О проекте

Надзея Кудрэйка: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2015 год (+аудыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Працавала на радыёстанцыях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца". У выніку на працяглы час затрымалася на "Першым канале" беларускага радыё. У мінулым аўтар перадач "На ростанях", "Яшчэ не вечар", "Сонца ў вочы", "Вечаровы акорд", а таксама праграмы "Тры акорды", прысвечанай беларускай рок-музыцы.

На маю думку дыскаграфічны год атрымаўся традыцыйна цікавы, разнастайны, але вельмі роўны. Адкрыццяў, бадай што не было, але добрай і прафесійна зробленай музыкі хапала. Можна заўважыць, што з гадамі выраўніваюцца ветэраны і пачаткоўцы: усе запісваюцца якасна, усе маюць аднолькавыя веды пра актуальнае гучанне, пра стыль і канцэпцыі. Канешне, калі б некаторыя альбомы з'явіліся знянацку, то, можа, і падаліся б адкрыццямі, але сюрпрызаў не здарылася. А зусім новыя, адметныя і сімпатычныя праекты – маюць досыць недасканаласцяў, каб прэтэндаваць на званне адкрыццяў. Агульная ж карціна, паўтаруся, такая – многа добрых альбомаў прыкладна аднаго ўзроўню, якія расстаўляць па месцах можна толькі паводле суб'ектыўных крытэрыяў. Ці па тым, хто які крытэрый лічыць больш значным.

Несумненна, акрамя згаданых мной у Топ-10, хацелася б адзначыць і іншых: Brutto, NABR, "Крамбамбулю", Super Besse. Праект "Anima" пры ўсёй сціпласці выканання атрымаўся досыць густоўным. Вось, напрыклад, чаму Super Besse па-за дзясяткай. Бо я палічыла гэта не альбомам з розных песень, а альбомам з розных варыяцый галоўнай песні, якія усе павінны біць ў адну кропку, і гэтым запамінацца. Прынамсі, такую творчую задачу, як мне здаецца, і ставілі музыкі. Вельмі сімпатычны мне быў альбом Harotnica, але тут якраз адваротны выпадак – немаведама, у якую кропку ён б'е, ідэя размытая, у групы пераходны перыяд. У працах Паліны Рэспублікі, Rahis, Teleport, Intelligency ёсць свая сімпатычная фішка, ёсць карыснае зерне, якое яшчэ трэба паліваць, і тады яно вырасце ў дрэва. Ды й пра многіх можна сказаць нешта падобнае.

1. Nizkiz "Лірика" – слухаць

За Nizkiz пасля доўгіх роздумаў я прагаласавала як просты слухач, не абцяжараны абавязкам "крытыка" казаць, пісаць і слухаць нешта "заумное". Альбом я слухала не толькі па службе, але і для задавальнення. Адчуванне, што такі мэйнстрымавы, добра знаёмы рок зараз не ў трэндзе, не ў модзе і камусьці надакучыў. Але Nizkiz, на мой погляд, у абраным стылі і жанры сваю справу зрабілі ледзь не на сто адсоткаў. Нават і не знойдзеш, за што папракнуць (ну не за сам жа стыль?), што назваць не да канца дасканалым. Амаль усе песні – хітовыя. Моцнае чыстае гучанне, адметны голас у поўнай гармоніі з інструментамі, энэргія, экспрэсія, яскравыя мелодыі, аранжыроўкі лаканічныя і празрыстыя, у меру цяжка – у меру лёгка. Тэксты, канешне, не абцяжараныя асаблівым сэнсам, але ладныя. А песня "Як спыняецца цішыня" мне здаецца лепшай беларускай песняй мінулага года. Бо чаго нам асабліва не стае? Не стае добрых беларускіх песень "для ўсіх", песень, якія можна назваць фарматнымі, песень для шырокай публікі.

2. Shuma "Жніво" – слухаць

Вялікая каштоўнасць праграмы – гучанне. Гучанне ўсяго разам. Для мяне трымаецца ўсё на вакале. Вельмі ўдала знойдзеная асаблівая манера спеваў і апрацоўка вакалу – менавіта такія, што патрэбныя для гэтай музыкі, для гэтай электронікі, для гэтых гукаў. І галасы, і беларуская мова – як частка электроннай музыкі, але з вельмі цёплым чалавечым цяплом. Не думаю, што гэта яшчэ можна называць этнікай, апрацоўкай фальклору. Але нешта больш глыбіннае, з нашай беларускай падсвядомасці ў гэтай музыцы несумненна ёсць. Калі ж казаць з пункта гледжання "змест-форма", то са зместам усё ў парадку, а форма трохі саступіла зместу. Ёсць адчуванне некаторай аднастайнасці ўсёй праграмы, падобнасці структурнай пабудовы трэкаў. І мне б хацелася, мо, трохі большай "хітовай" аформленасці.

3. Re1ikt "Лекавыя травы" – слухаць

Нешта такое магутнае, з зямлі, такі сапраўдны рэлікт – мой вобраз гэтага альбома. Вобраз вытрыманы на працягу ўсяго гучання, эмоцыя не абрываецца, не рвецца. Фолкавыя песні, хоць і перажылі вялікую трансфармацыю, усё ж відавочна ў лепшы бок уплываюць на музыку групы, гэта самыя ўдалыя нумары пласцінкі. І тыя, дзе ёсць больш уцямная мелодыя. Мне падаецца, што не варта ў такім стылі баяцца меладычнасці, яна не шкодзіць і цяжкай музыцы.

