О проекте

Ілля Маліноўскі: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2016 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. З 2002 году працаваў радыёвядучым на станцыях "Мир", "Минск", "Мелодии века". З 2007 году працуе журналістам на "Еўрарадыё". Аўтар шматлікіх інтэрв'ю, рэцэнзій і рэпартажаў пра беларускую музыку, а таксама вядучы музычных імпрэзаў. Лідар гурта "Дрымон".

Калі штогод сядаю за падвядзенне вынікаў музычнага году, кожны раз адчуваю, што чаканні былі большыя. Бываюць дні, прасякнутыя натхненнем, бо ў навушніках гучыць чый-небудзь новы альбом, які, падаецца, мусіць распачаць серыю крутых рэлізаў. Але мінае тыдзень-два, захапленне заціхае, а новага, хаця б блізкага па ўзроўні, нічога не выходзіць. Можа гэта і нармальная практыка ў свеце! Як чалавек, моцна заангажаваны ў беларускую музыку, не магу пахваліцца сапраўды пільным маніторынгам рэлізаў якой-небудзь іншай краіны, нават суседняй. Але хочацца, каб музыка "да дрыжыкаў”, з’яўлялася ў нас часцей… мінімум штомесяц, а тое і кожны тыдзень. Утопія. Таму вяртаемся да 2016 музычнага году. Не скажу, што ён быў слабы, сумны, неарыгінальны, ці які іншы прыназоўнік з адмоўнай афарбоўкай, але і выбітным яго на жаль не назавеш.

Добра тое, што ў шорт-ліст экспертаў патрапілі вельмі разнастайныя стылістычна музыкі. А далей усё традыцыйна: спачатку жанглюеш альбомамі, каб вызначыць сапраўды вартага першага месца, а потым такая ж праблема, каб вызначыць каго паставіць на дзясятае. Прычым ёсць яшчэ шэраг гуртоў, якія хочацца ўключыць у топ-10, але не ведаеш, як. Не стамлюся прызнавацца ў тым, што я далёкі ад электроннай музыкі, ды ад… назавем гэта "эстрадай". Таму быць аб’ектыўным у гэтых пытаннях не здольны. Прабачце! Хоць, з іншага боку, усе гэтыя экспертныя ацэнкі – звычаная густаўшчына аднаго чалавека, які проста захацеў і не пабаяўся сказаць, што на яго думку лайно, а што – агонь.

1. Лявон Вольскі "Псіхасаматыка" – слухаць

Адна з самых асабістых працаў Лявона Вольскага. Дыск проста распірае эмоцыямі, тугой і нейкай спустошанасцю. Ці гэтыя мэты ставіў перад сабой музыка, ці гэта маё ўласнае ўспрыняцце, ужо не важна. Але слухаць "Псіхасаматыку" настолькі складана, наколькі ж і прыемна. Адсутнасці доўгіх уступаў, брыджаў і іншых улюбёных беларускімі музыкамі фішак – заварожвае. Без замежных сессіёншчыкаў такія аранжыроўкі былі б, напэўна, немагчымыя. Усё проста, лёгка і празрыста, але ў той жа момант вельмі тлуста і смачна.

2. Петля пристрастия "Мода и облака" – слухаць

Складана было наважыцца на тое, каб не паставіць гэты дыск на першае месца. Вельмі крута. Той самы выпадак, калі слухаеш і спадзяешся на тое, што і рэлізы іншых музыкаў будуць такога ж узроўню. Няма нараканняў і няма словаў, каб поўнавартасна выказаць захапленне відавочным ростам музыкаў. Каб толькі не згубілі, каб далей не стала горш, каб знайшлі магчымасць для далейшага развіцця…

3. True Litwin Beat "Ненужная правда о беларусах" – слухаць

Шчыра скажу, высокае месца абумоўлена асобай Сяргея Пукста і яго выбітнымі і непадобнымі ні на што тэкстамі. Праект, які разарваў мяне з першага канцэртнага знаёмства. Унутраную інтэлігентнасць Сяргея немагчыма схаваць ні за вобразам Георгія Дабро, ні за вострасацыяльным сарказмам і начыткай. Але ў выпадку з True Litwin Beat унутранае Сяргея не ламае вобраз, а, наадварот, дапаўняе і дае дарогу жывому гумару і пэўнаму вар’яцтву.

