Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011), "Габітацыя" (2013). Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 2015.
Чацвёртая аванградовая рэвалюцыя працягваецца, увесь час дэманструючы пералічаныя ў маіх ранейшых гадавых рэйтынгах прыкметы й закранаючы ўсе сфэры жыцьця: трансфармуецца палітычны рэжым, павялічваецца беларусізацыя (і ня толькі моўная), пашыраюцца недзяржаўныя арт-прасторы, паступова легалізуюцца забароненыя артысты, паўсюдна скразіць джаз, узаемапрыцягваюцца авангард і архаіка, актыўная ўжываецца мэлядэклямацыйнае мастацтва, часьцей адбываюцца перагуканьні з ранейшымі культурніцкімі выбухамі, дэвальвуецца ранейшы мэйнстрым, назіраюцца маштабныя тэхналягічныя зьмены. Да "Тэорыі чатырох" можна дадаць хіба такі факт: усе авант-рэвалюцыі дзьвюхфазавыя. То бок, кожны рэвалюцыйны пэрыяд падзяляецца на два адрэзкі, і досыць канкрэтна. Такім чынам, зараз мы перажываем пачатак 1-ае фазы 4-ае рэвалюцыі.
Варта заўважыць, што мая "дзесятка" складаецца зь дзьвюх паловаў: першую (1-5) займаюць рэлізы крэатыўныя, наватарскія, другую (6-10) – больш традыцыйныя, але ня менш значныя. У першую палову я б яшчэ дадаў пару альбомаў, нерэцэнзаваных "штатнымі экспэртамі": JJ OK "My guitar sounds like that", Ales Tsurko "Transliaciya". Можна было б скласьці й асобны EP-рэйтынг (Tonqixod, "Демонтаж Характера", Intelligency, Litvakus, Sinie Gory, Kreepy Krush…). А ўвогуле найвышэйшай радасьцю, атрыманай ад праслухоўваньня беларускае музыкі летась, для мяне стаў другі лёнгплэй Five-Storey Ensemble, але ён яшчэ афіцыйна ня выйшаў.
1. Drwiwy "Цырк беззаганны" – слухаць
Праз гэты альбом трэба прайсьці. Праз кожны з тузіну трэкаў агульнай працягласьцю амаль гадзіну. Люстэрка-мазайка. Манумэнтальны й пампэзны архітэктурны каляж-маналіт. Шматузроўневыя песьні, народжаныя з рытмічнага гайданьня й вібрацыі. Дзёньнік звар’яцелага пастара-альхіміка. Батлейка не для слабанэрвовых. Інфэрнальныя пэрсанажы Баршчэўскага й Міцкевіча. Драздовіч, Брэйгель і Босх у густой ажыўшай панараме. Паўночная Беларусь.
2. .К "Добразол" – слухаць
"Добразол" – квантавы псыха-фольк, новы элемэнт, прэпарат, тэст, практыка, досьвед, вычын, самакоп. "Добразол" – маўклівы Нёман, галасьнікі Каложы, пустка Фары, унутраныя дворыкі, дыспрапорцыя тралікаў у вулках, масты ды паркі, шмат’ярусныя ходнікі. Альбом нібыта надыктаваны, нашаптаны Гародняю. Прадуманы кожны гук: ад удару па адкрытай талерцы да інтанацыі голасу. То бок, нарэшце ў Яўгена Кучмейны выкрышталізавалася ўласнае. Рэчаіснасьць дробна парэзаная ды склееная на свой капыл.
3. Shaman Jungle "Deeper" – слухаць
Акіянічна й сувора, холадна ды з сольлю. Другі альбом Shaman Jungle настолькі адрозны ад дэбютнага, што гурту варта было б перайменавацца. Джунглямі тут ужо зусім ня пахне, хутчэй Балтыкай з соснамі на пясчаным беразе. Фантазійную эзатэрыку выціснула паглыбленьне ва ўнутраны мэнтальны космас. Музыка стала настолькі выразнай, што ўжо амаль не патрабуе вэрбальнага суправаджэньня. Узьніклі джазавыя ды нэаклясычныя адценьні. П’есы нагадваюць палотны Чурлёніса й Драздовіча.
