О проекте

Гурт "Стары Ольса" запрашае на юбілейны канцэрт

 
photo-sosnovski-dmitri.jpg

На прэс-канферэнцыі ў страўні "Камяніца" музыканты распавялі, чаго дасягнуў гурт цягам гэтых 10 гадоў, над чым "Стары Ольса" працуе зараз і як музыкі адсвяткуюць юбілей. Падрабязная справаздача пра мерапрыемства ад "Еўрарадыё".

Падчас святкавання свайго 10-годдзя "Стары Ольса" планаваў запрасіць на сцэну былых музыкаў гурта. Але, тлумачыць лідэр гурта Зміцер Сасноўскі, каб выступіць разам, музыкантам варта было б падрыхтавацца, а часу на сумесныя рэпетыцыі не было.

Зміцер Сасноўскі: "Самы сур'ёзны чалавек у нашым гурце, лютніст Ілля Кубліцкі, сказаў: "Нельга без рэпетыцый людзей пускаць на сцэну, гэта вам не клуб". Таму, наўрад ці будзе так званы джэм-сэйшн з былымі ўдзельнікамі "Старога Ольсы".

Пытанне, якое хвалявала ўсіх прысутных журналістаў – ці будзе на канцэрце бубнач "Старога Ольсы", Сяргей Тапчэўскі, які зараз служыць у войску.

Зміцер Сасноўскі: "Так, Сяргея адпусцяць з войска на выступ. Дарэчы, на канцэрт прыйдзе ўсё кіраўніцтва 120-ай танкавай брыгады, дзе служыць наш бубнач. І самае цікавае, што іх месцы будуць побач з бацькамі Сяргея".

На канцэрце, прысвечаным свайму 10-годдзю музыкі выканаюць усе творы, якія ўвайшлі ў альбом "Лепшае", акрамя трэкаў, запісаных з дыджэем. Зміцер Сасноўскі патлумачыў, чаму гэтым разам музыкі вырашылі не рабіць так званы "канцэрт па заяўках":

Зміцер Сасноўскі: "Мы думалі зрабіць такі канцэрт на сваё 10-годдзе. Але кожны раз нас просяць выконваць адныя і тыя ж песні, таму мы вырашылі падрыхтаваць праграму выступу загадзя. Але мы будзем адказваць на пытанні: запісак падчас канцэрту заўжды прыходзіць шмат, таму, калі на ўсе адказаць не паспеем, адкажам на нашым сайце".

Дыск "Лепшае", які з'явіцца ў продажы ўжо напрыканцы лістапада, у саміх музыкаў выклікае супярэчлівыя меркаванні.

Зміцер Сасноўскі:"Мы склалі дыск "Лепшае", нават калі асабіста я кепска стаўлюся да гэтай ідэі. Таму што гурт, які выпускае "Лепшае" далей што будзе рабіць, толькі горшае? Песні для пласцінкі выбіралі па многіх крытэрыях: па-першае, гэта тыя кампазіцыі, якія на канцэртах часцей за ўсё просяць выканаць. Да таго ж, мы шмат працуем з Полацкім сшыткам і адкрываем тыя музычныя шэдэўры, якія там ёсць. Спрабуем нават рабіць аранжыроўкі, набліжаныя да 17 стагоддзя".

Як распавёў лідэр гурта Зміцер Сасноўскі, музыканты "Старога Ольсы" зараз перасталі пісаць музыку, а паставілі перад сабой мэту граць тое, што ёсць:

Зміцер Сасноўскі: "Ва ўсіх музычных архівах Еўропы ляжаць ноты з музыкай часоў ВКЛ ніколі нікім не апісаныя і ны сыграныя. Калі напачатку мы пісалі, стылізавалі пад Сярэднявечча, то зараз мы, атрымліваецца, займаемся навуковай працай: разлічваем ноты з арыгіналаў, а не з таго, што ўжо надрукавана. Такім чынам, мы пазнаёміліся з такой колькасцю шэдэўраў беларускай музыкі, што хопіць усім сярэднявечным гуртам да канца жыцця".

