О проекте

"Песняры" выдалі вытанчаную "Шчаслівасць"

 

11 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску прэзентавалі новы альбом беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", паведамляе БелаПАН. Паводле слоў мастацкага кіраўніка "Песняроў" Вячаслава Шарапава, выхад дыска – гэта і даніна заснавальніку ансамбля Уладзіміру Мулявіну, 70-гадовы юбілей якога адзначаецца 12 студзеня.

"Гучаць папрокі, што мы занадта блізка прытрымліваемся стылістыкі Мулявіна і "Песняроў" першага пакалення, – гаворыць Шарапаў. – Хутчэй, гэта нават камплімент для нас. Мы не лічым, што тут трэба штосьці кардынальна мяняць – гэты стыль дагэтуль запатрабаваны. А эксперыменты няхай будуць у межах гэтай стылістыкі, "Песняры" павінны заўсёды заставацца "Песнярамі".

Паводле слоў мастацкага кіраўніка калектыву, у пачатку XXI стагоддзя ён шмат абмяркоўваў з Мулявіным, у якім кірунку "Песнярам" рухацца далей. "Мы тады былі на нейкім раздарожжы, – успамінае Шарапаў. – Да нас прыйшла лавіна музыкі з Захаду, тое, што раней шукалі, перапісвалі адзін у аднаго, стала даступным. Мы сышліся з Уладзімірам Георгіевічам на тым, што час эксперыментаў, напэўна, скончыўся. На мой погляд, ён павінен быў скончыцца яшчэ ў сярэдзіне 1980-х гадоў, калі "Песняры" набылі не толькі ўласнае гучанне, але і свой стыль. Гэта быў прызнаны ў свеце гурт са сваёй формулай поспеху. Так што сёння, мы лічым, нічога мяняць не трэба. У разнастайнасці музыкі, якая цяпер існуе, трэба заставацца ў межах свайго стылю, зразумела, не цураючыся нейкіх эксперыментаў. Але межы стылю – гэта святое".

Альбом "Шчаслівасць" напісаны музыкантамі на вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

"Мы ведаем, што на працягу існавання славутага калектыву, – адзначыла дырэктар музея Алена Мацевасян, – яны шмат разоў звярталіся да творчасці Купалы, якая ў дзейнасці ансамбля з'яўляецца стрыжнёвай. Мы ўсе памятаем і "Песню пра долю", і дзве купалаўскія праграмы, не кажучы пра асобныя песні, якія стварыў Уладзімір Мулявін. Гэтыя творы выконваліся больш чым у 50 краінах свету".

"Выпуск альбома – гэта для нас як нараджэнне дзіцяці", – заўважыў мастацкі кіраўнік "Песняроў" Вячаслаў Шарапаў.

"А ў сем'ях "Песняроў", між іншым, за апошнія восем гадоў нарадзілася каля дзясятка малышоў, – усміхаючыся, нагадаў ён. – Пагадзіцеся, гэта і хвалююча, і прыемна. Так і з новым альбомам. Два гады мы пісалі музыку, рабілі аранжыроўкі, запісвалі матэрыял у студыі. Засталося крыху дапрацаваць дызайн, зрабіць у Маскве мастарынг, і альбом поўнасцю гатовы да выдання".

Шарапаў падкрэсліў: "Ёсць такое паняцце – папса, і сёння, на жаль, на яе зарыентаваныя большасць музыкантаў і выканаўцаў. Сваю ролю, сваю функцыю мы бачым у тым, каб паспрабаваць трохі скарэктаваць гэты працэс шляхам выпуску такога матэрыялу, які папсой назваць нельга".

Паводле слоў Шарапава, ён і яго калегі-музыканты не разлічваюць на які-небудзь камерцыйны поспех новага альбома. "Сёння нямала людзей жадаюць слухаць менавіта такую музыку, – перакананы Вячаслаў, – крыху больш складаную, больш вытанчаную, чым абыходкавыя тры акорды. Такіх людзей сярод меламанаў, магчыма, працэнтаў сорак, але яны маюць права на тое, каб у іх калекцыі былі такія музычныя матэрыялы".

P.S. Experty.by: Дыскі з'явяцца праз некалькі тыдняў.

Тэкст: Naviny.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net