О проекте

Мікалай Янкойць: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2015 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Журналіст Kyky.org, у мінулым таксама Ultra-music, заснавальнік музычнага блога The Boat That Rocked, арганізатар студэнцкага рок-фестывалю "Смоўж", удзельнік розных гуртоў.

Сярод дыскаў, адрэцэнзаваных сёлета штатнымі экспертамі, я налічыў 16 добрых; яшчэ дзясятак ладных рэлізаў не трапіў у фармат сайта. Па няхітрых падліках, прыстойны альбом, які асабіста мне хочацца паслухаць больш за адзін раз, у Беларусі выходзіць прыблізна раз на два тыдні. Нават не ведаю, рэдка гэта ці часта. Не Брытанія, канешне, – але што хацець ад краіны, дзе на ўсіх сцэнах граюць кавер-бэнды, якасны запіс альбома каштуе дзясятак сярэдніх зарплат, а буйнейшы музычны партал зачыняецца, бо не прыносіць яго стваральнікам ні капейкі?

Я не чакаю ніякіх штуршкоў, якія кардынальна зменяць сітуацыю. 2015 – чарговы год, які не стаў годам новых імёнаў. У маёй выніковай дзясятцы нібы і ёсць ажно тры дэбютныя альбомы, але ўсе "новыя" гурты створаныя даўно вядомымі музыкамі: у Super Besse граюць былыя удзельнікі The Blackmail і The Stampletons, у N.A.B.R. – музыкі Plum Bum і Alt+F4, а праект Shuma сабрала Руся, якая атрымала сваю першую "Рок-карону" 10 год таму. Вельмі добра, што гэтыя людзі шукаюць новыя творчыя шляхі, а не гуляюць у Scorpions ці N.R.M. І ўсё ж – дзе тая маладая шпана? Чаканне дастала.

1. NABR "Наша автономная боевая ракета" – слухаць

Можа, след было б напісаць тут доўгі тэкст, але на справе хопіць і трох слоў. Энергетыка, шчырасць, густ.

2. Re1ikt "Лекавыя травы" – слухаць

Самая дасканалая праца года. Дэталёва прадуманы матэрыял, стылёвая вытрыманасць, мелодыі, якія пранікаюць на падкорку, цікавыя інструментальныя рашэнні, глыбокі і эмацыйны вакал, запіс, які цешыць вуха – усё як след. Нават не хочацца вышукваць нейкія заганы: Re1ikt – малайцы, і іх дыск хочацца слухаць зноў і зноў.

3. Крамбамбуля "Чырвоны штраль" – слухаць

Гэты альбом след было запісаць 20 год таму – і тады ён мог бы моцна змяніць беларускую музыку. Але чорт з ім, з кантэкстам; "Чырвоны штраль" – самы цікавы і самы збалансаваны дыск "Крамбамбулі", цалкам складзены з добрых песень і выдатна запісаны, і вельмі добра, што ён у нас ёсць. Гэты дыск цёплы, як сяброўскія абдымкі, і ён шырачэзны: і па жанравых рамках (ад лаціны і джаза да панка), і па аранжыроўках, і па гуку, і па мелодыях.

4. Shuma "Жніво" – слухаць

Лепшы поп-альбом года і, пэўна, найбольш актуальны ў сезоне рэліз адносна сусветнага музычнага кантэксту. Вытачаныя аранжыроўкі, дэталёва прадуманы гук, чароўныя вакалы; "Жніво" – праца амаль бездакорная. Паўшчуваць калектыў хочацца толькі за пэўную механістычнасць: матэрыял настолькі выпрадзюсаваны, што часам яму нестае эмацыйнасці.

5. Кассиопея "Крестик" – слухаць

Яшчэ адзін выдатны поп-альбом: стылёвы, іранічны, з’едліва-правакатыўны, з мелодыямі, якія хочацца гучна падпяваць. "Кассиопею" можна любіць за адны толькі тэксты, але інструментальная частка "Крестика" ні ў якім разе не саступае тэкставай. Адзіны мінус – дыск вельмі кароткі: па працягласці ён больш падобны не на альбом, а на EP.

6. Super Besse "63610*" – слухаць

Дыск прамога дзеяння – хуткі, шчыльна збіты, без сантыментаў. Вытрыманая халоднасць гуку на адным полюсе, эмацыйны вакал – на іншым; у адзіную форму гэтыя полюсы склейваюцца наўмысна прымітыўнымі, рухавымі басовымі лініямі. Альбом аднастайны, але гэта можна спісаць на стыль; іншая справа, што слухаць яшчэ адзін такі ж альбом будзе ўжо сумна.

7. Р.С.П. "Пасрэдствам срэдств" – слухаць

Галоўная праблема апошняга альбома РСП – яго празмерны хранаметраж: з 13 нумароў на дыску можна было б пакінуць 8-9, і ад гэтага ён толькі выйграў бы. Затое тыя 8 трэкаў, поўныя дакладнай іроніі і добрай энергіі, цаляюць дакладна – і тэкстамі, і мелодыямі, і абноўленым гучаннем гурта.

8. Brutto "Родны край" – слухаць

Гэта вельмі неадназначны дыск: побач з паспяховымі мелодыямі і рыфамі тут месцяцца зусім няўдалыя хады, а "рериховские узоры" и "береги зубы, системный пидорок" не складаюцца ў адзіны месадж. Тым не менш, "Родны край" – вялікі крок наперад у параўнанні з дэбютам Brutto, ды і проста моцны рок-дыск з добрым гукам і цэлай нізкай выдатных нумароў.

9. Розныя артысты "Anima" – слухаць

Ніякіх адкрыццяў ад "Anima" я не чакаў: я не вялікі аматар сумесных музычных праектаў, а ад праслухоўвання беларускіх складанак у мяне звычайна ўзнікае толькі адно пытанне: "Навошта?" Аднак дыск зачапіў: на ім сабраныя добрыя творы, запісаныя належным чынам – мінімалістычна і кранальна.

10. Kazalpin "Снежкі/Schnee" – слухаць

Тонкая, яркая, разнастайная праца, якая чапляе прадуманым празрыстым гукам і жывасцю запісу. Літаральна па кожным трэку адчуваеш, што музыкі працавалі над гэтым альбомам у сваё задавальненне – таму вынік і атрымаўся такім лёгкім ды прыемным.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

 
 
Developed by Lynxlab.net