О проекте

The Silicon: "Мы як разынкі ў булцы" (+фота)

 

Удзельнікі гурта распавялі Еўрарадыё пра свой дэбютны альбом, далі параду арганізатарам "Джаз-Кактэбеля", растлумачылі фішкі сёрф-музыкі. А яшчэ яны збіраюцца аднойчы "разагрэць" Дзіка Дэйла.

ШТО ТАКОЕ СЁРФ-МУЗЫКА?

Еўрарадыё: 28 лістапада вы прэзентуеце свой дэбютны альбом "Desert Storm", які пазіцыянуеце як першы сёрф-рок-альбом у Беларусі. Няўжо да вас ніхто сур’ёзна не захапляўся гэтым стылем?

Mr. Moto: Ну чаму ж! Былі гурты, якія перыядычна карысталіся гукам гэтага стылю, ствараючы ў ім асобныя песні ці кампазіцыі. Гэта "Алгоритмы", Los Chicanos, Лёня Паўлёнак са сваім праектам "Дажыві да ранку" нават запісалі некалькі песень. Аднак да нас у Беларусі ніхто не запісваў і не выдаваў паўнафарматны альбом у стылі сёрф-рок.

Еўрарадыё: Як узнік стыль сёрф?

Ігар Сухарукаў: Кірунак узнік на пачатку 60-х гадоў у Амерыцы. Людзі збіраліся на пляжах і гралі музыку, якая суправаджала спаборніцтвы па сёрфінгу, альбо нейкія прэзентацыі і лаўнджавыя імпрэзы. То бок музыка выступала ў якасці фону.

Еўрарадыё: Якім чынам можна адрозніць сёрф-музыку ад таго ж рок-н-ролу, напрыклад?

Ігар Сухарукаў: Можна казаць бясконца доўга, аднак скажам проста: фільмы Таранціна глядзелі ўсе. Загалоўная кампазіцыя да "Крымінальнага чытва" і ёсць сёрф.

Зміцер Паплаўскі: Музыка сёрф – гэта калі гітара гучыць з характэрным рэхам – гучным рэверам, які называецца спружынным рэверам, і калі ідзе мелодыя трыолямі. Калі ўключыць дрылю і начапіць на яе медыятар, будзе тое самае(смяецца).

Ігар Сухарукаў: Насамрэч, гэтай музыкі было сыграна вельмі шмат.

Еўрарадыё: Так, давайце назавем самых яскравых прадстаўнікоў сёрф-музыкі…

Ігар Сухарукаў: Дзік Дэйл – кароль сёрфа, Beach Boys – поп-сёрф, амерыканцы The Ventures, англічане The Shadows. Гэта тое, пра што ведаюць нашы слухачы.

Mr. Moto: Насамрэч, пра сёрф-музыку ўсе памятаюць, таму што ў 80-я гады ішла "Міжнародная панарама", а ў застаўцы да яе гучала кампазіцыя гурта The Ventures. Характэрнае гучанне сёрфа было на слыху ў жыхароў СССР. У падсвядомасці сёрф заўсёды быў! Увогуле, класічны сёрф – гэта інструментальная музыка, аднак гурты кшталту Beach Boys сумяшчалі сёрф з вакалам. Другая хваля папулярнасці стылю трапіла ў першыя стужкі Таранціна, які выкарыстоўваў у сваіх саўндтрэках гаражную музыку і музыку ў стылі сёрф.

Еўрарадыё: У наш час таксама назіраецца вяртанне моды на музыку 60-70-х гадоў. Наколькі ўвогуле запатрабаваны зараз сёрф як музычны стыль? Ці ёсць нейкія фэсты, на якіх граюць выключна сёрф-музыку?

Зміцер Паплаўскі: У Беларусі такога няма, і, мабыць, не будзе яшчэ да той пары, пакуль не з’явіцца 10 такіх гуртоў, як The Silicon. Вось ва Ўкраіне, у Кіеве ёсць фестываль "Украбілі". Мінулым летам мы там гралі. Ён арыентаваны больш на ракабільныя гурты, аднак там і сёрф прысутнічае. Шкада, вядома, што на фэсце "Джаз-Кактэбель", які штогод адбываецца ля мора, пакуль не чуваць сёрф-музыкі. Хацелася, каб арганізатары задумаліся пра тое, што на беразе мора павінна гучаць гэтая музыка таксама!

ПРА ЎЗРОСТ І БУДУЧЫНЮ

Еўрарадыё: Гурту The Silicon 2 гады, а яго музыкам – за 30. Ці не складана пачынаць з "нуля", і як гэта, прасоўваць гурт, калі ты – не амбіцыйны падлетак?

