О проекте

Naka: "Я адчуваю з першай хвіліны запісу сваіх песень: гэта ні на што не падобна!"

 

Напярэдадні выхаду другога альбома "Пора" Насця Шпакоўская - лідэр гурта Naka распавяла "Еўрарадыё" навошта менеджэр гурта шакаладкамі спрабуе прыбраць песні з радыёэфіру, дзеля чаго прыгожая дзяўчына можа сысці з дому і працаваць у гаражы, і ці цяжка перакласці песні Naka "на мову".

Еўрарадыё: А ўсё ж такі цяпер ты ўжо можаш сказаць - музыка і тэатр: што для цябе праца, што хобі?

Насця Шпакоўская: Кожны раз, адказваючы на гэта пытанне, я спрабую нанова задаць яго сабе і штосьці пераасэнсаваць – можа быць у момант, калі я на яго адказваю, штосьці памянялася. Але мне здаецца, што не было б тэатра ў маім жыцці, і мне б чагосьці вельмі балюча бракавала. Без музыкі – таксама будзе вельмі-вельмі цяжка.

Еўрарадыё: Тады скажы, што дае табе больш свабоды? Бо роля прадугледжвае нейкія абмежаванні...

Насця Шпакоўская: Так, у тэатры, вядома, шмат межаў. Але, як паказвае практыка, іх шмат і на сцэне клуба ці пляцоўцы стадыёна. У тэатры трохі іншая несвабода: несвабода ад мізансцэны, ад драматурга, ад прапанаваных абставін. Але ты актыўна заняты тым, каб шукаць гэту свабоду ўсярэдзіне. Калі ты яе не знаходзіш – гэта выглядае трошкі непрафесійна. Ад якасці знойдзенай свабоды ў тэатры залежыць твая свабода як акцёра.

У музыцы ты шукаеш свабоду ўсярэдзіне сябе і спрабуеш яе выцягнуць вонкі. У любым выпадку, барацьба за сваю свабоду адбываецца як у тэатры, так і з гуртом. Але гэта проста трошкі розны пошук і розная праца.

Еўрарадыё: У тэатры ты грала анёла, сараканожку, настаўніцу, прастытутку, нават Рагнеду… Як гэта - уваходзіць у такія розныя ролі?

Насця Шпакоўская: Роля сараканожкі – мая першая праца ў тэатры ў амаль 17 гадоў. Быў вельмі клёвы дзіцячы мюзікл "На чароўным гарышчы" Валянціны Яраньковай. Тую працу я ўзгадваю з трапятаннем. Далей было шмат разнапланавых і вялікіх роляў. Адна з маіх любімых – Віялена, у спектаклі "Узвяшчэнне Марыі" - пракажоная святая, якая праходзіць праз усе колы пекла і ўваскрасае ў канцы. Гэта вельмі духоўная, дарагая для мяне роля. Роля прастытуткі Разалі у спектаклі "Тата, тата, бедны тата" - таксама добрая праца, адна з маіх любімых. Затым ролю прастытуткі мне давалі яшчэ ў "Трохграшовай оперы".

Наогул вялікі акцёрскі лёс у мяне ўжо ёсць, хоць гэта зусім не значыць, што менш стала хацецца. Ёсць яшчэ куча некранутых вобразаў.

Еўрарадыё: Зусім нядаўна ў цябе быў досвед здымак у кіно...

Насця Шпакоўская: Гэты досвед быў крыху хаатычны у маім жыцці. Мой сябар, Саша Канановіч, запрасіў зняцца ў фільме "Даст іш фантасціш". Напэўна, складана знаходзіцца ў сур'ёзнай працы з сябрамі – гэта, хутчэй, нешта студэнцка-забаўляльнае. Складана параўнаць з нейкай сур'ёзнай працай у тэатры. У фільм увайшла мая песня, якая з'явіцца ў трэцім альбоме, і я думаю, з фрагментаў мы знімем наш новы кліп. Гэта значыць, гэты фільм пагрэў хутчэй маё музычнае самалюбства, чым акцёрскае.

Еўрарадыё: Такім чынам, прыгожая дзяўчына, паспяховая актрыса тэатра ідзе ў гараж, каб паспяваць…

Насця Шпакоўская: Рэпетыцыі ў гаражы я ўспамінаю з трапятаннем і любоўю. Першыя людзі, якія трапілі пад руку і хоць трохі ўмелі граць… Я разумела, што трэба хутчэй запісваць альбом. Для рэпетыцый шукалі любыя падыходзячыя месцы. Вельмі моцна верыла і вельмі моцна адчувала гэту музыку. І вельмі моцна жадала хутчэй вынесці яе са сваёй галавы. Было адчуванне, што калі я гэтага не зраблю, кроў пойдзе праз вушы ад таго, як усё гэта заляжалася ўсярэдзіне і нават перарадзілася. Таму, гараж быў за радасць.

