Аўтары самага незвычайнага беларускага альбому 2012 году гурт Shaman Jungle ў інтэрвію Tuzin.fm. распавялі пра вытокі ўласнай творчасьці і пра публіку для якой граюць, ды вызначылі сваё месца на беларускай сцэне: "Наша месца ў гэтай прасторы дынамічна, але калі думаць шырэй, маштабна, то дзесьці паміж "Троіцай" і Drum Ecstasy".
Гурту Shaman Jungle ўжо два гады, хоць усур'ёз пра сябе яны заявілі толькі цяпер, з выхадам дэбютнага альбому "Sky Bathyscaph". Яны граюць нетыповую для нашых шыротаў музыку і кажуць, што галоўная іх мэта – пагрузіць слухача ў неба. Сваё першае сур’ёзнае інтэрвію ўдзельнікі каманды далі парталу Tuzin.fm.
– Ці можаце вы распавесьці пра сваё паходжаньне і пра вытокі сваёй творчасьці?
– Як казаў мушкетэр Партос "Я б’юся, таму што я б’юся". А граем, таму што граем. Музыка для нас гэта цэлая рэлігія ды сэнс нашага жыцьця. У кожнага з нас быў свой шлях да той музыкі, якую мы цяпер выконваем, але гэта ня так істотна. Хтосьці з нас стаў граць з прагі да свабоды, нехта з-за любві да экспэрымэнтаў ці празь неабходнасьць надаць свайму жыцьцю новы рытм. Важна, што цяпер мы больш чым проста гурт, мы хутчэй за ўсё сям’я.
– Ці можна сказаць, што вы граеце музыку пэўнага рэгіёну?
– Не. Гэта сучасная, індывідуальная, створаная намі, наша музыка. Яна не адносіцца і не адсылае да чагосьці ці кагосьці яшчэ. Але, канечне, тэрытарыяльна ствараецца ў Беларусі, самімі беларусамі.
– Хто ваша публіка найперш? Ваш разьлік найперш на што – на стварэньне фону для офісных супрацоўнікаў ці для ўдумлівых мэдытацыяў? Для якіх пляцовак яна пасуе?
– Наша публіка не характырызуецца пэўным сацыяльным статусам, узростам ці відам дзейнасьці. Гэта людзі, якія цікавяцца тым, што знаходзіцца па-за межамі штодзеннай сьвядомасьці і успрыманьня, цікавяцца музыкай энэргетычна насычанай і шчырай.
Мы гатовы выступаць ва усіх пунктах нашай плянэты. Зразумела, што хочам выступаць на розных пляцоўках. Найбольш цікавымі для нас зьяўляюцца пляцоўкі зь непаўторнай атмасфэрай. Напрыклад, Федзя (дыджэрыду) хоча пайграць у карставай пячоры.
– Чаму вы не захацелі працаваць зь беларускім фальклорам, ня ўзялі тое, што ёсьць тут, у нашым паветры, у гэтай зямлі?
– Мы выкарыстоўваем толькі тое, што знаходзім у нас саміх. Але нам не хапае, дакладна, і таго самага "беларускага паветра", бо мы тут жывем і любім гэта месца. У адрозьненьні ад фолька і розных яго стылізацыяў, мы ствараем сучасную музыку на прынцыпах шаманізму і джазу.
– Які гурт лічыце самым шаманскім на беларускай і замежнай сцэне?
– Самыя ў нас шаманы — гэта Кірчук з "Троіцай", а за мяжой… хм… можна вылучыць праект Soriah.
– Якое месца для сябе вы бачыце ў беларускай музычнай прасторы?
– Наша месца ў гэтай прасторы дынамічна, але калі думаць шырэй, маштабна, то дзесьці паміж "Троіцай" і Drum Ecstasy. Мы хочам зарабляць грошы сваёй творчасьцю, а хто ж ня хоча. Аднак шляхам менавіта творчым. Мы хочам перш за ўсё гастраляваць, граць на розных канцэртах, працаваць, адточваць сваё майстэрства, у музычным і выканальніцкім пляне, а таксама марым ствараць музыку для фільмаў і спэктакляў.
– Як зьбіраецеся прасоўваць сваю творчасьць?
– Пры канцы восені выйшаў наш першы студыйны альбом "Sky Bathyscaph", які мы прэзэнтавалі спачатку на партале Ultra-Music, а потым ужывую 25 лістапада ў клюбе "Гагарын". Хутка выйдзе і наша сумесная кампазыцыя з арт-праектам "?!" пад назвый "Hidrance". Рыхтуемся даць у бліжэйшы час яшчэ адзін сольны канцэрт, а затым сыграць на фэстывалі "Povidlo" прыканцы зімы. Цяпер таксама думаем пра здымкі першага сапраўднага кліпа, вядзем размовы з рэжысэрам ды выпрацоўваем сюжэт.
Гурт у сеціве: www.shamanjungle.com.
Спампаваць альбом "Sky Bathyscaph" можна на партале Ultra-Music.com
Тэкст: Іван Бяспалы, Tuzin.fm