4. Кассиопея "Крестик" – слухаць

Мне было вельмі цікава і нясумна слухаць гэтую праграму. Асабліва парадавала афармленне падобных тэкстаў папулярнымі, падчас ледзь не танцавальнымі рытмамі. А самым цікавым было сачыць за развіццём думкі і фантазіі творцаў. Трохі больш бы жадання зрабіць з гэтага нешта не такое фонавае, толькі для меламанаў – то магла б атрымацца бомба.

5. Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Наша песня" – слухаць

Як я разумею, задума ў альбома была грандыёзная. Стварыць зборнік самай масавай, але ісцінна беларускай папулярнай песні. Якая была і 50 гадоў назад, напрыклад, і павінна быць зараз. Злучыць мінулае і сучаснасць. Адсюль і першая кампазіцыя альбома – песня на верш Адама Русака у выкананні ансамбля "Неруш". Нешта такое з даўніх савецкіх часоў, калі з падобных спеваў здавалася, што "как хорошо в Беларуси советской жить". Тут жа – і старадаўняя песня Юрыя Семянякі "Я люблю бярозку". Сюды ж – і новая версія "Я нарадзіўся тут", з нейкай вельмі правільнай эмацыйнай афарбоўкай – калі сыходзіць з задумы альбома. Але – далей нешта пайшло не так. Мабыць, проста не хапіла часу і высілкаў, і цэльнай праграмы не атрымалася. Атрымалася спалучэнне твораў і настрояў, якія бянтэжаць у выглядзе праграмы. Затое! атрымалася многа добрых песень, добрых запісаў. І хітовых, і на ўсе густы, і тых, што можна спяваць хорам, і тых, што праз дзесяцігоддзі будуць гучаць.

6. Neuro Dubel "На Марс!" – слухаць

Абсалютна пазнавальны Neuro Dubel – за што яго і любяць, але ж трохі новы. Дарослы такі, сцішаны ў эмоцыях і голасе, месцамі нават лірычны, з мудрай інтанацыяй. Ёсць жывое дыханне жывых людзей. І песні харошыя таксама ёсць.

7. Серебряная свадьба "Музыка – всё!" – слухаць

Немагчыма не захапіцца гераічнасцю і крэатыўнасцю стваральнікаў такога альбома. Асабліва ва ўмовах, калі публіка і кан'юнктура патрабуюць ад цябе чагосьці іншага, а ты ідзеш за тым, чаго хоча твая творчая душа. Можа, і не да канца на гэты раз супалі задумы музыкантаў і чаканні слухачоў. Можа, і мне раней падавалася, што песні для дзяцей – гэта штосьці іншае. Але калі ўжыць слова "спектакль" – то ўсё становіцца на свае месцы. І відавочна, што найперш гэта вельмі віртуозная музычная праца.

8. Kazalpin "Снежкі/Schnee" – слухаць

Гэтая праграма Kazalpin мне спадабалася больш за першую. Першая пласцінка радавала, канешне, сваёй навізной і нечаканасцю. Але тут ўсё гучыць больш гарманічна і больш па-беларуску. Мне падалося, што джазавыя хітрыкі здаліся перад абаяннем беларускіх напеваў і галасоў, і атрымалася больш прыязная для слухача музыка. Няма падзелу паміж швейцарцамі і беларусамі, фолкам і джазам. Няма здзіўлення – ёсць замілаванне і ўтульнае праслухоўванне.

9. The Silicon "Tiki Tohua" – слухаць

Скарыстаюся фразай яшчэ раз – у сваім стылі і жанры група The Silicon зрабіла справу амаль на сто адсоткаў. Быццам узорныя кампазіцыі, атмасферны гук, правільная віртуозная лідар-гітара, меладычнасць, рамантычнасць. Канешне, ёсць адчуванне крыху рэстаўрацыйнай працы і боязі выйсці за межы класічных правілаў, але ў гэтым, на мой погляд, і ёсць сэнс і каштоўнасць альбома – вернасць традыцыям. І ўсё ж мелодыі з беларускім адценнем. Ды й сам спакойны, лагодны характар музыкі сведчыць аб беларускасці творцаў.

10. Розныя артысты "25 АБ-БА Аркестр" – слухаць

Былі, канешне, варыянты на гэтае апошняе вольнае месца ў дзясятцы паставіць іншыя калектывы, але я ізноў аддала перавагу маім суб'ектыўным пачуццям. Магчыма, нейкі чалавек, што ўвогуле ўпершыню пачуў усе гэтыя песні, у сэнсе – ніколі не чуў арыгінальных запісаў – не знойдзе, чым тут асабліва захапляцца. Але я момантамі проста расчулілася. Настальгія, успаміны – з дадаткам новага якаснага гучання і аптымістычнага дзіцячага хора. Пафас, канешне, ёсць – але ён такі ўсмешлівы, сонечны. Трохі змрочныя мужчынскія галасы і тэксты ўраўнаважыліся, і песні сталі радаснымі. Прайшло беларускае пакаленне, і павінна быць новае маладое гучанне.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net