сядзець без рэпетыцыяў і без канцэртаў".
Па словах Піта Паўлава, калі б удзел N.R.M. у "Рок-каранацыі" вырашаўся разам з Вольскім, гледачы не ўбачылі б гурт увогуле. Маўляў, адзіная магчымасць выступіць на гэтым канцэрце была – зрабіць так, як гэта вырашылі паміж сабой астатнія музыкі.
"Насамрэч, я даўно ні з кім не сустракаўся і не размаўляў. Але, я яшчэ раз паўтаруся: я не хацеў бы нічога каментаваць, бо зусім не валодаю інфармацыяй", – кажа Лявон Вольскі.
"Яўнага франтмэна ў N.R.M. ніколі не было, і зараз не будзе, – распавёў Піт Паўлаў пра тое, як гурт мяркуе выступаць на "Рок-каранацыі". – Мы будзем спяваць усе ўтрох".
18 лютага музыкі выйдуць да гледачоў з новымі песнямі. Па словах Піта Паўлава, акрамя сталых "энэрэмаўцаў", да іх стварэння спрычыніўся яго сябра Глеб Галушка. Новыя песні паступова складаюцца ў альбом, які зараз знаходзіцца "у стане запісу".
"Лявон не звольнены з калектыву, – запэўніў Еўрарадыё Піт Паўлаў. – Ён пайшоў у творчы адпачынак сам, па сваёй ініцыятыве. Але калі адзін з удзельнікаў гурта прымае ў аднабаковым парадку рашэнне, якое ставіць гурт у двухсэнсоўнае становішча, ён можа чакаць, што гурт таксама паставіць яго ў двухсэнсоўнае становішча".
Пры канцы размовы сп. Паўлаў нагадаў, што права выступаць пад назвай N.R.M. маюць усе ўдзельнікі гурта. Таму, нават калі Лявон Вольскі вырашыць канчаткова сыйсці з калектыву, ён працягне сваё існаванне.
P.S.: Заява Лявона Вольскага
Шаноўныя сябры!
Я вымушаны зьвярнуцца да Вас з гэтым лістом, каб не камэнтаваць потым кожнаму тое, што пракамэнтаваць немажліва. Прынамсі, для мяне і зараз. Бо зараз вельмі цяжка. Цяжка на душы. Найперш цяжка ад таго, што адбываецца ў краіне.
А таксама цяжка з прэсы даведвацца пра тое, што я знаходжуся ў бестэрміновым адпачыну, куды мяне адправілі калегі па гурту. Даруйце, прашу Вас, ім гэты крок у гэты час. Даруйце мне, што гэткая сытуацыя сталася мажлівай.
Безумоўна, для ўсяго гэтага былі нейкія перадумовы, але папярэдне не патэлефанаваць і не параіцца – гэта неяк зусім не па-чалавечы.
І яшчэ раз прашу Вас: даруйце ўсім нам, датычных да гэтае абсурдовае падзеі, што яна адбылася.
Тэкст: Зміцер Лукашук, Ілля Маліноўскі, Павел Свярдлоў, "Еўрарадыё"
Комментарии
Золотой вы человек, Леонид,
Золотой вы человек, Леонид, всё о стране думаете.