О проекте

Руся: "Пачуўшы Shuma, людзі адчуваюць гонар за мову і за краіну"

 

Сьпявачка Руся распавяла, чаму яе новы праект Shuma ледзь не згарнуўся, чаму ня бачыць сэнсу ў напісаньні аўтарскіх твораў і прызналася, што менавіта бянтэжыць у рэакцыі слухачоў на яе сьпевы. "Людзі на вуліцы падыходзілі да мяне, дзякавалі… Бывае, што пішуць, што, пачуўшы Shuma, нехта адчуў гонар за мову і за краіну. Праўда, мяне бянтэжыць, калі ў клюбах кажуць „дзякуй, што сьпяваеце на вымерлай мове“. Прыкра, але гэта факт".

Увосень Руся з аптымізмам распавядала пра свой новы праект Shuma, які быў пакліканы ўвесьці аўтэнтычныя беларускія сьпевы ў кантэкст менскай клюбнай культуры. Яна радавалася, што гіпстэры з "Малака" ўпадабалі яе дэбютны трэк, выкладзены ў сеціва, і абяцала ўжо ў лютым-сакавіку прадставіць цэлы альбом. Але цяпер дата рэлізу пераносіцца. Выйшла, што Shuma наогул апынулася ў пэўны момант пад пагрозай закрыцьця.

– Увосень, калі ты абвесьціла пра свой новы праект, то паабяцала выхад альбома празь некалькі месяцаў. Чаму вырашыла перанесьці ажно на верасень? У чым складанасьці?

– Прычыны дзьве. Па-першае, на пачатку мы ўсе пераацанілі свае фінансавыя магчымасьці і нават думалі спыніцца, пакуль сума выдаткаў ня вырасла яшчэ больш. Але неяк так сталася, што большая частка каманды пакрысе ўцягнулася ў праект, палюбіла яго і людзі нават пачалі адмаўляцца ад ганарараў. Яны ўключыліся ў справу, захапіліся працай і паверылі ў прыгажосьць і вартасьць праекту. Мне, нават, часам здаецца, што ўсіх ужо не хвалюе выніковая пасьпяховасьць альбому (усьміхаецца). Мы кайфуем, працуючы ў Shuma.

Па-другое, саўндпрадусар праекту Alexis Scorpio амаль што ўсе гукі Shuma "малюе" з нуля і прынцыпова не карыстаецца бібліятэкамі сэмплаў. Такая праца вымагае шмат часу – адзін трэк мы робім прыкладна восем тыдняў. Гэта доўга. Да сакавіка мы дакладна не пасьпеем.

– Рэакцыя на першы трэк з праекту была для цябе нечаканай?

– Я чакала, што рэмікс Deech’a добра сустрэнуць, але не спадзявалася, што гэтак мэгадобра. Людзі на вуліцы падыходзілі да мяне, дзякавалі за песьню, давалі свае плэеры, каб я пераканалася, што яны слухаюць менавіта гэты трэк. Калі ж мы мелі жывы выступ з арыгінальнай музыкай Shuma на фэстывалі "Можна" і на канцэрце Emika, то зваротная сувязь стала больш багатая на рэспэкты і пажаданьні посьпеху. Людзі пішуць, што менавіта такой музыкі ім не хапала. Такой, якая б будавалася на карнявой культуры і была б сучаснай. Бывае, пішуць, што, пачуўшы Shuma, нехта адчуў гонар за мову і за краіну.

Праўда, мяне бянтэжыць, калі ў клюбах кажуць "дзякуй, што сьпяваеце на вымерлай мове". Прыкра, але гэта факт. Хацелася б паказаць уласным прыкладам, што мы маем магчымасьць хаця б шанаваць рэшткі таго, што засталося. Мы ўкладаем шмат павагі і любові ў працу, не чакаючы нічога ў адказ, і гэта прыцягвае ўвагу людзей, якія стаміліся ад узаемавыкарыстаньня і цынізму.

– Чаму па-твойму такім праектам павінны зацікавіцца людзі, якія ў прынцыпе неабазнаныя ў фольку?

– Людзі ўжо цікавяцца. Як рэміксамі Зьмітра Deech, так і арыгінальнай музыкай. І цяжка сказаць, прыхільнікаў чаго больш. Мы прапануем слухачам якасную электронную музыку ў спалучэньні з карнявой культурай, якая зьяўляецца роднай для большасьці з нас. Таксама мы выкарыстоўваем сучасную электронную музыку як унівэрсальную мову для таго, каб зрабіць беларускую культуру больш зразумелай для міжнароднай аўдыторыі.