4. Shuma "Сонца" – слухаць
Транс ды пульс, гіпноз ды эрас. "Шума" сабрала гербарый ды склала зь яго арнамэнт. Музыка-экібана, дзе кожны гук – гэта мэнтальны код. Статычнасьць руху й рухавасьць статыкі спараджаюць бурштын і мёд. Прытым "Шума" захоўвае сваю манеру – пэўную халоднасьць выкананьня. Тым самым прывабліваючы ўвагу да кожнае вымовы. Што ні трэк, то свой набор інструмэнтаў: дуда становіцца футурыстычным струнна-язычковым гібрыдам, а дыгітальна скампіляваны клярнэт ніколі б так не сыграў ужывую.
5. Сергей Пукст "Путь домой" – слухаць
Мэлядэклямацыя – трэнд і дамінанта. Постмадэрнісцкая рэінкарнацыя Вярцінскага. Тэгі: piano music \ spoken word \ field recording… 15-хвілінны шпацыр ад самага пачатку заблытаны. Пукст буркоча, вытылінгвае, робіць заўвагі на хаду. Наўмысная неахайнасьць, разладжанасьць, незбалянсаванасьць парадаксальна ўдасканальваюць гукавую кампазыцыю. Пукст стварае саўндтрэк да асабістага крызісу. Фэйсбук самотнага тапёра. Балючая плынь мысьленьня з прыпынкамі на станцыях мэтро.
6. Лявон Вольскі "Псыхасаматыка" – слухаць
Холст, алей, 8X8. Альбом уяўляе адзін вялізны чорны квадрат, разьбіты на дзьве сымэтрычныя паловы й у суме на 16 сэктараў. Хаця аўтар па сваёй прыродзе больш Далі, чым Малевіч. Ляканічнасьць не дае ўвазе адпачыць. Музычны аскетызм (хай сабе й вельмі мэлядычны) аўтаматычна накіроўвае вушы да тэкстаў, а тыя зусім не расчароўваюць – Лявон нібыта новы Купала. Чуваць, як песьні рэзануюць у мінулых, і будучых падзеях. Быццам разгарнулася далейшая матрыца.
7. Naka "Мая малітва" – слухаць
Альбом-перамога. Рэльефная энэргічная сымфонія. Гераічнае шапіто. Пасьлядоўная дэкампрэсія набалелых эмоцыяў з выхадам да ўсяленскае любові. Менш клявішаў, больш гітары. Голас высунуты наперад, як на запісах эстрадных сьпевакоў канца 50-ых. Тут няма слабых песень. І верш "Пакліч мяне" Яўгеніі Янішчыц урэшце атрымаў найарганічнейшае музычнае вырашэньне (чацьвёртае з мною вядомых).
8. Zui "Вопрос" – слухаць
Сьпевы маладарослых. Танцы для Кейджыбі. Лісты з узроставага памежжа са знакам пытальніка ў выглядзе зазубня. Гіранічная (перадусім самагіранічная) дыскатэка для маладых мамаў і татаў. Песьні нібыта існуюць кожная сама па сабе, але маюць схаваныя камунікацыі, скразныя вобразы. Забаўна стасуецца электроніка й акустыка, лёгкая паветранасьць і прыватныя жахі, вакал пакаёвага анёла й злабадзённыя вэрлібры. Дзеці хочуць быць дарослымі, а дарослыя дзецьмі. Усё не ўсур’ёз?
9. Стары Ольса "Medieval Classic Rock" – слухаць
Даўняя белрокавая традыцыя здыму. Надзвычай удалы экспэрымэнт у спалучэньні неспалучальнага. Рок-гіты ад The Beatles да RHCP прапушчаныя праз мэдыэвальную прызму (прынамсі, як яе разумее Сасноўскі ды кумпанія). Зрэшты, няяўны хэві-мэталічны базіс гомельскага разьліву закладзены ў "Старым Ольсе" ад пачатку. У многіх выпадках сталі відавочныя старадаўнія фальклёрныя карані брытанскага року. Асобны дзякуй за дакладна зьнятае сола Дэвіда Гільмара са "Сьцяны".
10. Зьміцер Вайцюшкевіч "Камэта" – слухаць
Таксама перасьпевы. Таксама намацаныя карані. Вайцюшкевіч гэтым разам апрануўся ў Нагавіцу. Аказваецца, савецка-габрэйска-цыганскія матывы ў свой час распаўсюдзілася нават на тэрыторыю сацлягеру. Ды ў лёсах чэха Ярэка й беларуса Зьмітра шмат паралеляў. Справа інтэлігенцкага шансону жыве ды буяе, але гэта не "Варанок №2". "Стары муж" і "Танец сьмерці" найлепш перадаюць простую праўду жыцьця.
Experty.by