Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Музычны рэдактар, аўтар і вядучая праграмы "КаляРока" на "Аўтарадыё" (2004-2007). Ад 2008 – музычны рэдактар і журналіст "Еўрарадыё". Удзельніца гуртоў "Яр" і Hoha Band, творчы псеўданім – Маша Яр.
Год выдаўся багатым на цікавыя, недзе нечаканыя, глыбокія ды сакавітыя рэлізы. І чарговы раз прадэманстраваў, што беларускія музыкі могуць усё і ўмеюць быць абсалютна актуальнымі і шчырымі. Карацей, наварацілі напоўніцу: і ў сабе пакорпаліся, і адкапалі закапанае, і паігралі ў лялькі, і навучылі, як трэба, і стрэльбу зарадзілі. Не хапіла толькі натуральнага шаленства, але гэта доля абраных (такія ў нас таксама ёсць, але летась адмоўчваліся).
1. Tonqiхod "Прадмова" – слухаць
Мне ніколі не падабаліся Tonqiхod на сцэне. Усё, што далятала праз характэрны для малых мінскіх клубаў гук, падавалася невыразнай какафоніяй з трапным піяніна. Але "Прадмова" – іншая справа! Tonqiхod стварылі вельмі музычны альбом, дзе ўсё гучыць, пераліваецца, і ад чаго вуха наліваецца нейкай новай радасцю. Музыкі злучылі некалькі пасівелы арт-рок з сучаснай беларускай паэзіяй (Лянкевіч піша выдатныя тэксты) і выпілі, падаецца, жанр да дна. Прынамсі, лепш у нашых рэаліях падаць музыку з 35-гадовым стажам, не магчыма. Ды і, напэўна, не трэба.
2. Port Mone "Thou" – слухаць
Той самы прыклад, калі жанравая вызначанасць не патрэбна, калі не істотна тое, што было і што будзе ў музыцы ўвогуле, калі параўнанні недарэчныя. Дасканалая, пульсуючая, глыбінная праца, у якой адгадваецца беларуская прыналежнасць гурта, і якая, у той жа час, стаіць у шэрагу лепшага, што ўвогуле могуць стварыць цяперашнія музыкі.
3. Лявон Вольскі "Грамадазнаўства" – слухаць
Лявон Артуравіч выдаў хлёсткі, востры і злы альбом. Пра тое, што маем. Без пафасу і прыкрас. Запісаць бескампрамісную кружэлку адзін з галоўных сонграйтараў краіны вырашыў з нардычнымі нарвежскімі музыкамі, якія пранікліся беларускімі рэаліямі і дадалі Лявонавым песням патрэбных халодных адценняў. "Рок-альбом" года, як не круці!
4. Brutto "Underdog" – слухаць
Да апошняга ўзначальваў гэтую 10-ку. І толькі музыкальнасць і шматслойнасць альбома "Тонкагаходу" прымусіла мяне змяніць рашэнне. Дыск, які многія проста адмовіліся прымаць, маўляў, за адрачэнне ад ранейшых ідэалаў і выразны прымітыў. Але Міхалок на тое і Міхалок, ён прапанаваў шанец паглядзець на творчасць з іншага ракурсу, паказаць, што ва ўсім можа быць свой сэнс, і што фраза "вот летит грач, ты не бей его, бей ногой в мяч", па сутнасці, вучыць нас разумнаму, добраму і вечнаму.
5. Mustelide "Secret" – слухаць
Радуюся, што летась з’явіліся цудоўныя дзявочыя альбомы. Першы – Наташы Куніцкай. І цяпер ў нас няма недахопу ў мілым, лялечным электрапопе. Наташа паказала прыклад, як вось так без напругі, эпапей і мітусні можна стварыць маленькі ўласны сусвет, дзе ўсё на месцы, спяваюць птушкі, вакол цёпла і нікому не хочацца спаць.
6. Akute "Рэальнасць і сны" – слухаць
У магілёўскіх рамантыкаў увогуле ўсе альбомы харошыя. Умеюць яны дагадзіць і дзевачкам, і хлопцам. У "Рэальнасці" музыкі адшліфавалі ўсе свае фішкі і выдалі практычна ідэальны поп-альбом з прыгожым беларускім сумам.
7. The Toobes "Road To The Big Time" – слухаць
Развітальная, як апынулася, трэцяя кружэлка моцнага і збітага калектыва. Тубсы заўважна папрацавалі над мелодыямі, абагацілі іх "пачкамі", і пры гэтым засталіся вернымі свайму бясконцаму драйву. А ўвогуле так, сталі дарослымі. Шкада, што толькі ў музыцы.
8. Groosha "Out Of Place" – слухаць
Яшчэ адзін цудоўны дзявочы альбом. Лёгкі, надзвычай меладычны, запамінальны і ненавязлівы. Трапныя, падаецца, простыя песенькі не з такім ужо простым зместам. Густоўная кружэлка, дзе няма нічога лішняга. І кароткая – люблю такія!
9. Vuraj "Раёк" – слухаць
Натуральна, не магла не ўключыць у 10-ку. 100-адсоткава прадуманы і выдатна зроблены альбом. Паслядоўнік традыцый "Троіцы". Але, як па мне, прэснаваты і занадта правільны. А фолк не можа без вар’яцтва.
10. Earworm "Amber" – слухаць
Дыск, які ствараўся 10 гадоў, які ўвабраў у сябе ўсе катаклізмы і эмоцыі, якія перажываў Сусвет і самі музыкі цягам гэтага часу. Эксперыментальная кружэлка, дзе мае месца змяшчанне жанраў. Гарадзенцы нібыта вымералі на вагах колькі і дзе чаго трэба. Музыка на аматара.
Experty.by