Гурт Tlusta Lusta ўсур’ёз заявіў пра сябе ў 2008 годзе. Тады музыкі з Горадні сталі пераможцамі фэсту "Басовішча" і неўзабаве прадставілі свой дэбютны альбом пад назвай "Блін першы". Яны пэўны час досыць актыўна выступалі, але потым зьніклі ажно на чатыры гады, каб вярнуцца ўжо ў 2013 годзе з новым дыскам, які будзе называцца "Пераначуеш – больш пачуеш".
Tuzin.fm размаўляе з удзельнікамі гурта, вакалістам Кірылам Богушам і бубначом ды мэнеджэрам гурта Янам Каламыцкім.
– Праз чатыры гады гурт нечакана вярнуўся ў музычную прастору. Адразу пытаньне: як зьмяніўся падыход гурта да музыкі і тэкстаў на новым альбоме?
Кірыл: Усё зьмянілася. Усё новае. Зьмяніўся склад гурта. Асабіста ў мяне зьмяніліся музычныя погляды, падыходы да музыкі. Я нават іншую музыку зараз слухаю: значна менш мэталу і панку, больш індзі-музыкі. Ну, і у нас ў гурце зьмяніўся стылёвы накірунак. Калі пра стыль першага альбома я жартоўна казаў "эма-гоцік-панк-мэтал", то зараз можна сказаць, што гэта альтэрнатыўны індзі-рок.
– Але я ведаю, што частка альбома была запісана старым складам гурта…
Кірыл: Так яно і было. Але трэба спачатку сказаць, што Tlusta Lusta – гэта хутчэй не гурт, а адкрыты для музыкаў праект, г.зн. кожны вольны прыйсьці і сыйсьці ў любы момант. На пэўным канкрэтным этапе ўдзельчаюць тыя музыкі, у якіх ёсьць час, жаданьне і магчымасьць штосьці сказаць і зрабіць для каманды. У запісе новага альбома паўдзельнічалі шмат людзей. Пяць песень я пасьпеў запісаць з музыкамі зь першага складу, а над большай часткай мы працавалі разам з Янам Каламыцкім. Таксама трэба адзначыць, што ў запісе ўзялі ўдзел сэсыйныя музыкі.
– А як вы ўдвох падзялілі працу ў гурце?
Ян: Калі ў гурце больш музыкаў, то больш ідэй, выказваецца больш меркаваньняў. А калі менш, дык тады больш адказнасьці на кожнага кладзецца. У гэтым ёсьць свае мінусы і плюсы, але працаваць было надзвычай цікава.
Кірыл: Гэта было новае і для мяне, і для Яна – супраца ўдвох. Да гэтага мы гралі ў розных гуртах, у якіх, скажам так, былі поўныя склады: гітарыст, бубнач, басіст… А тут прыходзілася за некалькіх думаць. Асабіста я адказваў за вакал і гітары, Ян прапісываў бубны, бас, частку гітар, а таксама зараз працуе над мастэрынгам матэрыялу і вокладкай.
– Вы казалі пра сэсыйных музыкаў. Цікава, хто паўдзельнічаў у запісу?
Кірыл: Бас-гітарыст Раман Варошка, віялянчэліст Аляксей Коўтун, скрыпачка Вікторыя Каласоўская, DJ Nobel, у адной зь песен на бэк-вакале падпела Тацьцяна Беланогая. Здаецца, усіх пералічыў. Сэсыйных музыкаў мы запрашалі таму, што шукалі новыя гарызонты, прагнулі іншага гуку. На нейкім этапе захацелася не паўтарацца, а ісьці далей. Былі і свае цяжкасьці. Сабраць у пэўны момант усіх патрэбных музыкаў разам было немагчыма: хтосьці ад’ехаў, хтосьці заняты і г.д. Сам запіс расьцягнуўся на два гады прыблізна. Былі складанасьці ў тым, што запіс мы рабілі ў Ваўкавыску – туды трэба было пэрыядычна езьдзіць. А тут яшчэ і Ян пераехаў жыць у Польшчу.
– Мы ўвесь час размаўлялі пра музыку, а вось ёсьць на другім альбоме гурта свае асаблівасьці па тэкстах?
Кірыл: У адрозьненьне ад першага альбому, на новым няма маіх тэкстаў. Усе песьні былі напісаныя на вершы беларускіх паэтаў Юрася Пацюпы, Сяржука Грахоўскага і яшчэ некалькіх аўтараў. Усіх не забудзем пазначыць на вокладцы (усьміхаецца).
– Аўтараў вершаў вы адбіралі паводле нейкага прынцыпу? Ці ёсьць нейкая канцэптуальнасьць у саміх вершах?
