Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Музычны рэдактар, аўтар і вядучая праграмы "КаляРока" на "Аўтарадыё" (2004-2007). З 2008 – музычны рэдактар і журналіст "Еўрарадыё". Удзельніца гуртоў "Яр" і Hoha Band, творчы псеўданім – Маша Яр.
Альбомны 2017-ты не прынёс асаблівых прарываў і феерверкаў. Роўны, падобны на мінулы і пазамінулы. Але радуе тэндэнцыя з'яўлення цікавай моладзі: сціплай, але пры гэтым смелай і канкрэтнай, якая стараецца адыйсці ад характэрнага для нашай тэрыторыі крыклівага гітарнагага року.
Шкада, што перспектыва сачыць за іх творчасцю ў межах гэтага шыкоўнага праекту кволая. Але дзякуй Experty.by за магчымасць пагружацца ў айчынную музыка і дружна выказвацца наконт яе хібаў і дыяментаў.
1. Tonqixod "Колер, якога няма" – слухаць
Прыгожа і велічна. Сучаснае і беларускае. Калейдаскоп эмоцый, уласцівых цяперашняму айчыннаму інтэлектуалу. Удумліва, дасканальна прадумана і з мужчынскай сілай.
2. Yegor Zabelov Trio "The Rose Festival" – слухаць
Манументальны гукапіс і жывапіс. Дакрананне да схаванага і забытага ў далёкай сардэчнай кішэні. Дынамічна і раздумліва. Цукерка для сур'ёзных фестываляў.
3. True Litwin Beat "Ненужная правда о белорусах 2" – слухаць
Працяг бясконцага па сутнасці і шчырага выказвання, пачатага на першым альбоме. Бадзёры хіп-хоп, крыху манатонны ў музычным плане, але магутны ў сэнсавым.
4. Super Besse "La Nuit" – слухаць
Эстэты і забіякі. Наўмысная манатоннасць, прадуманасць кожнай эмоцыі, роўнасць, як элемент стылю і ўсвядомленасці.
5. Weed & Dolphins "Islandkid Cassette" – слухаць
Музыка з гітарамі, якая вельмі адрозніваецца ад таго, што любіць граць большасць беларускіх гуртоў. Любы закос пад брытанцаў адназначна лепшы, чым закос пад рускі ці беларускі рок. Тут маецца лоу-фай эстэтыка і ўсе справы — пры крапатлівай працы і сур'ёзнасці беларуская музыка можа атрымаць чарговы гурт, якім можна ганарыцца.
6. ЛСП "Tragic City" – слухаць
Плынь свядомасці для шаснаццацігодак. Хуліганскі, насмешлівы, самалюбівы. Пры гэтым страшна модны і моцны.
7. Её ослепительное сияние "Квантовое Сердечко" – слухаць
Дзіўны альбом. І ў гэтым яго прыцягальнасць. Сумесь шчырасці і псіхадэлу, прыемны жаночы вакал, акуратнае ўжыванне гітар. Яшчэ адны будучыя ўдзельнікі еўрапейскіх шоў-кейс-фестываляў.
8. Ulyanica "Вясна" – слухаць
Альбом, які дзякуючы джазаваму акампанементу, часам вельмі нагадвае кружэлку "Seventh Truth" Aziza Mustafa Zadeh. Але фолку тут не менш, чым джазу, ён пададзены з пачуццём меры і густу. Адзіная прэтэнзія — набіўшыя аскоміну беларускія фолк-хіты.
9. Стары Ольса "Вада, хмель і солад" – слухаць
Брутальная і мужчынская кружэлка. Ваяры адпачываюць, пьюць і перыядычна танчаць. Крута, прафесійна, але на аматара.
10. Neuro Dubel "Першы" – слухаць
Не здраджвае сабе, трымае планку і ўдасканальвае майстэрства. Тыповы "Дзюбель" з прапрацаванымі партыямі і цяпер гукам.
Фота: Алесь Пілецкі
Experty.by