О проекте

Надзея Кудрэйка: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2017 год (+аудыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Працавала на радыёстанцыях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца", у музычнай рэдакцыі Беларускага радыё. Аўтар шматгадовых радыёперадач пра рок-музыку ("Тры акорды", "Сонца ў вочы", "Яшчэ не вечар"), аўтарскую песню ("Мая музыка"), сучасную беларускую музыку("Дыскавод", "Вечаровы акорд"), і многіх іншых.

Вынікі мінулага года яшчэ раз паказалі значнасць самога праекта Experty.by. У першую чаргу для музыкантаў. Вялікая колькасць альбомаў вынесеная на публіку, і нават ушанаваная прэміямі, пра якія, можа, ніхто ніколі і не даведаўся б, акрамя самага вузкага кола прыхільнікаў.

Больш-менш мэйнстрымавых і гучных з пункта гледжання масавасці рэлізаў было і не так шмат. І, па вялікім рахунку, канкурэнцыю за месца ў Топ-10 не назавеш сур'ёзнай. І ў мой топ не трапілі альбомы, якія маглі б там быць нароўні з іншымі. Кожны цікавы па-свойму, кожны знойдзецца за што пахваліць, але не кожны ўдасцца запомніць пасля праслухоўвання. Тым не менш, гляджу на Топ-10 і разумею – усё ж цікавая і разнастайная карціна атрымліваецца! Тут і хіп-хоп, і традыцыйны рок, і медыяваль, і эксперыменты, і праект з гісторыяй, і г.д.

Жыццё ідзе, праца ідзе. А праект Experty.by спыняецца. І сумаваць павінны найбольш музыканты. Разумею, што для вялікай колькасці новай беларускай музычнай творчасці гэта быў ледзь не адзіны шанс быць заўважанай і пачутай, вынесенай на паверхню з глыбіняў інтэрнэта. Ну і ўвогуле – гэта была практычна адзіная беларуская музычная прэмія, пабудаваная на больш-менш аб'ектыўных прынцыпах. Што, кшталту, набліжала нас да нейкіх стандартаў прафесійнага шоў-бізнэсу.

Будзем спадзявацца, што знойдзецца які мецэнат, ці з'явіцца грант, і праект адновіць працу. Працэсы ў беларускай музыцы ідуць цікавыя, з радаснай перспектывай. Ёсць што абмяркоўваць, ацэньваць, ёсць што развіваць.

1. Tonqixod "Колер, якога няма" – слухаць

Выбраць нумар адзін было даволі лёгка, бо праграма гучыць пераканаўча і манументальна, і няма момантаў і нумароў, якія можна назваць няўдалымі. Але было пастаяннае адчуванне, што для поўнага разумення трэба будзе паслухаць яшчэ. Можа, і гэтае міжвольнае пачуццё сваёй уласнай недасканаласці і недасведчанасці паўплывала на з'яўленне асаблівай павагі да гэтага альбома). Я неяк спрабавала адказаць сабе на пытанне – чаму творы Tonqixod пры ўсіх арт-рокавых прыёмах, працяглых кампазіцыях, нелінейных тэкстах, пэўнай патэтыцы і да таго падобных "складанасцях", не гучаць састарэла і не вельмі стамляюць? Магчыма, таму, што ёсць адчуванне лёгкай творчасці і нязмушанасці. І няма адчування выдуманнай канцэптуальнасці і пралічанасці. Няма адчування, што за гэтым стаяць нейкія сур'ёзныя хмурыя дзядзькі з гітарамі. Рабілі гэта сучасныя, маладыя і дасціпныя творцы. Вось гэты момант дасціпнасці, лёгкай самаіроніі ў творчасці Tonqixod асабліва сімпатычны.

2. ЛСП "Tragic City" – слухаць

Тут ёсць што аналізаваць. Аналізаваць, чаму чапляе і пакідае даволі моцнае ўражанне. Нешта, можа, і не падабаецца. Месцамі пачынаеш слухаць тэкст асобна ад музыкі, і адчуваеш сябе занадта разумным філолагам. Але ж агульная, і сапраўды нярадасная гісторыя – расказаная і музыкай, і падчас абсалютна пранізлівымі радкамі пранікае ў душу вельмі лёгка, і прымушае слухаць, суперажываць.

