О проекте

Надзея Кудрэйка: асабісты топ-10 лепшых беларускіх альбомаў за 2013 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Працавала на радыёстанцыях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца". У выніку на працяглы час затрымалася на "Першым канале" беларускага радыё. У мінулым аўтар перадач "На ростанях", "Яшчэ не вечар", "Сонца ў вочы", "Вечаровы акорд", а таксама праграмы "Тры акорды", прысвечанай беларускай рок-музыцы.

Можа, не самы бліскучы год атрымаўся ў плане адкрыццяў і шэдэўраў. А, можа, гэта мы, слухачы, сталі ўжо занадта пераборлівымі гурманамі, прызвычаіліся да высокага ўзроўню беларускай музыкі, і хочам, каб нас усё больш і больш здзіўлялі, радавалі і захаплялі. Не сказаць, каб нейкія альбомы выклікалі ў мяне вялікі эмацыянальны зрух і жаданне "балець" за іх месца ў іерархіі топ-спісаў, таму я дазволіла сабе больш спакойна пагуляцца з месцамі ў сваім Топ-10.

Напрыклад, відавочна якасныя, прафесійныя працы такіх мэтраў як Apple Tea, "Стары Ольса" і Kriwi ў выніку былі вымушаны саступіць месца маладым незаспакоеным творцам, якім мне такім чынам захацелася прадэманстраваць некаторае адабрэнне іх пошукаў. І яшчэ ў выніку заўважыла, што ў маім спісе не знайшлося месца інструментальным праектам. Мабыць, яны летась не кранулі мяне настолькі глыбока, каб я сказала "ах!", і аддала перавагу бязмоўнай музыцы над той, што мае яшчэ і вербальна-вакальныя чалавечыя эмоцыі.

Увогуле, 2013 год, як мне здаецца, можна назваць годам залатой сярэдзіны – амаль усе прадстаўленыя альбомы зробленыя на прафесійным узроўні, але без асаблівага бляску. І пры адзнаках і ацэнках усё большую ролю іграюць асабістыя жанравыя схільнасці слухачоў і рэцэнзентаў. Аднак міжволі падумалася, што ў які іншы год, а не 2013-ы, у некаторых альбомаў магло б і не быць шанцаў трапіць у мой Топ-10.

1. Pukstband "Последний альбом" – слухаць

Пазіцыя, з якой у мяне не было асаблівых ваганняў. Нішто не раздражняе, нішто не напружвае. Вясёлае разняволенае рок-н-рольнае гучанне неяк асабліва зайшло на фоне напружаных, праблемных, нярадасных, ну і проста менш дасканалых канкурэнтаў. Да таго ж, песні практычна ўсе знаёмыя. І якраз на гэтым апошнім альбоме Сяргей Пукст здолеў зрабіць іх без напругі для слухача. Не думаю, што яны сталі з-за таго горш.

2. Ірэна Катвіцкая "Этна-фантазія" – слухаць

Цэльная, гарманічная, канцэптуальная праца. Магчыма, якой больш дарэчы месца ў якіх хіт-парадах акадэмічнай музыкі. Пры гэтым "заумь" мадэрністаў кшталту Шнітке моцна змягчаецца песеннасцю фальклора, атрымліваецца нешта новае і незвычайнае. І, галоўнае, задума ўвасоблена прафесійна і якасна.

3. BosaeSonca "Адпусці" – слухаць

Проста добрыя песні ў "чалавечых" аранжыроўках. Да таго ж на беларускай мове – паўтаруся, гэта заўсёды плюс, адчуваеш музыку больш роднай. Асаблівая ўдача – песня "Неба" на верш Анатоля Сыса. Нават адной песні, пры тым, што і астатнія ўражанне не псуюць, дастаткова для высокай адзнакі ўсяму альбому.

4. Петля пристрастия "Фобос" – слухаць

Я нечакана адчула гармонію ў гэтых негарманічных, нават не меладычных спевах. Нечакана, бо нарэшце мяне сур’ёзна кранула атмасфера гурта, і я не засталася проста добразычлівым назіральнікам як раней. Сам вектар, эмацыйны пасыл мне аказаўся блізкім. І не такім ужо страшным, як многія кажуць.

5. BosaeSonca "Залаты" – слухаць

Хоць і занадта перавывераны альбом і з перабольшваннем у плане надрыўнасці вакала – аднак пераконвае якасцю гучання, вельмі ўдалымі знаходкамі ў аранжыроўках – гаворка, канешне, пра баян. У выніку ёсць выразнае аўтарскае гучанне. У параўнанні з "Адпусці" – халаднаватае.

6. Naka "Довольна" – слухаць

Не той альбом, які прыемна слухаць. Але ўражанне пакідае. У мяне адразу ўзнікла асацыяцыя з героем Майкла Дугласа з фільма "Falling Down", дзе ён у такім нервовым стане, што нават неапетытны выгляд сэндвіча яго здольны давесці да лютасці. Канцэнтраваны выкід энергіі, запамінальныя песні. Адзінае што, вакальная манера мне падалася занадта аднастайнай. Выкарыстаны адзін прыём саркастычнага, здзеклівага прамаўлення словаў, спеваў практычна няма. А на маю думку гэта павінна было б быць толькі разынкай, асабліва эмацыйным акцэнтам, пікам.

7. Litvintroll "Чорная панна" – слухаць

Ураўнаважаныя суадносіны фолка і метала, нацыянальнага і інтэрнацыянальнага. Пазітыў, прафесійнасць. Нясумна слухаць.

8. Макс Корж "Жить в кайф" – слухаць

Другі альбом Макса Каржа не такі выбуховы, як першы – але без тых хібаў, што былі раней. Вельмі ўпэўненая праца ў рэдкім для Беларусі жанры якаснай масавай музыкі. За гэта і хвалю.

9. ili-ili "Ліст" – слухаць

І гурт ili-ili хвалю за добрую поп-музыку, сімпатычныя песні і нейкую вельмі адчувальную лагодную, усмешлівую, сяброўскую атмасферу. Бракуе дасканаласці ў чыста прафесійных момантах выканання, асабліва ў вакале. Бракуе зладжанасці, збітасці кампазіцый. Але гэтаму можна навучыцца, дзеля чаго – ёсць. Ёсць добрыя песенныя ідэі.

10. Sounduk "Наше время" – слухаць

Sounduk сваім трэцім альбом мяне парадаваў. Таксама на верным шляху. Знойдзена правільная атмасфера, правільны падыход да аранжыровак, гучання. Вельмі гарманічны альбом, прыемна слухаць. Думаю, калектыў замацуецца ў гэтым гучанні, і больш смелымі песнямі прымусіць пра сябе загаварыць яшчэ болей.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net