Год быў багаты на падзеі і цікавыя альбомы. Можа яно і добра, што вырашылі летась адпачыць "Крамбамбуля", "Крама", "N.R.M. ", "Палац", "Neuro Dubel", бо на першы плян выйшлі працы надта цікавых камандаў, якія за дыскамі зорак маглі і не заўважыць.
Таксама кідаецца ў вочы панаваньне фолку ва ўсіх магчымых топах. Летась гэты кірунак сапраўды набыў другое (трэцяе) дыханьне, дзякуючы таленавітым дэбютантам і прызнаным майстрам.
1. Ляпис Трубецкой "Манифест" – 9,00
"Ляпіс" засьведчыў чарговы раз: мала хто ёсьць роўны ім ня толькі ў Беларусі, але і на постсавецкай прасторы. Ці зьявіцца за нашым жыцьцём яшчэ хоць адзін беларускі гурт, які ў змозе будзе зьбіраць палацы спорту на сваім сольным канцэрце?
2. Троіца "Жар-жар" – 9,00
Каб была намінацыя "Самы дзіўны альбом году", то трэ было даваць бы "Жар-жару". Слухаючы з год 10 таму іх "Рэчаньку" не ўяўляў, што этна-трыё можа дайсьці да такога. Вельмі ўдалая праца, якую можна паставіць у адзін шэраг з галоўнымі беларускімі фолк-экспэрымэнтамі – "Перапёлачкай" "Песьняроў" і "Дарожкай" "Палацу".
3. Троіца "Сон-трава" – 8,00
Менш за восем балаў працам гэтай каманды папросту не паставіш. Іхняя грунтоўнасьць і здольнасьць да надзвычай цікавага пераасэнсаваньня нават самых зацяганых беларускіх народных песень вымагае як мінімум павагі. А то і зачароўвае.
4. NHS "700" – 8,00
Тое, што ў апрацоўцы народных сьпеваў яшчэ магчыма пазьбегнуць стэрыятыпных падыходаў засьведчыў гэты альбом. "NHS" – "Троіцы" раўня, во як выявілася.
5. Растопчин Александр "Роднае" – 8,00
Рэдкі выпадак – дыск інструмэнтальнай музыкі трапляе ў лік найлепшых. Як правіла, кожнаму дыску сапраўднага майстра (ці тое баяна, ці тое гітары – няважна) можна паставіць высокую адзнаку. За выкананьне. Але ня варта забывацца яшчэ на адзін важны фактар – неакадэмічная шчырасьць. І першае, і другое прысутнічае ў гэтай працы.
6. Разбітае Сэрца Пацана "Розавы закат" – 8,00
Супярэчлівы альбом дзівакоў-прыкалістаў, які ў пэўным настроі можна адразу выкінуць у сьметніцу, а ў іншым – закруціць да драпінаў. Пэўна ў той момант быў той настрой, што зайшла музыка такая, хоць зь цягам часу аднастайнасьць далася ў знакі.
7. ДетиДетей "ОтЛично" – 7,00
Прыгожы альбом прытэатралізаванага праекту ўзяў найперш эмацыйнасьцю. Калі чалавек з такім надрывам сьпявае, то наўрад ці застанецца наўкол нехта абыякавы. У чаканьні беларускамоўнага дыску.
8. Tanin Jazz "Feel This Time" – 7,00
Проста прыемны альбом прыстойна запісанай музыкі.
9. IQ48 "Героі" – 7,00
Па-шчырасьці хацелася ад другога дыску гэтага гурта нечага большага. Яшчэ бы прысутнасьць аднаго-двух гітоў узроўню "Выйсьця" ці "Сьвятла ў цемры" і можна сьмела бы паставіць "Героям" моцную дзевятку.
10. Камоцкий Алесь "З бацькоўскай кружэлкі" – 7,00
Альбом савецкіх шлягераў, пераасэнсаваных па-свойму,па-беларускаму, па-хатняму. Той выпадак, калі часам пераробка лепшая за арыгінал :)
Сяргей Будкін