О проекте

Studio Neman запісалі альбом на вершы Барадуліна (+слухаць)

 

Колішні ўдзельнік ансамблю "Песьняры" і гурту Rouble Zone Аляксандар Віслаўскі прэзентаваў на Tuzin.fm альбом на вершы Рыгора Барадуліна, які запісаў ягоны новы праект Studio Neman. Альбом "Маленьне за Беларусь" з тых, які ня мае тэрміна даўніны. Ён мог быць запісаны, скажам на пачатку 80-х, мог прагучаць у 90-х, а насамрэч выйшаў толькі што.

Гэтая праграма паўстала ў выніку супрацы выдатнага музыкі, кампазытара і аранжыроўшчыка Аляксандра Віслаўскага з выканаўцам і паэтам Алесем Камоцкім. Аляксандар пяць год таму ўдзельнічаў у запісе альбому "Вяровіца", аранжаваў песьні Алеся на вершы Рыгора Барадуліна. Музыка дужа прасякнуўся ягонай паэзіяй і ў яго паўсталі задумы ўласных песень. Рэалізаваў ён іх толькі летась. Першай з напісаных песень стала "Ерусалім".

"Я яе напісаў адразу ж, як вярнуўся з пахаваньня дзядзькі Рыгора, – кажа Аляксандар Віслаўскі. – Прыехаў, стаў за клявішы і так нарадзілася яе мэлёдыя, са слязьмі на вачох. Я думаў толькі пра тое, чаму ж не запісаў гэты альбом пры яго жыцьці. Магчыма, намаганьне аддаць даніну павагі вялікаму паэту і майму сябру, можа пачуцьцё віны мяне тады і падштурхнулі зрабіць гэты значны творчы крок. Ня ведаю дакладнага адказу, але ў выніку таго ўнутранага абуджэньня я запісаў амаль дзьве гадзіны музыкі. Цяпер мы разам з музыкамі адабралі 10 мэлёдый, якія ўвайшлі ў альбом".

Адкрывае альбом "Маленьне за Беларусь" сам Рыгор Барадулін, які чытае "Ойча наш". Што найперш усхвалявала аўтараў гэтай працы ў ягонай паэзіі? "Перадусім патрыятызм, грамадзянская лірыка, Барадулін зьвяртаўся да гістарычнай памяці беларусаў, да нашага асаблівага мэнталітэту. Я думаю, што ў альбоме ёсьць адказы на галоўныя пытаньні – як заставацца беларусамі і захаваць сваю ідэнтычнасьць", – кажа спадар Віслаўскі.

Альбом атрымаўся сапраўды прыгожым і грунтоўным, зь лёгкім прысмакам арт-року і джаз-року. Без прэтэнзіі, але ў самую сутнасьць. А "песьняроўская" нотка тлумачыцца проста – аўтар музыкі прайшоў школу "Песьняроў": ён пачынаў у моладзевай студыі ансамблю "Песьняры" (1985), а потым увайшоў у склад ВІА пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна ў якасьці клявішніка і бэк-вакаліста (1987-1991), у гэты час менавіта ён саліраваў у "Александрыне" і стаў першым выканаўцам "Слуцкіх ткачых". У 90-х Аляксандар працаваў у аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і быў нават дарадцам прэзыдэнта па культуры, у сярэдзіне 90-х граў у складзе гурта "Рублёвая зона", а потым пераехаў на некаторы час у Польшчу, дзе працаваў у гурце 5th July. У 2004-2013 годзе выступаў у складзе адных зь "Песьняроў" (п/к Ігара Сьвечкіна).

Ствараць альбом "Маленьне за Беларусь" Аляксандру Віслаўскаму дапамагала прафэсійная каманда музыкаў, якія аб’ядналіся ў праект "Studio Nemаn". У лютым 2016-га музыкі зьбіраюцца зладзіць жывую прэзэнтацыю альбома.

Тэкст: Сяргей Будкін, Tuzin.fm


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net