Вакаліст гурта Sciana паразважаў у вялікім інтэрвію Tuzin.FM пра "Дай дарогу" і Ксенію Дзягельку, прызнаўся, за што ня любіць Менск, сказаў пры якіх умовах скончыць музычную кар’еру і паразважаў наконт таго, чаму на беларускі рок няма вялікага попыту: "У свабодным грамадзтве любая музыка знаходзіць свайго слухача. У нас пакуль адсутнічае самая першая прыступка лесьвіцы – свабода выбару".
Паўла Прохарава ў гурце Sciana клічуць "Пашцетам". Ён у складзе ад самога заснаваньня каманды ў 1999 годзе. Спачатку быў толькі гітарыстам, але неўзабаве заняў пазыцыю пры галоўным мікрафоне. У гурце палічылі, што менавіта ён пасуе на ролю асноўнага вакаліста (да гэтага сьпяваў аўтар большасьці песень і басіст каманды Андрусь Клімус). Дзіва, але пры тым, што Прохараў зьяўляецца больш за 10 год вакалістам адной з самых яркіх беларускіх рок—каманд, інтэрвію ён практычна не даваў. Гэтую непапраўнасьць мы зь ім і ліквідуем. Фармальная нагода – запіс новага альбома гурта Sciana. Падзея гэта яшчэ якая, калі ўлічыць той факт, што ў берасьцейскай каманды такое здараецца гады ў рады. У іх афіцыйнай дыскаграфіі толькі дзьве працы – "Рыфмы лёсаў" (2002) і "Кропка вяртаньня" (2010).
– Павал, дык няўжо трэці дыск выйдзе сёлета?
– Мяркую, што так. Пакуль мы вядзем змаганьне з галоўнай для нас праблемай – адсутнасьцю часу. Пляуем выдаць ЕР летам, у які ўвойдзе чатыры трэкі з новай праграмы. Калі ўсё пойдзе добра, дык гэта можа здарыцца ўжо ў ліпені. А там можна будзе ўжо размаўляць і пра тэрміны рэлізу поўнавартаснага дыску. Спадзяемся пасьпець з выданьнем у гэтым годзе. Дарэчы, дзьве песьні з новай праграмы мы ўжо выкладалі – гэта "Make yourself" і "Беларусь—Украіна", запісаная з нашымі ўкраінскімі сябрамі з гурта "Роллікс".
– Ці новы альбом будзе лягічна працягваць у музычным пляне тое, што вы паказалі ўжо ў "Кропцы вяртаньня"?
– Новы альбом – ён сапраўды новы...Для нас, дык дакладна! Мы зусім па-новаму для сябе падышлі да працы над ім. Пачынаючы ад стварэньня песень і сканчаючы запісам. Як заўжды, мы эксперымэнтуем з гукам, шукаем для сябе штосьці новае. Ад "Кропкі вяртаньня" ён будзе адрозьнівацца вельмі значна. Большасьць песень зь мінулага альбому былі напісаныя даволі даўно. Цяпер жа маем іншыя перажываньні і думкі: хтосьці зьнікае з нашага жыцьця, хтосьці ў яго прыходзіць, усё гэта ўплывае і адлюстроўваецца ў творах нашага ансамбля. Можа тыя, хто нас ведае даўно падзівяцца таму, што мы прапануем, можа хтосьці ня прыме. Але я ўпэўнены, што свой слухач знойдзецца абавязкова. А як жа інакш, калі зроблена ўсё ад шчырага сэрца (усьміхаецца).
– Вы актыўна езьдзіце з выступамі, але ў асноўным па-за межамі краіны. У цябе няма ў сувязі з гэтым крыўды на мясцовых прамоўтэраў: маўляў, вы ж такія клясныя, а вас не заўважаюць?
– Прамоўтэры тут яўна не пры чым. Наш дырэктар Зьміцер Назараў вазіў у наш горад цікавыя гурты, але выніку няшмат. Грошай з таго не заробіш, цікавасьць з боку слухачоў таксама не ўзрастае. Няма ў нас спрыяльных умоваў для распаўсюду і папулярызацыі цікавых выканаўцаў плюс нейкія сьпісы. "Чорныя-чорныя…", як казалі ў дзяцінстве. Але тут жа ўсё сур’ёзна. У людзей мусіць быць свабода выбару і магчымасьць паспрабаваць мастацтва ў якіх-заўгодна праявах. Так фармуецца мастацкі густ чалавека, яго прыхільнасьці. І ў кожнага яны абсалютна розныя, бо кожная душа – непаўторная. Вось таму ў свабодным грамадзтве любая музыка знаходзіць свайго слухача, няхай гэта будзе нават самы мудрагелісты авангард ці Дыяманда Галас якая-небудзь. І вось тут ужо пачынаецца праца прамоўтэраў – прадаць тое, што выклікае цікавасьць. Хоць, як правіла, усё тое, што зроблена якасна альбо ярка і харызматычна будзе прадавацца. У нас жа ж пакуль адсутнічае самая першая прыступка гэтай лесьвіцы – свабода выбару. З аднаго боку – савецкая спадчына, якой нас кормяць з года ў год, з другога – Ксенія Дзегелька – адкрыцьцё і надзея беларускай эстрады. Таму і рок-н-рол наш – увесь наш, агульнабеларускі, тут асабліва нікому не патрэбны. Удала прадаюцца толькі варыянты, больш разлічаныя на масавага слухача. Бо людзей здольных успрымаць нешта новае – меншасьць. І крыўда ёсьць толькі ад усьведамленьня такога стану рэчаў.