Зміцер Паплаўскі: Не, не складана. Чым ты старэйшы, тым больш з’яўляецца адказнасці, хочацца каб усё было прафесійна, прыгожа, каб засталося сапраўды ў сэрцах людзей.

Еўрарадыё: А якая будучыня ў гурта The Silicon?

Зміцер Паплаўскі: Мы паедзем у Каліфорнію, сыграем на разагрэве ў караля сёрф-гітары Дзіка Дэйла на беразе Ціхага акіяна. А тады ўжо падумаем чым заняцца далей.

Еўрарадыё: Дык трэба спяшацца. Дзік Дэйл – ужо дзядуля!

Зміцер Паплаўскі: Гэты дзядуля яшчэ ўсіх нас перажыве! То бок, хацелася б у будучыні пайграць з тымі людзьмі, якія разумеюць, што гэта такое і навошта гэта трэба. Мы граем тут у Мінску ў некаторых клубах, і я заўважыў, што моладзь у асноўным сядзіць і слухае, успрымае, для яе гэта нешта новае. А людзей пад 40 пачынае кранаць. Бо сёрф – гэта не нейкія дзікунскія гітарныя пасажы, а мелодыка, канкрэтная маленькая мелодыя, якая гучыць усю кампазіцыю.

ПРА КАНЦЭРТЫ І АЛЬБОМ

Еўрарадыё: Дарэчы, шмат хто можа вам пазайздросціць: амаль штотыдзень The Silicon грае канцэрты…

Зміцер Паплаўскі: Так, у нас, дзякуючы некаторым асобам, шмат канцэртаў. Праўда, гэта не заўсёды клубныя, а больш барныя выступы. Мы граем часта, мінімум раз на тыдзень. Хацелася, каб так было заўсёды. Гэта добра для гурта. Не сядзім у падвале.

Еўрарадыё: Давайце пра альбом…

Зміцер Паплаўскі: Альбом вельмі харошы. Слухаецца на адным подыху: уключаеш, і не заўважаеш, як пралятаюць гэтыя 43 хвіліны. У яго ўваходзяць рознабаковыя кампазіцыі, якія ствараюць добры настрой, ёсць там яшчэ некалькі кавер-версій.

Mr. Moto: Альбом складаецца з 13 кампазіцый, з іх 10 – аўтарскія, і 3 трэкі –каверы. Для сёрф-музыкі характэрна пераіграванне вядомых мелодый для іх доўгага жыцця, то бок запазычанне тэм даволі распаўсюджана. Напрыклад, гурты з розных частак свету могуць выступаць на адным фестывалі і граць адны і тыя ж кампазіцыі. Аднак гэтыя кампазіцыі маюць свае асаблівасці: японскія гурты граюць па-свойму, амерыканскія па-свойму і г.д. Мы вырашылі перайграць "Мізэрлоў" з "Крымінальнага чытва", частку "Хава Нагілы" і "Караван", а таксама зрабілі кавер-версію песняроўскай "До третьих петухов" з альбома 1978 года. Плануем альбом рэкламаваць, а за адно і прапагандаваць музыку сёрф.

Еўрарадыё: Ці трапіць альбом у крамы?

Mr. Moto: Вельмі складана з дыстрыб’юцыяй. Беларускія лэйблы асцярожна ставяцца да інструментальнай музыкі, бо яе цяжка прасунуць. Выдаем мы пасцінку сваімі сіламі, аднак плануем супрацоўнічаць з сеткай музычных крамаў "Містэрыя гуку".

Еўрарадыё: Збіраецеся штурмаваць фестывалі?

Зміцер Паплаўскі: Ну вядома. На Be2gether дашлём матэрыял – такога там яшчэ не назіралася, у Польшчу адправім, Германію. Можа дзе і пракаціць адзін з тысячы. Як "Ласковый май" будзем разносіць па цягніках, каб круцілі ў дарозе (смяюцца). Музыка ненавязлівая, не напружване. Для дарогі – самае тое!

Еўрарадыё: Якім чынам будзе выглядаць ваша прэзентацыя?

Mr. Moto: Прэзентацыя будзе ўрачыстай і вясёлай. Мы паспрабуем стварыць дух салёнага мора, плануецца відэашэраг пра сёрфінгістаў – спартсменаў, якія займаюцца гэтым мужным відам спорту – катаннем на дошках па хвалях. Будуць прыгожыя гарачыя мексіканскія дзяўчаты, тэкіла…

Еўрарадыё: А вы будзеце выступаць у касцюмах сёрфінгістаў?

