Виктор Семашко о новом диске Алеся Камоцкого: ""Вяровіцу", як і тую Біблію, можна бясконца вывучаць. Зь першага разу, з наскоку ёй не авалодаць. Трэба вяртацца да яе яшчэ й яшчэ раз, перабіраць, нібы ружанец".
Ня часта ў Беларусі можна пабачыць такія выданьні, каб табе й канцэптуальны дыск, і кніжка з тэкстамі ды фотаальбомам. Дзякуй Алесю Камоцкаму за каштоўны падарунак. Як раз да Вялікадня!
"Вяровіца" – першы альбом пана Алеся, дзе ён абыходзіцца без гітары. Камоцкі дэклямуе псальмы Давіда й сьпявае вершаваныя развагі-мэдытацыі Рыгора Барадуліна. Калі б зьявілася ідэя выдаць беларускамоўны варыянт Бібліі ў выглядзе аўдыёкнігі, то ў якасьці чытальніка я б прапанаваў Камоцкага. Менавіта такім чынам сьвятыя тэксты й павінны гучаць: спакойна, ціха й проста, бяз патасу, з мудрасьцю й дабрынёй. Толькі ў Пс.75 галасавая падача Алеся крыху не такая, як звычайна, – то голас філёзафа-прарока зь інтанацыяй патрабаваньня й папярэджаньня.
Не ўзвышэньне сябе самога,
А ўзвышэньне з самога сябе –
Непадсільная перамога
У няскончанай барацьбе.
Варта нагадаць, што першы (аскетычны) варыянт цыклю "Псальмы" быў запісаны 12 год таму. У сёлетняй вэрсіі мэлёдыі, насьпяваныя Камоцкім, набылі раскрыцьцё й разьвіцьцё, дзякуючы клявішніку Аляксандру Віслаўскаму. Падыход да аранжыровак, улічваючы зьмест й тэматыку працы, часам вельмі нечаканы: то выразны патрыятычны марш (Пс.110), то паркавы вальс (Пс.12), то гарадзкі раманс (Пс.23), то амаль сьпірычуэл (Пс.14). Шмат джазавых адценьняў (Пс.151). Але, калі даслухаць альбом да канца, канцэпцыя становіцца зразумелай. Кожная кампазыцыя, як фотаздымак у альбоме, распавядае пра канкрэтны асобны бок жыцьця. Між тым, пасажы пана Віслаўскага неаднойчы гучаць занадта эмацыйна, на мой густ. У той жа час хочацца, каб музыкі на альбоме было болей. Ёсьць жаданьне перавесьці дых між блёкамі насычанага тэксту, хоць трохі абмазгаваць пачутае.
Ноч з галавы, а дзень жыве з вачэй.
Ноч грэшна бавіць час, а дзень пацешна.
Ноч думае, а дзень сабе хутчэй
Стараецца ўсё выгаварыць сьпешна.
Увогуле, "Вяровіцу", як і тую Біблію, можна бясконца вывучаць. Зь першага разу, з наскоку ёй не авалодаць. Трэба вяртацца да яе яшчэ й яшчэ раз, перабіраць, нібы ружанец. Тым болей, што музычная частка "Вяровіцы" – гэта толькі траціна выданьня. У кнізе, што дадаецца да дыску, зьмешчаныя тэксты Барадуліна, якія вартыя таго, каб разьбірацца зь імі асобна. Плюс фотаздымкі Джона Кунстадтэра – ніводны айчынны фатограф не здымаў Беларусь з такой любоўю, як гэты амэрыканец.
"Вяровіца" Алеся Камоцкага зьвязвае нябёснае з побытавым, вечнае са штодзённым. Яна нагадвае пра тое, што вера суправаджае жыцьцё нават самага апантанага атэіста няспыннаю скразною ніткай. Ды й, дарэчы, тэрмін "рэлігія" перакладаецца з лацінскае мовы як "аднаўленьне разарваных сувязяў".
На ўсё стае бязбожных, бо яны
Жывуць, каб толькі жыць валадарамі,
І д’яблавымі цешацца дарамі,
Пакуль у пугу вераць табуны.
Оценка: 8 из 10
Прочитать рецензии "штатных" экспертов на этот альбом, ПРОСЛУШАТЬ ЕГО и поставить свою оценку вы можете здесь
Об авторе:
Музыкант, журналист, поэт. Родился в 1980 году в Минске. Учился в музыкальных школах (фортепиано, гобой). В 2002 году окончил факультет журналистики БГУ. Автор и ведущий радиопрограмм "Новая зямля" (радио Unistar, с 2005 по 2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", с 2010). С 2001 года – музыкант группы "Князь Мышкин", в 2004-2007 годах также участник группы "Нагуаль". Автор поэтических сборников "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).