Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Музычны рэдактар, аўтар і вядучая праграмы "КаляРока" на "Аўтарадыё" (2004-2007). Ад 2008 – музычны рэдактар і журналіст "Еўрарадыё". Удзельніца гуртоў "Яр" і Hoha Band, творчы псеўданім – Маша Яр.
Альбомны 2013 выдаўся абсалютна гарманічным. Трапныя навінкі чаргаваліся з не менш рапнымі не-навінкамі, у выніку чаго вымалёўвалася карціна спакою і раўнавагі. І ў гэтай раўнавазе можна было пачуваць сябе як рыба ў вадзе. Альбомны 2013 паказаў, што ад беларускіх музыкаў можна чакаць чаго заўгодна, і што ніколі не вядома хто, калі і дзе стрэліць.
Пукст і кампанія стрэлілі сваім "Последним альбомом" адразу ў цэль. У сэрцы. Спружына разняволіла і ўляпіла па шчацэ, залагодзіла і пакінула ў спакоі. Грандыёзны спектар эмоцый, які не стамляе.
Кузюкян і сябры паказалі, як гучыць прыгажосць, якая навокал. Дзеля гэтага музыкі пагрузіліся ў лодку, якую самі змайстравалі, паплылі па рацэ з кісельнымі берагамі і ўварваліся ў мора. Неверагоднае хараство, якое натхняе.
The Stampletons пагружаюць у святло начных ліхтароў, рок-н-рольных брытанскіх кавярняў і тратуараў, па якіх ходзяць начышчаныя да бляску чаравікі. Выкшталцонасць і разняволенасць, ад якіх ірве дах.
Лёгкі, як пёрка, альбом, якога чакалі 10 гадоў. Сумесь эмоцый, навеяных бясконцымі бабулінымі песнямі. Суцэльны мажор і радасць, амаль як у Стыві Уандэра.
Музыка з недалёкага мінулага, створаная сёння інтэлігентнымі і разумнымі музыкамі. Тут няма настальгіі, а ёсць прага аддаць даніну духавому паркаваму аркестру. Пяшчота, цені і павуцінка, што зіхаціць праз сонца. Вясна, па калюжах якой гуляюць сонечныя зайчыкі.
Музыкі не мудрагегілі, а запісалі тое, што палілося. А паліліся дажджы, цёплыя і калючыя, шчырыя і простыя, і ў тэму. Праца, якая здарылася дзякуючы ў тым ліку і нямецкім палям (музыкі ведаюць, пра што я). :)
Танцавальны інды-рок, рытмічны ў першай часты і з артыкуляцыяй у другой. Эзатэрычны бард гэтым разам адыходзіць ад рэлігійнасці, а націскае на простыя словы і зразумелыя эмоцыі. Вельмі светлая і прыемная праца.
Фокуснік Антон Крывуля не перастае скараць сваімі шоў. Гэтым разам касмічным, дзе стракоча саранча, зіхцяць зоры і гавораць рыбы. Мілы постмадэрнізм, запісаны на айфон.
Кранальная, чыстая, як раса, праца-песня жанчыны пра жанчыну. Пра яе сутнасць, глыбіню, прыгажосць. Ірэна апранула бабуліну песню ў строгія, сінія, кароткія штаны са стрэлкамі, якія падавалася, не мусяць пасаваць вышыванкам і хустам у ружовыя кветкі. А не – усё пасуе, як апынулася. Нават арганічна выгляе.
Чарапко і кампанія падкупаюць сваёй непасрэднасцю і ўпёртасцю. Раздзяўбайства, за якім схаваныя перажыванні за існаванне ў свеце пакупнікоў і спажыўцоў. Усё, як ёсць. Без схаваных сэнсаў і падтэкстаў.