26 верасня ў Полацку адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім музыкам, гітарыстам гурта N.R.M., арганізатарам адзінага ў Беларусі інтэрнет-open-air фэста "Жывы гук online" Пітам Паўлавым. Пасля выступу Піт Паўлаў распавёў аб сваіх творчых планах, новых песнях N.R.M. і ўражанні ад полацкай публікі.
У акустычным варыянце слухачам быў прадстаўлены цэлы пласт шматбаковай дзейнасці музыкі: ад "За туманам" ("Крыві") да новых тэмаў з будучага альбома N.R.M.. Прагучалі перакладзеныя Пітам на беларускую мову класічныя тэмы гурта Metallica "Nothing Else Matters" ("Сродак і мэта") і Red Hot Chilly Peppers "Californication" ("Беларусізацыя").
– N.R.M., Garadzkija, Pete Paff, супольныя творчыя праекты, "Жывы гук online" – вось няпоўны спіс праектаў, у якіх вы удзельнічаеце і якія вы арганізоўваеце. Што з іх для вас найбліжэй?
– Зараз ролі размеркаваліся наступным чынам. На мяне пераклалася даволі вялікая адказнасць за N.R.M. (заўседы N.R.M. быў галоўным ва ўсім гэтым спісе). Pete Paff адсунуты зусім на перыферыю маёй свядомасці. Вельмі ў добрай форме падтрымліваюцца Garadzkija. Шмат граюць. Больш чым N.R.M., як гэта не дзіўна. Таксама я займаюся прадзюсарскай дзейнасцю – фестываль "Жывы гук online" і ўсё з ім звязанае: фільм, кліпы і гэтак далей. Вось гэтыя тры рэчы займаюць амаль усю ўвагу. Пры гэтым, калі запрашаюць, я ўдзельнічаю яшчэ ў дадатковых праектах.
– Чым вы займаецеся зараз?
– Ужо больш за год запісваю альбом, прысвечаны творчасці Сяргея Пясецкага, трэкі з якога я сёння выконваў і пра якога пакуль што амаль ніхто нічога не ведае. Вельмі цікавая асоба. Яго часамі пазіцыянуюць, як беларускага Джэймса Бонда, але ў адрозненне ад ангельскага літаратурнага персанажа Сяргей Пясецкі сапраўды існаваў. Кантрабандыст, выведчык, гераічны чалавек, бандзюган у некаторыя моманты, які потым усё гэта ў сабе пераплавіў і стаў высокакультурным чалавекам.
Спадзяюся, што першым каменьчыкам будзе мой альбом, а ўжо другім будзе фільм, да якога напісана гэтая музыка. Калі з’явіцца цікавы мастацкі фільм, прыгодніцкі, авантурны, з нармальным бюджэтам (не галівудскім, а хаця б еўрапейскім), я ўпэўнены, што людзі зацікавяцца лёсам Пясецкага.
Лічу, што такі фільм трэба здымаць на базе "Беларусьфільма" з выкарыстаннем беларускіх аператараў, беларускіх акцёраў, беларускіх краявідаў, але каб рабілі гэта людзі, у якіх ёсць досвед паспяховых фільмаў. Хутчэй за ўсё, гэта магла бы быць польская, а лепей ангельская каманда.
– Вы неаднойчы казалі ў інтэрв’ю, што выдаваць зараз паўнавартасны альбом не мае сэнсу. Лепш пісаць сінгл, рабіць на яго кліп і рухацца далей…
– Я сапраўды так лічу, але з N.R.M. мы маем унікальную сітуацыю, калі патрэбен новы альбом і ён будзе напісаны. З Пясецкім таксама будзе альбом. Гэта будзе саўндтрэк да фільма аб лёсе і творчасці Сяргея Пясецкага. З усім астатнім я планую працаваць сінгламі.
– Сёння прагучала некалькі новых рэчаў гурта N.R.M.. Ці чакае полацкіх аматараў творчасці "Незалежнай Рэспублікі Мроя" паўнавартасны выступ гурта?
– Я выканаў сёння тры песні з новага альбома. Палачане першымі пачулі іх у такім выглядзе (гук N.R.M. цалкам электрычны і акустычных версій гэтых песень не існуе). Спадзяюся, што атрымаецца прывезці сюды электрычную версію, але калі гэта будзе… Як вы памятаеце з гісторыі N.R.M., гурт грае ў Полацку не проста рэдка, а звышрэдка. У Віцебскай вобласці мы хутчэй даязджам да Віцебску, у Наваполацку можам сыграць нечакана. Каб N.R.M. з’явіўся ў Полацку, патрэбны збег шэрагу абставінаў.
– У адной з новых песень прагучалі словы "хрусь і папалам", якія сустракаліся і раней у творчасці N.R.M.…
– Гэтыя словы належаць пяру Міхаіла Булгакава – аднаго з маіх любімых аўтараў. Дзякуючы яму нарадзілася мізансцэнка "Але лёс склаўся так, што хрусь і папалам", якая прагучала ў альбоме "Тры чарапахі". Менавіта гэтую фразу выдумаў я, а выконваюць мізансценку Лявон Вольскі і Алезiс Дземiдовiч такім мяккім голасам, як размаўляюць па-беларуску эмігранты. Гэта класная фраза, і ў мяне з’явілася думка выкарастаць яе ў песні. Так і атрымалася "Лес склаўся так, што хрусь – і папалам".
– Сёння мы пачулі кампазіцыі "Сродак і мэта" і "Беларусізацыя". Якія творы іншых сусветнавядомых гуртоў вы пераклалі ці мяркуеце перакласці?
– Я вельмі грунтоўна ўдзельнічаў у трыб’юце гурту Depeche Mode – "Personal Depeche", і там перакладаў дзве песні: "I Feel You" ("Адчуваю") і "Freelove" ("Толькі каханне"). Спрабую яшчэ штосьці перакладаць, але хутчэй у мяне атрымоўваецца перапрацоўка ў беларускамоўныя тэксты для творчасці N.R.M. ці "Гарадзкіх". Я ніколі не ставіў мэты зрабіць шмат кавераў. Была ідэя зрабіць альбом, які складаўся б з пяці беларускіх песень і пяці перакладных, каб яны гучалі ўстык. Зрабіць кавер, напрыклад, на "Песняроў" – на Сцінга, на Metallica – на N.R.M, на Red Hot Chili Peppers – на "Краму". Такая праца ўжо зроблена (дарэчы, нават на народных беларускіх інструментах). Адзінае, што гэта не аформлена ў альбом. І пакуль я не ведаю, ці будзе ўрэшце гэта зроблена.
– Вашы уражанні ад полацкай публікі?
– Класная публіка, цёплы прыем. Ведаюць творчасць. Прычым ведаюць літаральна настолькі, насколькі і мусяць ведаць: добра N.R.M., значна горай "Крыві", Garadzkija і зусім слаба – Pete Paff. Уласную маю творчасць ведаюць толькі знаўцы, тыя, хто сапраўды цікавіцца. І гэта такое веданне, як і трэба. Яно лёгка дазваляе сабраць вялікую залю, але не дазваляе расслабіцца і нічога не рабіць.
Тэкст і фота: Міцяй, Ximik.info