Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Працавала на радыёстанцыях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца". У выніку на працяглы час затрымалася на "Першым канале" беларускага радыё. У мінулым аўтар перадач "На ростанях", "Яшчэ не вечар", "Сонца ў вочы", "Вечаровы акорд", а таксама праграмы "Тры акорды", прысвечанай беларускай рок-музыцы.
Чамусьці ўсё менш радуе старое і добравядомае, а ўсё больш прыцягвае новае і нечаканае. Можа, і не самае дасканалае, не самае зладжанае, але... Хочацца здзіўляцца, хочацца маладой энэргіі, хочацца навізны. Мяне летась парадавала нават група Dzieciuki. Тым не менш, я пастаралася пагасіць у сабе падобныя суб’ектыўныя парывы, і не забыцца на заслужаных мэтраў.
Як звычайна, тры-чатыры альбомы яшчэ вельмі хацелася ўмесціць у Топ-10. Напрыклад, на крок ад Топ-10 у мяне апынулася група Vuraj. Трошкі не хапіла разняволенасці, ці вар’яцтва. Атрымалася прыгожа, але занадта акадэмічна. Лявона Вольскага я б адзначыла за спробу змяніць старую музычную форму. "Ляпіс Трубецкой" за песню "Воины света", Brutto – за крэатыўнасць і смеласць, Earworm – за густоўнасць і стыль, Navi – за абяцанне чагосьці вельмі сімпатычнага ў будучым. І гэтак далей.
Тым не менш сказаць, што было шмат альбомаў высокага ўзроўню, неяк не выпадае. Што летась нешта выбухнула – таксама. Пяць першых пазіцый мне сапраўды хацелася абавязкова адзначыць, а далей было ўжо шмат варыянтаў. І яшчэ заўважу, што гэта быў рэдкі год, калі ўсё так відавочна, зразумела і бясспрэчна было з лідарамі і фаварытамі. Прадказальна і трохі сумна.
Для весялосці і жвавасці працэсу на працягу ўсяго года мне не хапіла некаторых запісаў, што не трапілі на разгляд сайта. Я кажу пра альбомы з "нармальнымі" песнямі – з поп-песнямі, з бардаўскімі песнямі, з электра-песнямі і гэтак далей. Напрыклад, "Экивоки", Botanic Project, Cosmopolite, Паша Green, Галіна і Барыс Вайханскія. Няхай бы ў іх былі адзнакі ніжэйшыя за цяперашні прахадны цэнз. Было б болей эмоцый, спрэчак, абмеркаванняў. Не было б так гладка. А то можа скласціся адчуванне, што ў Беларусі ёсць толькі авангард, альтэрнатыва і модная гульня з гукамі на камп’ютары. Але я разумею, што штатным экспертам і без гэтага хапае працы.
1. Port Mone "Thou" – слухаць
У гэтай пласцінцы ў фокус сышліся эмоцыі і розум. Хаця, здавалася б, такая музыка ў першую чаргу звяртаецца менавіта да пачуццяў. Але праз гэтыя пачуцці яна радуе і мозг сваёй лагічнай дасканаласцю. Логіка выбудовы музыкі, гукаў, пауз на гэтым альбоме аказалася гарманічнай майму розуму, а, значыцца, і пачуццям.
2. IOWA "Export" – слухаць
Не адразу я прыйшла да думкі, паставіць альбом IOWA на другое месца. Пакуль не схамянулася – а давайце ўявім, што гэты альбом, увогуле гэтыя песні мы пачулі вось толькі што? Была б радасць, была б сенсацыя? Мабыць, былі б. Ды й хто я такая, каб не заўважыць і не ацаніць, што групу слухаюць мільёны людзей? Аднак і без такіх аргументаў – вельмі радасная пласцінка. І гэтым унікальная.
3. Tonqiхod "Прадмова" – слухаць
Нешта падобнае, як і ў выпадку з Port Mone, я адчувала пры праслухоўванні гэтага альбома. Відавочная прысутнасць ratio. Канструктар ужыў вельмі розныя матэрыялы, ужыў з густам і гумарам. І сабраў цэльную кампазіцыю. Я менавіта радавалася, калі слухала – новаму павароту, новаму сюжэту, новаму проігрышу, новай дэталі. Мне здаецца, менавіта гэтая атрыманая радасць вывела альбом на самыя высокія пазіцыі ў крытыкаў.
4. Mustelide "Secret" – слухаць
Сціпла, нягучна... Быццам бы сціпла. Але пасля альбома застаешся ў прыемным гарманічным стане. Добрае пачуццё густу, добрае адчуванне меры, правільна знойдзеная форма. Ізноў жа – радасць ад такой небанальнай творчасці.
5. .K "УніСон" – слухаць
Зачапіла у першую чаргу, мабыць, энэргія. Якая бударажыць кроў. Зачапілі індывідуальнасць і індывідуалізм. І смеласць, канешне, якая аказалася апраўданай. Да таго ж – правільны запіс, правільная аранжыроўка, правільны тэмбр. З абяцаннем на будучыню.
6. Zolki Band "Доўгі-доўгі дзень" – слухаць
Добра гучыць. Не млява, не занудна. Так, як і павінны гучаць рок. З сімпатычнай мне доляй эклектыкі, непрадказальнасці, істэрыкі. Цікавыя тэксты, цікавы вакал. Добрая база на будучыню.
7. Akute "Рэальнасць і сны" – слухаць
На гэты раз Akute парадавалі мяне гучаннем, сыгранасцю. Менш стала агульнай млявасці і абыякавасці да жыцця. Неблагі кавер "Уліса". Цяпер можна і крэатывіць. А можна і старацца стварыць сапраўдны хіт, які гучаў бы на ўсіх радыёстанцыях, і адразу б запамінаўся.
8. Без билета "Море" – слухаць
І я таксама ледзь не забылася пра "Без билета", бо так сціпла і без прэтэнзій прайшоўся альбом па году. Тым не менш, праца прафесійная, і лепшая, як на мой густ, за папярэдні альбом групы. Няхай і не надта запамінальныя, але прыгожыя песні, з добрым такім "экагалагічным" зместам, з актуальным гучаннем, з ненапружнай і няштучнай эмоцыяй. Некалькі раскручаных не самых удалых нумароў усё ж не павінны засланіць астатнія творы.
9. The Toobes "Road To The Big Time" – слухаць
Гучыць пераканаўча, гучыць моцна. З кожным альбомам група гучыць лепей. І я сама нават не разумею, чаго ж мне не хапіла, каб уразіцца альбомам, каб запомніць песні, каб паставіць пласцінку вышэй у турнірнай табліцы? Можа, здзіўлення?
10. Крама "Белая вада" – слухаць
Галоўнае, што "Крама" не правалілася, і гэта ўжо радуе. Была небяспека пасля такога перапынку з жаданнем гучаць модна і актуальна перайсці мяжу густа, збіцца з дарогі. Аднак "Крама" засталася "Крамай". Такой музыкі нам не стае, і хаця б дзеля гэтага...
Experty.by