Праз год мы пайшлі ў студыю пісаць альбом фактычна адразу з гаража. Першы альбом я пісала як у тумане, хацелася штосьці хутчэй рабіць далей. У мяне было адчуванне, што я адкрыла новы музычны шлях.

Еўрарадыё: А твае блізкія той "гаражны перыяд" нармальна ўспрынялі?

Насця Шпакоўская: Пакуль мы запісвалі першае дэма, я сышла з дому. Палаялася з усімі, жыла ў сяброўкі на кватэры. Потым прыйшла дамоў і са словамі "Вось, чым я займалася, паслухай!" кінула матрыцу тату. На дыску былі першыя пяць песень, якія на мой жах ўсё яшчэ стаяць у плэй-лісце Аўтарадыё. Не ведаю, чаму іх дагэтуль не прыбяруць. У менеджэра гурта Naka ужо канчаюцца грошы на шакаладкі: людзі носяць шакаладкі для таго, каб паставіць песню ў эфір. А мы - для таго, каб прыбраць песню з эфіру. Таму што нам сорамна за тую якасць запісу.

З часам мае блізкія змірыліся з маім захапленнем музыкай. Мабыць, у той момант сысці з дому мне было неабходна для таго, каб спакойна, ні пра што не думаючы, пачаць гэта рабіць.

Еўрарадыё: Другі альбом пісалі гэтак жа імкліва? Ці гэта ўжо больш сталае "дзіця"?

Насця Шпакоўская: Абсалютна дакладнае слова – сталы. Не было якога-небудзь падлеткавага, максімалісцкага, неабдуманага, спантаннага дзейства. Фактычна, кожны крок быў вывераны.

Еўрарадыё: Гэта пра напісанне песень?

Насця Шпакоўская: Не, як пішуцца песні я сама, шчыра кажучы, не ведаю. Часам, слухаючы свае песні, ужо якія склаліся і атрымаліся, я сама дзіўлюся, як гэта напісала. Я пра працу над запісам альбома, прома-часткай, падрыхтоўку да прэзентацыі – тут усё было больш свядома, на іншым тэхнічным узроўні. Гэта зусім не значыць, што мне не падабаюцца песні з першага альбома. Мне не падабаецца, як яны запісаны і выкананы.

Еўрарадыё: Над запісам альбома з вамі працаваў вядомы гукарэжысёр Сяргей Бальшакоў...

Насця Шпакоўская: …І я чакала нейкага фенаменальнага выніку. Але, як аказалася, у працы з маёй музыкай такога наогул не можа быць. Адна справа, калі я з мінскімі рэжысёрамі ваявала, ледзь не на нажах. А потым разам дзівіліся атрыманаму выніку.

Зусім іншае, калі гэта гукарэжысёр Сяргей Бальшакоў - чалавек, за плячамі ў якога больш 300 альбомаў: Зямфіра, "Мумий Тролль", Кіпелаў, Кінчаў, "Би-2", ды ўсе, хто толькі можа спяваць рок. Ён доўга не разумеў музыкі, не ўяўляў, чаго я хачу. І калі б ён не быў асобай у гукарэжысуры, чалавекам карпатлівым і скрупулёзным, магчыма, мы б з ім і развіталіся. А паколькі яму самому стала цікава, што з гэтага атрымаецца, мы "дазмагаліся" да выніку, які задаволіў нас абоіх.

Ён дапытваў, на што гэта павінна быць падобна, тлумачыў, што да яго прыходзяць розныя зоркі і ўсё ставяць нейкія рамкі. А я казала яму, што мне няма з чым параўнаць нашу музыку. Тады Сяргей пайшоў вакольным шляхам: паспрабаваў праводзіць са мной штосьці накшталт тэстаў, якую музыку я слухаю, што на мяне ўплывае. У выніку ён сам сказаў, што гэта ні на што не падобна і што ён не зводзіў падобнай музыкі раней. Было вельмі прыемна гэта чуць. Я адчуваю з першай хвіліны запісу сваіх песень: гэта ні на што не падобна.

Еўрарадыё: Ты кажаш, што Naka грае альтэрнатыўны рок. А якім яшчэ павінен быць рок? Што вы ўкладваеце ў гэта паняцце?