Кірыл: Насамрэч вершы я адбіраў па прынцыпу "што бліжэй да сэрца". Я шмат чытаў розных аўтараў, трапляліся тыя, якія адразу краналі. Некаторыя вершы мне прапаноўвалі. Напрыклад, песьня "Моладзь" зроблена на верш Натальлі Арсеньневай, які мне падказаў Вітаўт Мартыненка. Мы хацелі паўдзельнічаць у складанцы на вершы Арсеньневай. Як заўжды не пасьпелі запісаць у час, але песьня была ў выніку зроблена і добра падыйшла ў альбом.
– Як вы плянуеце прэзэнтаваць альбом?
Ян: Напэўна зробім канцэрт разам з сэсыйнікамі, бо ўдвох не дамо рады. Што да самога матэрыялу, то тут усё проста: выкладзем у інтэрнэт.
Кірыл: Зараз Tlusta Lusta канцэртнай дзейнасьцю не займаецца, таму думаю, што нейкага канцэрта чакаць у бліжэйшы час не даводзіцца. Сама магчымасьць адлабаць з сэсыйнікамі разглядалася, але калі – ня ведаю. Гурт Tlusta Lusta і раней ніколі ня быў надта запатрабаваным, у тым сэнсе, што нас ня так часта запрашалі на канцэрты і фэстывалі. Можа другі альбом зьменіць сытуацыю, і тады пытаньне з канцэртамі стане актуальным. А пакуль што ёсьць – то ёсьць. Можна яшчэ, канечне, падумаць над акустычнай прэзэнтацыяй.
Ян: Мне падаецца, што ёсьць гурты, якія больш займаюцца канцэртнай дзейнасьцю, а ёсьць гурты, якія больш засяроджваюцца на працы ў студыі. Вось мне падаецца, што Tlusta Lusta – больш студыйны гурт. На гэты момант – дакладна.
Кірыл: Ёсьць меркаваньне, што нейкія гурты лепш гучаць на канцэртах, чым на запісы, а іншыя – наадварот – нічога цікавага і арыгінальнага ня ў змозе паказаць у студыйнай працы.
– Шукаць пастаянных музыкаў вы зьбіраецеся?
Ян: Увогуле, сэсыйныя музыкі – гэта ня выхад, але цяжка знайсьці сталых музыкаў, зь якімі будуць прыблізна аднолькавыя падыходы і погляды на музыку. Пастаянныя музыкі – гэта як сям’я. Калі казаць пра сэсыйнікаў, то чалавечы фактар тут значна менш важны.
– А чаму музыкі зь першага складу сыйшлі? Што здарылася?
Кірыл: Мы не распадаліся, не сварыліся. З аднаго боку, у кожнага сем’і і дзеці. З другога боку, калі пачаў зьмяняцца стыль і музычны напрамак разьвіцьця, для іх напэўна стала нецікава граць такую музыку. Напэўна яны не хацелі нешта зьмяняць. Мы пасьпелі адрэпетаваць і запісаць пяць песень, а потым пачаўся крызіс. Не баюся пра гэта казаць. На пэўным этапе мы пачалі адзін аднаго не разумець, і сталі займацца рознымі праектамі, граць у розных гуртах. А я працягнуў граць у Tlusta Lusta. На гэты момант я супрацоўнічаю з Янам.
– А як вы сустрэліся разам?
Ян: Мы пазнаёміліся на адной рэпетыцыйнай кропцы. Я тады яшчэ граў у маладым гарадзенскім панк-гурце S’N’D. Мы нават пасьпелі зрабіць разам пару рэпетыцый. Размова была такая: давай паспрабуем палабаць. Паглядзіш – спадабаецца, не спадабаецца – сам вырашыш. У выніку мяне зацікавіла. Пасьля нейкай рэпетыцыі Кірыл мяне падвозіў на аўто да хаты, і зрабіў мне прапанову: "Давай граць разам!" (сьмяецца).
Кірыл: А я гэтага не памятаю (сьмяецца). Знёмыя мы ўжо даўно. Так што магчымасьці і здольнасьці Яна я ведаў. Першапачаткова мы не будавалі нейкіх плянаў, а проста вырашылі папрацаваць разам над адной песьняй. Я нават спачатку думаў, каб пачаць рабіць свой сольны праект, не ў межах Tlusta Lustа, але ў выніку атрымалася так, як атрымалася.
– Вы казалі, што ў вашым гурце ў пэўны момант быў крызыс. Апошнія часы шмат хто кажа пра крызіс у беларускамоўнай рок-музыцы. Ці вы адчуваеце яго самі, у чым ён адлюстроўваецца і якія могуць быць прычыны?