– Як ставісься да ранейшых спробаў пакласьці аўтэнтычныя сьпевы на электроную музыку? Экспэрымэнты апошніх гадоў ("Руны", Guda і T-Trider) не сказаць, каб мелі вялікі посьпех.

– Мне больш за ўсё падабаюцца экспэрымэнты Веранікі Кругловай. Хаця гэта не сапраўдная клюбная музыка, а больш джазавая. Але Вераніка, на мой погляд, зрабіла гэта звышпрафэсійна! Астатнія, на жаль, слухаюцца па-аматарску, таму, пэўна, і ня мелі вялікага посьпеху.

– Першымі фольк і электроніку ў Беларусі пачалі спалучаць "Палац" і Kriwi. Як па-твойму, слухаюцца іх песьні цяпер?

– На маю думку, "Палац" быў клясным ў свой час, але цяпер электронная музыка моцна зьмянілася. Вось, параўнайце, напрыклад, актуальныя сёньня электронныя праекты кшалту Flying Lotus, Amon Tobin, Dorian Concept, Oval з тагачаснымі плынямі і самі пачуеце, якія вялікія адбыліся перамены. Але "Палац" і Kriwi сталі першапраходцамі ў спалучэньні этнікі і электронікі. Дзякуй ім вялікі за гэта.

– Ці ня думаеш ты, што большы посьпех маглі мець аўтарскія рэчы на беларускай мове, няхай сабе густа замяшаныя з электронікай, гэта ж таксама ніша. Ці ў цябе проста няма тэкстаў альбо ты настолькі верыш у моц палескіх сьпеваў?

– Што да аўтарскіх тэкстаў і электроннай музыкі, то я не магу цяпер уявіць сабе, скажам, Emika па-беларуску, гэта будзе слухацца эклектычна. Няхай спачатку людзі прызвычаяцца да беларускіх дыялектаў у электроннай эстэтыцы. Слухачы не заўседы разумеюць дыялектныя словы і ўспрымаюць мову хутчэй як беларускі дапаможнік музыкі, як нейкую лінгвістычную надбудову. Нельга перакуліць стаўленьне да мовы і густы аўдыторыі адным праектам. Спадзяюся, што пасьля альбому і канцэртаў Shuma наступным экспэрымэнтатарам будзе значна лягчэй прывабіць аўдыторыю менавіта беларускай мовай. Тады і пагаворым пра аўтарскія тэксты.

Але, па шчырасьці, я ня бачу сэнсу ў аўтарскіх тэкстах. Прынамсі ў сабе я таленту сонграйтэра не адчуваю. Ня ведаю, што можна сказаць людзям нешта больш лепшае і карыснае, чым тое, што ўжо сказалі і гавораць людзі, значна разумнейшыя за мяне. У мяне няма жаданьня і таленту гаварыць пра свае рэфлексіі ці пісаць кранальныя шчырасьцю мэтафарычныя тэксты, як Зэмфіра. Я хутчэй адчуваю сябе чалавекам, які ўмее запаліць азарт у іншых, здольным мэдыюмам і закаханай у культуру сваей краіны жанчынай.

– Ці няма ў цябе засьцярогі, што ўсе твае спробы застануцца на лякальным узроўні і зацікавяць толькі малое кола людзей? Што павінна адбыцца, каб ты палічыла, што праект мае посьпех?

– Што павінна адбыцца? Паўтаруся, што адным альбомам сьвет не зварухнеш, але задаць тэндэнцыю магчыма. Калі за Shuma пачнуць узьнікаць праекты такога ж узроўню, калі жаданьне працаваць з традыцыйнай культурай Беларусі зьявіцца ня толькі ў Зьмітра Deech і Паўла Ambiont, гэта і будзе посьпех. І засьцярогі ў мяне няма, як няма яе ні ў каго з тых людзей, якія працуюць над праектам, бо мы за любоў, пазытыўную энэргію стварэньня, творчую самарэалізацыю, актыўнасьць і Беларусь.

Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org

Shuma, Руся

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

Комментарии

дождаться альбома

+1
0
-1

Shuma - отличный многообещающий проект, судя по двум вещам, которые можно было услышать.
хотелось бы дождаться альбома...

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net