Насця Шпакоўская: Гэта, хутчэй, ад безвыходнасці прыйшлося прыдумаць. Усе першым чынам пытаюць: "А якую музыку вы граеце?". Альтэрнатыва – гэта штосьці тое, што адрозніваецца ад асноўнай масы, альтэрнатыва таму, да чаго мы прывыклі. Паколькі я не люблю займацца аналізам і ў дачыненні сваёй музыкі і наогул не бачу сэнсу гэтым займацца, - гэта своеасаблівае прыкрыццё. Яшчэ я люблю казаць, што гэта рускі рок. Цяпер радзей, але раней любіла выкарыстоўваць рускія народныя матывы ў сваёй творчасці, тэкставую прастату і свабоду. Адзінае, што я магу казаць цалкам дакладна і упэўнена: "Мы граем рок". Гэта сапраўды не поп-рок.

Еўрарадыё: У гэты ж час кажуць, што з вашай другой пласцінкай вы рухаецеся ў бок камерцыйнага ФМ-фармату. Згодныя з гэтым?

Насця Шпакоўская: Дзіўная рэч. Сяргей Бальшакоў кажа, што гэта ні на што не падобна. Наш прыяцель Лёша, прадзюсер гурта Барто, паслухаўшы другі альбом, кажа: "Паслухайце, так вы ж наогул сышлі ў жорсткую альтэрнатыву!". Троіцкі, які быў захоплены песняй "Мой герой - Таня Буланава", сказаў, што мы "Горад 312". Хоць, я ўяўляю, як Троіцкі слухаў дэма…

Вось таму я думаю, што калі слухаць усіх, хто кажа штосьці, можна з глузду з'ехаць. Тое, што нас ніводная радыёстанцыя не раціруе, ужо кажа пра тое, як мы "сышлі" ў радыёфармат. Я ведаю, куды мы рухаемся, і гэта самае галоўнае. А калі хтосьці лічыць, што мы сышлі ў поп-фармат, - калі ласка, мяне гэта толькі забаўляе.

Еўрарадыё: Як з'явілася "Мой герой – Таня Буланава?"

Насця Шпакоўская: Калі я прыносіла музыкам гурта адну за адной лірычныя песні пра каханне і "за жизнь", яны вінавацілі мяне ў "бабскай лірыцы". Гэту песню я напісала ім як адплату, абсалютна свядома. За выкарыстаннем слоў і музыкі той цытаты Буланавай, якую мы выкарыстоўваем, мы звярнуліся за дазволам да аўтара песні Андрэя Багалюбава. Ён зусім спакойна ўсё ўспрыняў і без усякіх грошай падарыў нам гэты эпізод. Я сама не бачыла, але ведаю, што на сайце ў Тані Буланавай вісела наша песня. (смяецца)

Еўрарадыё: Не магу пабудаваць пытанне пра Песню "BY YOU". Гэта жудасна гучыць - чарнобыльская калыханка...

Насця Шпакоўская: Гэта самая складаная па сваім стварэнні песня ў другім альбоме. Сама ідэя выношвалася вельмі доўга, нават баюся сказаць колькі. Але мне так хацелася напісаць штосьці не літаральнае на прыкладзе метафарычнай простай гісторыі пра Чарнобыль. Метафарай стала гісторыя людзей, якія страцілі адзін аднаго і самі страціліся з-за гэтай трагедыі.

Еўрарадыё: Выбар беларускай мовы ў гэтым выпадку, як я разумею, свядомы?

Насця Шпакоўская: Так, былі складанасці, але ў рускай мове мне бракавала гэтай паэтыкі. Адзін з маіх любімых радкоў: "Вецер хай табе прысніцца і пяшчота зграй". Я разумею, што ніколі не выкажаш гэта падобна на рускай мове.

Еўрарадыё: А як табе ўдзел у праекце "Тузін. Перазагрузка", з перакладам на "мову" праблем не было?

Насця Шпакоўская:
Мне спадабаўся гэты досвед, хоць пачало было вельмі складаным. Першапачаткова мне прапанавалі перакласці песню "Дарога" і, вядома, я там ледзь з глузду не з'ехала з перакладчыкам. Не хачу яго крыўдзіць. У "Дарозе" ёсць радок "отчего, отец, скажи мне…", якая ў беларускай версіі загучала як "ад чаго скажы мне, бацька". Я адразу сказала: "Я пра бацьку спяваць не буду!". Мы доўга спрабавалі абыграць пераклад, у выніку нічога не атрымалася. Паспрабавалі перакласці іншую песню. Ужо іншы чалавек, Сяргей Балахонаў, у песні "Бяжы" імгненна пачуў то, пра што я спявала па-руску. Атрымалася эмацыйная, прыемная праца.

Еўрарадыё: Няўжо больш эксперыментаў з беларускай мовай не будзе?

Насця Шпакоўская: Думкі напісаць штосьці ёсць заўсёды. Але з гэтым ёсць невялікая складанасць, таму што я ўсё ж такі думаю па-руску. Асаблівай складанасці гэта не ўяўляе, проста хочацца, калі ўжо спяваеш па-беларуску, спяваць пра нешта такое, пра што па-руску ты таксама добра не спяеш. Чаму і каштоўныя тыя песні, якія з'яўляюцца, таму што яны сапраўды адрозніваюцца ад усяго таго, што я спяваю.

