У сеціве адбылася прэм’ера дэбютнага альбома пераможцаў фестывалю "Басовішча 2011" – гурта Yellow Power. У запісе дыска музыкам дапамагалі удзельнікі гуртоў Sinie Gory, Masque Noir, Tonqixod, Teleport, m, Markuts Band.
"Увесь гэты час мы развіваліся як музыкі ды вучыліся рабіць ўсё самастойна: ад першаснага ўнутранага імпульсу, ягонага развіцця ў паўнавартасную песню да запісу і звядзення. Менавіта таму альбом, запіс якога мы распачалі напрыканцы 2015, атрымалася завяршыць толькі ў снежні 2017", – адзначаюць удзельнікі гурта.
Інтравертныя ды самапаглыбленыя тэксты вакаліста Дзяніса Пуцікава захоплены ў павуцінне гітарных ды сінтэтычных сугуччаў. Такі падыход нагадвае пост-панк пачатку 80-х, хоць у музычным сэнсе гэтае падабенства не настолькі відавочнае.
"Альбом "Цяпло" – першая выспа з нашай ўнутранай імперыі, дзе мы намагаемся адладзіць уласны музычны сусвет без стылістычных абмежаванняў ды клішэ", – дадаюць музыкі.
У гурце побач з Дзянісам прымаюць удзел Ілля Пуцікаў (гітара), Іра Забэла (клавішы) ды Яўген Пыльчанка (бас). Дзяніс Кудраўцаў з гурта Sinie Gory дапамагае з бубнамі. Цягам бліжэйшага месяца музыкі плануюць правесці жывую канцэртную прэзентацыю ў адным з менскіх клубаў.
Тэкст: паводле прэс-рэліза