Пакуль жа, кажа Зміцер Сасноўскі, у развіцці сярэднявечнай музыкі на Беларусі зацікаўлена толькі пэўнае кола гуртоў і людзей. Затое сама музыка вельмі папулярная на розных тэлеканалах і радыё.

Зміцер Сасноўскі: "Вось свежы прыклад: радыё Бі-Эй зрабіла рэкламны ролік з нашай музыкай і запусціла яго ў эфір. Мы запісалі цэлы кавалак эфіру разам з навінамі, каб ведаць, які дакладна дзень гэта быў. Звярнуліся ў камісію па аўтарскіх правах. На што нам каіраўніцтва Бі-Эй адказала: "Гэта старадаўняя музыка, а не ваша... " Мы проста не сталі губляць час і грошы на суд. А ўвогуле, такіх выпадкаў вельмі шмат. Мы граем сярэднявечную музыку, а сітуацыя з аўтарскімі правамі – гэта Каменны век проста!"

Што тычыцца папулярнасці гэтага музычнага накірунку на Беларусі, ён яшчэ толькі пачынае ўтварацца, лічаць музыканты "Старога Ольсы". Зміцер Сасноўскі выдзеліў жорсткія крытэрыі да стылю: прысутнасць старых інструментаў, зробленых па іканаграфіі, якая была на гэтай тэрыторыі; нотны матэрыял; адпаведны стыль імправізацыі і аранжыровак. Па словах Змітра, пакуль гэтыя крытэрыі можна прымяніць толькі да 5 гуртоў у Беларусі.

Тым часам, у ўдзельнікаў "Старога Ольсы" з'яўляюцца і ўласныя дзеці, і ўласныя музычныя праекты. Так, Алесь Чумакоў, гусляр гурта, стварыў праект "Келіх Кола", Андрэй Апановіч, бубнач, – гурт "Літвін Троль", былая флейтыстка "Старога Ольсы" Каця Радзівілава – гурт "Рарог". Што прымусіла ўтварыць новыя гурты, распавядаюць самі музыканты:

Алесь Чумакоў: "У гурце "Келіх Кола" зусім іншы прынцып: "Стары Ольса" робіць акцэнт на музыку, а мы працуем менавіта для танцавальных калектываў: тое, што яны танчаць, мы і граем. Да таго ж, у адрозненні ад "Старога Ольсы", ёсць аўтарскія спевы, фольк-музыка стаіць на больш важным месцы".

Каця Радзівілава зараз займаецца ігрой на старадаўніх інструментах з дзеткамі:

"Ідэя стварыць такі гурт нарадзілася сама сабой: я патрыёт, і я вельмі хачу, каб у Беларусі існавала наша гістарычная музычная спадчына,– распавядае Каця. – А дзеці – гэта носьбіты. Да таго ж, з імі вельмі проста працаваць: яны бачаць інструмент: "О, жалейка! Я хачу, і я магу!" І пачынае вучыцца граць, як дарослы. Дзеці вельмі шчырыя, нам у іх варта вучыцца".

Што тычыцца вакаліста і лідэра гурта, акрамя працы над новымі музычнымі творамі, Зміцер рыхтуе да выдання першы падручнік па гісторыі беларускай музыкі.

"Беларусы – унікальная нацыя, якая валодае вялізнай музычнай спадчынай розных стагоддзяў, але ў якой адсутнічае хаця б адзін падручнік па гісторыі беларускай музыкі. Гісторыкі не займаюцца мастацтвам, а мастацтвазнаўцы не займаюцца методыкай гістарычных даследаванняў. Яны не валодаюць храналогіяй, а распрацаваць храналогію для гісторыі беларускай музыкі можа толькі чалавек, у галаве якога мастацтвазнаўская і гістарычная навука спалучаны", – тлумачыць Зміцер Сасноўскі

Да таго ж, на юбілейным канцэрце гурта традыцыйна выступіць тэатр "Яварына", з якім гурт "Стары Ольса" супрацоўнічае ўжо шмат гадоў. Акрамя гэтага, павіншаваць музыкантаў прыйдуць сябры з іншых гуртоў, каскадзёры і удзельнікі рыцарскіх клубаў.

Тэкст: Міра Шульц
Фота: Tarantino
"Еўрарадыё"

Стары Ольса

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net