Еўрарадыё: Вы здымалі кліп на песню "Фабрыка зорак", але ён так і не з'явіўся...

Насця Шпакоўская: У нас ідзе шматгадовая барацьба за гэты кліп, які пабачыў столькі аніматараў, колькі бачыў не кожны вялікі поўнаметражны мультфільм. Гэта сапраўды вельмі складаная праца. Зроблены крыўдныя 1,5 хвіліны, якія паказваюць, якім клёвым ён можа быць. Пакуль няма чалавека, які мог бы давесці ўсё да канца. Але я вельмі спадзяюся, што ён з'явіцца. У кліпа вельмі цікавая задума.

Еўрарадыё: На песні з новага альбома яшчэ што-небудзь здымаць будзеце?

Насця Шпакоўская:
Была ідэя зняць ролік для “By you”. Таму што гэта тая песня і той выпадак, які хацелася б захаваць у відэа. На жаль, у нас няма вялікай колькасці грошай, каб дазваляць сабе яшчэ адзін дарагі ролік на песню з новага альбома. А штосьці малабюджэтнае на "By you" зняць проста не атрымаецца.

Еўрарадыё: Вы часта ездзіце з канцэртамі ў Маскву і Піцер. Наколькі складана рабіць першыя крокі на чужой тэрыторыі?

Насця Шпакоўская: Мне вельмі падабаецца выступаць у Расіі. Канцэрты, якія там прайшлі, па сваім эмацыйным складніку, па аддачы залы і прыняцці гурта, аказаліся на зусім нечаканым узроўні. Ніколі не забудуся той выпадак, калі мы выступалі ў маскоўскім клубе "Запаснік", і ўжо пасля канцэрту, мы разабралі інструменты і пераапрануліся, я выйшла ў залу і людзі, якія сядзелі за столікамі ўсталі і пачалі апладзіраваць. Тут у мяне такога ніколі не было.

Адзіная праблема з канцэртамі ў Расіі – гэта складанасць з набіраннем зал і рэкламай. Таму што ёсць вельмі шмат годных мясцовых каманд. Да таго ж, мала павесіць афішы на тумбы горада: трэба растлумачыць, што гэта за гурт. Напрыклад, у гурта "Барто" нядаўна былі выпадкі, калі на іх бясплатныя канцэрты прыходзіла па 20 чалавек. У Беларусі таксама не вельмі ўсё зразумела, але тут больш адладжаная сістэма ў плане рэкламы і доступу інфармацыі.

Еўрарадыё: За час выступаў у цябе ўжо склалася ўяўленне пра твайго гледача?

Насця Шпакоўская: Мне здаецца, гэта нейкія людзі, якія думаюць адчуваюць , а гэта самае галоўнае. Гэтыя людзі відавочна не забілі на свае органы пачуццяў.

Еўрарадыё: Часта выступаеш на байк-фэстах. Гэта таму, што сама любіш экстрым?

Насця Шпакоўская: Мне падабаюцца байкеры, яны добрыя. (смяецца). Паездка на фестывалі – гэта для мяне можа быць, у чымсьці адрэналін.

Еўрарадыё: Насця Шпакоўская "не для гледача" - шкадлівая, галодная, закаханая і не спіць начамі…

Насця Шпакоўская: Дома я зусім іншая. Дома я ў халаце, у піжаме, у тапках. Магу варыць боршч ці есць аліўе. А на сцэне я такая, як толькі я на сцэне. Я сапраўды адчуваю сябе моцнай і гарманічнай у гурце Naka.

Еўрарадыё: У цябе ёсць маленькі сын…

Насця Шпакоўская: Так, ён пакуль яшчэ не быў на маіх канцэртах і слухае мяне толькі ў запісе. Але пра маю творчасць кажа: "Вялікая музыка!".

Еўрарадыё: 2009 год атрымаўся вельмі плённым. Што цяпер думаеце рабіць?

Насця Шпакоўская: Сыду ў нейкае зацішша і буду працаваць над трэцім альбомам. Я не ведаю, як атрымаецца, але хацелася б не вельмі расцягваць і пераасэнсоўваць працу над гэтай пласцінкай, як было ў сітуацыі з альбомам "Пара".

Еўрарадыё: І якой ты бачыш сваю будучую пласцінку?

Насця Шпакоўская: Не люблю агучваць тое, што яшчэ да канца не вырашана. Але калі казаць пра тое, як я сабе гэта ўяўляю, альбом будзе больш цвёрдым і больш ваяўнічым.

Тэкст: "Еўрарадыё"
Фота: Tarantino

Naka

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net