– Здаецца, што ўзаемаадносіны зь Менскам у вас дакладна ня склаліся, нават у параўнаньні зь іншымі несталічнымі камандамі. Маюцца на ўвазе рэдкія запрашэньні і невялікая колькасьць публікі на вашых менскіх канцэртах. Ці пагадзішся ты, што Менск вас не прыняў? І ці вы прынялі Менск?
– Прынялі – не прынялі – гэта ўсё ярлыкі, якія не маюць сэнсу ў сьвятле ўсяго вышэйсказанага. У нас шмат сяброў у Менску, але мы не адчуваем там сябе ўтульна. Калі шчыра і без крыўды, мы самі ня вельмі любім Менск як горад – шэры, халодны, мітусьлівы, з жахлівай сталінскай забудовай і дрэннай вадой. Але некалькі файных канцэртаў у Менску мы можам узгадаць. Тут усё па фэн-шую: калі так ёсьць, значыць на дадзены момант гэтага хопіць.
– А як наконт зайздрасьці? Ваша ж берасьцейская каманда "Дай дорогу" зьбірае ў сталіцы поўны Re:public…
– Хлопцы – малайцы, мы толькі радыя за іх. Але так і павінна быць, усё лягічна – іх пасыл да слухача значна прамейшы і зразумелы, ды й яшчэ пра набалелыя тэмы, таму і чапляе адразу. Мы ж не б’ем адразу ў лоб, а пачынаем спачатку казытаць...Мы розныя.
– Што цябе змушае не кідаць музычную справу і прапіхвацца далей?
– Безумоўна, Sciana – гэта справа майго жыцьця, як гэта не патасна гучыць. А яшчэ я граю ў якасьці гітарыста ў цікавым праекце SKLF, у рэгі-бандзе "Растение мудрости" і ў крутым фольк/ню-мэтал ансамблі TerraKod зь якім, спадзяюся, яшчэ патрасем "Тузін" (сьмяецца). Я разумею, што маё даўняе ўсьведамленьне таго, што гэтая справа дапамагае мне заставацца сабой – усё ж такі слушнае. Гэты выбар быў зроблены яшчэ ў падлеткавым узросьце, і з таго часу гэта мой шлях. І я не наракаю на лёс – я радуюся кожнаму дню.
– А вось так наўпрост – ці можаш рэальна сказаць, чаго ты дабіўся па жыцьці?
– Я шчасьлівы чалавек, бо іду па дарозе, якую сам абраў. У мяне ёсьць свабода выбару. Гэта галоўнае.
– А што мусіць адбыцца, каб ты сказаў – усё, жыцьцё пражытае недарма?
– Ведаеш, у далёкім 1999 годзе неяк пасьля адной зь першых рэпетыцый, на перакуре мы з бубначом Лёхам выдумлялі, а калі ж можна з чыстым сэрцам скончыць музычную кар'еру. Нам тады было па 15—17 гадоў. Паставілі плянку, калі адыграем 10 канцэртаў на Ўэмблі (сьмяецца). Гэта, канечне, жарты, хаця ад Назарава можна ўсяго чакаць… Калі, шчыра, за свае 30 год я шмат дзе пабываў, шмат чаго пабачыў, пазнаёміўся з рознымі цікавымі людзьмі, я люблю сваё жыцьцё…Як у дзяцінстве – у мяне яшчэ ёсьць упэўненасьць, што я, менавіта я, буду жыць вечна. Таму пытаньне пазбаўленае сэнсу. Усё яшчэ наперадзе. І яшчэ так шмат трэба зрабіць!
Бліжэйшы выступ гурта Sciana адбудзецца ў гасьцявой праграме фэстываля "Басовішча-2012", што пройдзе 13-14 ліпеня ў Гарадку (Польшча).
Тэкст: Іван Бяспалы, "Тузін Гітоў"