3. Розныя артысты "(Не)расстраляная паэзія" – слухаць

Мабыць, пра значнасць самой ідэі стварэння такога альбома пісаць ужо і залішне. Усё ж скажу – выдатная ідэя! І стаўлю альбом так высока хоць бы за ідэю, дзякуючы якой сапраўды шырокія масы людзей, зацікаўленых у беларускай культуры, даведаліся пра існаванне паэтаў, іх твораў і іх трагічнай гісторыі. Калі ў нейкі момант я спакойна прааналізавала ўсе крытычныя заўвагі ў бок пласцінкі – маўляў, не шэдэўр, ўсе праспявалі ў сваім стылі, нічога новага і гэтак далей – то зразумела, што гэта, мабыць, ад нейкіх завышаных чаканняў. Прычым усе пагодзяцца, што як мінімум 3-4 удалыя творы на альбоме ёсць. Так гэта ж вельмі многа! Для любога альбома, які яшчэ і не можа пахваліцца нейкай цікавай ідэяй, гэта многа. Пры тым і астатнія ж песні з "(Не)расстралянай паэзіі" з ліку тых, за якія нясорамна. Так што – трэцяе месца.

4. Yegor Zabelov Trio "The Rose Festival" – слухаць

Гэтая музычная праграма, канешне, вылучаецца на фоне астатніх альбомаў, што разглядаліся сёлета экспертамі. Праца з большым ухілам у акадэмічнасць. Але за кошт добрага гучання, вытрыманай лініі на ўсёй пласцінцы, рокавай энэргітыцы, пэўнай кінематаграфічнасці, ды й проста добра знаёмага нам яшчэ па праекце Gurzuf баяна Ягора Забелава пакідае ўражанне досыць лёгкай для ўспрымання.

5. Стары Ольса "Вада, хмель і солад" – слухаць

Мне здаецца, што гэтая пласцінка "Старога Ольсы" была б вартая і таго, каб быць залічанай ў раздзел "поп-музыкі". Каб паказаць прыклад беларускім эстрадным выканаўцам, што такое якасная папулярная музыка. Чаму б такім песням не стаць папулярнымі? Моцна, экспрэсіўна, добра запісана, лёгка ўспрымаецца. А яшчэ ж і па-беларуску, ды яшчэ ж і з нейкім гістарычным кантэкстам. І ў "Старога Ольсы" павінны быць шлягеры, а не толькі "культурніцкая місія", і ў беларускай публікі павінна быць магчымасць слухаць добрую поп-музыку.

6. Super Besse "La Nuit" – слухаць

Я гэты альбом ацэньвала хутчэй розумам, чым пачуццямі. Прасякалася канцэпцыяй, эстэтыкай, гукам. Разумею, што вельмі стыльная і цэльная праграма. І калектыў у прафесійным плане з альбомам " La Nuit” зрабіў крок наперад.

7. True Litwin Beat "Ненужная правда о белорусах 2" – слухаць

Дадалося музыкі і выкшталцонасці ў гучанні – і мне падалося, што гэта можна паслухаць не толькі дзеля цікавасці, што там Сяргей Пукст прамаўляе. Але паслухаць можна адзін раз. Ну два – калі чагосьці не дачуў першы раз. Падпяваць, ці падчытваць у гэтым выпадку не атрымаецца – вельмі спакойна, інтэлігентна Сяргей чытае. Аддавацца рытму і драйву таксама – не для таго рабілася. Паслухаць гэты альбом – як прачытаць кнігу. Можна неяк перачытаць.

8. Nizkiz "Синоптик" – слухаць

Мне ў прынцыпе падабаецца Nizkiz. І гэты альбом ніяк не правальны. І мелодыі ёсць, і драйв. Адзінае што – на канцэртах гэта слухаецца трохі лепей. Справа, мабыць, у нейкіх акцэнтах. І мне б ужо хацелася крыху большай дакладнасці і асабістай гісторыі ў тэкстах, у змесце песень.

9. Irdorath "Wild" – слухаць

Канешне, скарае тут найперш гучанне. Моцнае і даволі арыгінальнае. Вельмі эфектная сама стылістыка. Правільны крок наперад для калектыву. Далей трэба ўдасканальваць мелодыі і ідэі кампазіцый.

10. Blaine Rohmer "Promise Of Autumn" – слухаць

Магчыма, і трохі нечакана для сябе і сваіх музычных густаў, але адзначыла гэтую пласцінку ў Топ-10. Усё ладна, ўсё атмасферна, як зараз модна казаць. І мелодыі запамінаюцца (а іх многа!), і няма аднастайнасці. І ўсё разам крыху заварожвае такім нечаканым прывітаннем з мінулага.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net