Кірыл: Крызыс ёсьць. У першую чаргу гэта праблема з канцэртамі. Ёсьць гурты, якія ня могуць існаваць без канцэртнай дзейнасьці. Ім цяжка ўвесь час запісваць матэрыял і класьці яго на паліцу. І тут справа ня толькі ў "чорных спісах". Маладыя гурты, якія ня бачаць пэрспектываў, адчуваюць незапатрабаванасьць, губляюць той першасны агонь, апускаюць рукі, складаюць крылы. Гэтыя гурты не бачны. Калі браць маладыя беларускія гурты, то якія можна зараз назваць? Ну, магілёўскі гурт Akute. Іх чуваць, яны больш-менш вядомыя. А астатнія?
– Што перашкаджае цалкам маладым гуртам разьвівацца?
Ян: Можна вылучыць дзьве асноўныя праблемы маладых гуртоў. Першую назавем "амэрыканская мара". Гурты пачынаюць сьпяваць на ангельскай мове і ставяць перад сабой асноўную задачу прабіцца на Захад. Яны лічаць, што яны так вырашаць праблему запатрабаванасьці. Другая праблема – сквапнасьць. Музыкі спрабуюць усё вырашыць малымі затратамі. Яны ня хочуць укладаць грошы ў сваю музыку. А пры гэтым чакаюць вялікай аддачы. Я лічу, што калі ты чагосьці чакаеш, то ў гурт трэба шмат чаго ўкласьці: сваю душу, свае сілы, і, канечне, свае грошы. Мне падаецца, што асноўныя праблемы трэба шукаць у саміх музыках.
– Ангельскамоўныя беларускія гурты арыентуюцца на Захад, расейскамоўныя – на Расею. З гэтым зразумела. Але мы маем прыклад Украіны, у якой менавіта ўкраінскамоўныя гурты пануюць і маюць прызнаньне за межамі сваёй краіны. Чаму ў нас вядомых па-за межамі краіны гуртоў, якія сьпяваюць па-беларуску, практычна няма?
Ян: Калі браць нашыя маладыя гурты, то ў іх галовах засела такая дурнаватая ідэя аб незапатрабаванасьці беларускай мовы. Таксама залежыць і ад публікі. Калі б большасьць хацела слухаць беларускую мову са сцэнаў – больш зьяўлялася б і беларускамоўных гуртоў. Такое вось замкнёнае кола атрымоўваецца.
– У 2008 годзе вы ўзялі галоўны прыз "Басовішча". Гэта, падавалася, павінна было стаць нейкім трамплінам для каманды. Ці ня так?
Кірыл: Нас, дарэчы, больш на "Басовішча" не запрашалі. Мы нават не выкарысталі усе свае прызы. Грашовы, канечне, скарысталі (усьміхаецца). А вось кліп мы ў Польшчы так і не запісалі. Той, які зьняты, на песню "Seryjaly" – зроблены цалкам самастойна. Таксама не выкарысталі прыз – 25-гадзінны запіс на студыі "Радыё Беласток". Няма ніякай крыўды. Чаму так атрымалася? Пытаньне з кліпам, які мы павінны былі запісаць на тэлеканале "Белсат", неяк само сабой зьнікла. А са студыяй не атрымалася, таму што нас не задаволіў графік. Гукач з намі мог працаваць толькі з 09:00 да 17:00. Нам спатрэбіліся бы ажно чатыры дні, каб выкарыстаць гэтыя 25 гадзін. А гэта і грошы: дарога, харчаваньне, гатэль, на працы неяк трэба дамаўляцца, адпрошвацца. Мы палічылі гэта немэтазгодным.
– Якія ў вас яшчэ бліжэйшыя намеры, якрамя рэлізу новага альбома?
Кірыл: Зьбіраемся выдаць альбом на дысках. Ёсьць папярэдняя дамова з "Вігма-БМА" на гэты конт. Зразумела, што будзем далей штосьці рабіць, рыхтаваць матэрыял да трэцяга альбому.
Ян: Таксама ў нас ёсьць пляны выдаць альбом і ў Расеі. Ёсьць папярэднія дамовы з незалежнымі лэйбламі ў Пецярбургу і Калінінградзе. Надалей патрэбны нейкі штуршок. Мы ня хочам паўтарацца. Можа трэці альбом будзе цалкам электронны, ці акустычна-электронны. Я нічога не выключаю.
Прэв'ю новага альбома можна паслухаць тут..
Тэкст: Алесь Дзянісаў, Tuzin.fm
Фота: Budzma.org