Ігар Сухарукаў: (усе смяюцца) Гэта будзе сюрпрыз.

Mr. Moto: Увогуле сюрпрыз цягам вечару чакаецца не адзін.

ПРА СЁРФ У БЕЛАРУСІ

Еўрарадыё: Ці можа сёрф-музыка ўпісацца ў шэраг папулярных ў Беларусі музычных стыляў?

Mr. Moto: Зараз папулярныя дзіўныя гурты з дзіўнымі стылямі: "Серебряная свадьба" са сваім фрык-шоў, Drum Ecstasy з моцнай драм-н-басавай асновай. Мы ідзем поруч з усім светам. Сёрф павінен быў з’явіцца ў Беларусі, і ён з’явіўся!

Зміцер Паплаўскі: Стыляў і гуртоў у нас насамрэч хапае. У нас проста мала сцэн. Хацелася б, каб саміх сцэн было болей, каб было дзе паказваць сваё мастацтва. Таму і даводзіцца туліцца па розных барчыках ды маленькіх клубах. Каб тут стаць вядомым, людзям даводзіцца ехаць у тую ж Маскву, каб потым тут іх запрашалі. Гэта не правільна. Хацелася б, каб людзі тут развіваліся, і адсюль з’язджалі як вядомыя і нармальныя каманды.

ПРА КАРПАРАТЫВЫ

Еўрарадыё: Наперадзе – час так званага навагодняга чосу. Ці маеце ўжо расклад сваіх "ёлак"?

Зміцер Паплаўскі: Мы гурт малады, таму ў нас адбываецца ўсё спантанна. Пакуль няма "абажацеляў" нашага таленту і мастацтва, якія "забіваюць" нас на тры месяцы наперад. Пакуль што мы "на падхопе". Другі склад, можна сказаць, на лаўцы запасных сярод мэтраў кавер-бэндаў горада Мінска.

Еўрарадыё: The Silicon – гурт танцавальны…

Зміцер Паплаўскі: Так. Наша клубная праграма складаецца з дзвюх частак: першая ўключае інструментальныя творы, а ў другой мы спяваем і танцуем. Людзі танцуюць, нават не тое, што танцуюць, бывае, што і на калені падаюць, і пачынаюць рабіць ахвярапрынашэнні.

Еўрарадыё: Мільёны, аўтамабілі?

Зміцер Паплаўскі: Мільёны не дораць, аднак п’яныя ўсмешкі, погляды і бутэльку гарэлкі могуць паднесці. Вельмі прыемна граць, калі ўскоквае які-небудзь саракагадовы дарослы мужчына і пачынае вар’яцець, спрабуючы перакрычаць гук нашых гітар. Пачынаеш разумець, што музыка яго закранула, бо людзі, як правіла, прыходзяць у такія месцы паесці, выпіць, пагаманіць. Ніхто ж не прыходзіць туды адразу зрывацца з месца і ўгарэць. Відаць таксама, як народ здзіўляецца. Усе прывыклі, што большасць кавер-бэндаў граюць сусветныя хіты 60-70-х, нават узнікае ўражанне, што кавер-бэнды маюць нейкі адзін каталог, адкуль выбіраюць песні для выступу А ад нас чуюць таксама хіты, але такія, якія яны чулі, магчыма, аднойчы… У поўным аб’ёме, у поўным фармаце ім прапануецца такая колькасць інфармацыі, што людзі проста сядзяць і слухаюць. Падабаецца.

Еўрарадыё: То бок, інструментальная музыка пачынае руліць?

Mr. Moto: У нейкім сэнсе, так. Яна зноў у модзе. Калі б яна была нецікавай, нас бы не запрашалі зноў і зноў. Мне падаецца, хваля сёрф-музыкі зноў ўздымаецца.

Ігар Сухарукаў: Я мяркую, што гэта выгоднае адрозненне нас ад іншых гуртоў.

Зміцер Паплаўскі: Так, такіх гуртоў, як мы, вельмі мала.. Мы выдзяляемся на агульным фоне сваім асаблівым рэпертуарам. Мы як… Не ведаю… Мы як разынкі ў булцы!

P.S.: Запісы The Silicon можна паслухаць на MySpace і Вконтакте.

Тэкст: Маша Лагодзіч, "Еўрарадыё"
Фота гурта

The Silicon

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

Комментарии

The Silicon

+1
0
-1

Мда уж, веселые ребята))

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net