4. Dzieciuki "Рэха" – слухаць

Для мяне вельмі дзіўны гурт. Ніколі не разумеў тое, што яны робяць. Не магу пахваліцца тым, што ўвогуле слухаю падобную музыку. Але з захапленнем стаўлюся да іх творчасці. Dzieciuki трапілі ў топ-10 без развагаў. Давялося проста вырашыць месца, але і тут ніякіх "за" і "супраць" для сябе я не высоўваў. Проста вырашыў, што будзе так. Тая самая густаўшчына, пра якую я казаў раней).

5. Shuma "Сонца" – слухаць

Тая ж гісторыя, што і з "Дзецюкамі". Люблю тое, што робіць Руся. Прычым гэтая любоў цягнецца вельмі даўно. Не разумею электроннай музыкі, але дзякуючы праекту Shuma яна трапіла ў мой плэйліст. Пагадзіцеся, гэта дарагога каштуе… А закрыць пяцёрку лепшых – мне падаецца, нармальная падзяка (смайлік).

6. Akute "Пластыка" – слухаць

Харошы альбом! Можа крыху недаціснуты, можа крыху праставаты для "Акутаў", але харошы. Ёсць хіты, ёсць прахадныя песні, але самае галоўнае, што праца не спыняецца. Альбом непадобны на папярэднікі, хоць стыль гурта чытаецца без праблемаў. Проста пакуль не намацалі чарговай бяспройгрышнай фішкі, але яны гэта зробяць. У гэтым годзе (смайлік).

7. Nebulae Come Sweet "It Is Not The Night That Covers You" – слухаць

Ну, тут адкрыццё без варыянтаў. Калісьці даўно, на нейкім адборы на нейкі фестываль, я з іншымі сябрамі журы глядзеў на хлопцаў і пасмейваўся з іх спробы закаціць шоў. Пажартавалі, пасмяяліся і далі ім ці не першае месца. І вось гэтая гісторыя запомнілася, бо матэрыял у хлопцаў класны. Пужае толькі тое, што працавалі яны над дэбютнікам вельмі доўга… Каб не сталася так, што сілаў на працяг у музыкаў не засталося. Але будзем спадзявацца на лепшае! А планку хлопцы ўзнялі высока.

8. Грёзы Пафнутия "Сутра подсолнуха" – слухаць

Яшчэ адзін калектыў "па старой памяці". Дэбютнік быў больш простым і прымальным. А вось пад гэты дыск ужо трэба лавіць настрой. Але як трапіш, то адмовіцца будзе складана. Маё шчырае перакананне, што дзясяткі лепшых альбомаў не можа быць без такой працы.

9. Mustelide "Spi" – слухаць

А можа электронная музыка не такая ўжо і далёкая для мяне?) Наташа Куніцкая дакладна робіць нешта прыгожае і вартае ўвагі. Шчыра прызнаюся, што не буду стала трымаць яе трэкі ў плэйлісце, але ж і слухаю я іх без унутранай барцьбы. Нават бывае прыемна абмеркаваць самому з сабой тую ці іншую знаходку.

10. Стары Ольса "Medieval Classic Rock" – слухаць

Яшчэ адзін незразумелы і нечаканы для мяне самога выбар. Каб яшчэ год таму мне сказалі, што я пастаўлю альбом кавераў у дзесятку лепшых, то гучна зарагатаў бы. Але ў жыцці адбываюцца і такія кульбіты. Класічныя рок-тэмы ў выкананні "Старога Ольсы" гучаць сапраўды вельмі арыгінальна і па-свежаму. Часам падаецца, што менавіта так яны першапачаткова і выконваліся, проста замежныя музыкі своечасова прыхапілі старадаўні трэк і выканалі яго пад электрагітары з барабанамі. Ну, і ў якасці апраўдання дадам: у Беларусі так шмат кавер-бэндаў, што сярод лепшых рэлізаў году немагчыма не адзначыць і гэты накірунак (смайлік).

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net