Мінскі фольк-панк-гурт "Кашлаты вох" прэзентаваў у Інтэрнэце дэбютны паўнафарматны альбом "Пазаўчора" – вынік трохгадовай студыйнай працы.
– Альбом пачалі запісваць увосень 2010 года. Але студыя, з якой мы супрацоўнічалі, на пэўны час "дала дуба", – распавядаюць музыкі. – У выніку вырашылі пісацца ў гукарэжысёра Ігара Плевіна на студыі ОСМОС, бо мелі ўжо добры досвед, калі запісалі там кавер для трыб’юта Neuro Dubel увесну 2010 года. Дайшлі да студыі адразу пасля "Басоў" у 2011 годзе. Былі п’яныя і вясёлыя, радаваліся, што зараз за тыдзень-два ўсё запішам і станем тлустымі, багатымі і знакамітымі.
Але спадзяванні не спраўдзіліся, і ў пошуках добрага гучання музыкі шматкроць перапісвалі свае партыі. Такім чынам, праца над альбомам зацягнулася на некалькі гадоў.
– Мы імкнуліся стварыць злобны гук у сваім разуменні, накладвалі дублі на розных прымочках, дапісвалі бэк-партыі, дурэлі, як толькі маглі. Бо раз альбом студыйны, дык хай ужо на ім будзе эфект панк-аркестра, – распавядае адзін з вакалістаў і дудароў гурта Васіль Саковіч. – Дуду перапісвалі толькі аднойчы. Затое з голасам было сапраўднае катаванне: сарваныя глоткі, выпітыя галоны кефіра і ражанкі, надарваныя ад смеху жываты і пагрызеныя пазногці.
У альбом увайшлі 10 трэкаў, якія добра вядомы слухачам гурта "Кашлаты вох". Сярод іх песні "13" і "Машыны", якія для альбома былі перапісаны, па словах музыкаў, "з асаблівым цынізмам".
– Агульнай ідэі ў альбоме няма, бо падчас яго запісу ў нашых мазгах адбываліся змены гэтых самых ідэй. Некаторыя рэчы былі зробленыя, калі мы яшчэ толькі пакінулі акустыку і перайшлі да "цяжкога" варыянту, – кажа іншы вакаліст і дудар Вячка Красулін. – Новыя рэчы, такія, як "Заход", – гэта ўжо іншы шлях. Гэтая песня – своеасаблівы мост у будучыню.
Музыкі адзначаюць, што захавалі пераважна фолькавае гучанне альбому, каб вытрымаць яго ў адным стылі. Але ўжо зараз хапае матэрыялу на больш "сацыяльныя" тэмы, які гурт пакіне да наступных запісаў.
– Пачыналі мы яшчэ ў 2007 годзе з фальклорнага матэрыялу, але спецыяльна надавалі яму агрэсіі, панкушнасці. Рэпетавалі то на вуліцы, то дома, час ад часу выступалі на ўсялякіх тэматычных канцэртах і рыцарскіх фэстах, – распавядае Васіль Саковіч. – Праз год, так сталася, мы прыпынілі сваю творчасць, а потым сабраліся ўжо іншым складам. І ў галаве панаваў ужо іншы вецер. Вырашылі граць фольк-панк у больш-менш класічным разуменні. А назву пакінулі. Добрая назва. Выдатная.
Зараз гурт выйшаў у фінал беларускага адбору на фестываль "Emergenza", які пройдзе ў траўні. Прыкладна ў гэты ж час адбудзецца канцэртная прэзентацыя альбома. Спецыяльна да канцэрту гурт плануе зрабіць наклад дыскаў альбому "Пазаўчора".
Скачать альбом можно на сайте Ultra-Music
Текст: Вячеслав Радионов, Ultra-Music
Комментарии
Что-то есть хорошее в этой
Что-то есть хорошее в этой работе. Но чего-то не хватает.
"Пазаўчора" - вельмі файны
"Пазаўчора" - вельмі файны інструментал. Здалося, што мінорныя, драматычныя тэмы ў гурта выходзяць лепей за мажорныя
ВОХ!
Да гэтуль чуў толькі кавер Нейрадзюбеля "Машыны" - спадабалася! Ну, увогуле, альбом спадабаўся сваім нязвыклым для мяне гучаннем - спалучэнне панку и фолку, ды так гарманична, як касцюм на ярмошынай :) Праўда, чамусці, успомніўся Благі Мат і Сектор Газа.
Сектор - па песні "Брат сястру хоча забіці", пэўна, з-за мілагучнага жаночага вакалу.
А яшчэ нейкая асацыяцыя па тэкстах узнікла з КІШом, але КІШ - апапсеў і адыйшоў неяк неспадзявана, а Вох - даволі свежы па гучанню і па гарманічнасці.
Слухаецца лёгка і запамінаецца так сама.