О проекте

Сяргей Будкін: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2016 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы, сузаснавальнік Experty.by. Рэдактар парталу "Тузін Гітоў"/TuzinFM (з 2003), музычны аглядальнік газеты "Наша ніва" (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на радыё, аўтар і вядучы праграмы Belsat Music Live (з 2017). Прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007), аўтар ідэі і прадусар праектаў "Тузін.Перазагрузка" (2009, 2011), "Заспявай" (з 2015) і іншых.

Даволі часта даводзілася чуць такое выказваньне: рэальна цікавай беларускай музыкі вобмаль, вартых увагі выканаўцаў можна пералічыць па пальцах адной рукі. 2016 год ёсьць чарговым доказам, што гэта ня так, бо не хапае і пальцаў дзьвюх рук, каб назваць усе выдатныя рэлізы. Адзінае, што тут можа засмучаць, – аднастылёвасьць сьпісу, большасьць у ім прадстаўляюць беларускую рок-сцэну. Хацелася б паболей яскравых альбомаў (без імкненьня дагадзіць расейскамоўнаму слухачу) у іншых стылях, асабліва ў поп-, электроніцы, рэп-музыцы.

10. Naka "Мая малітва" – слухаць

Незаслужана як па мне абыйдзены ўвагаю альбом яскравага гурта, да якога музыкі ішлі вельмі доўга. Альбом поўніцца выдатнымі творамі, але наўрад ці адкрыецца слухачу зь першага разу, яго трэба спрабаваць і асэнсоўваць папесенна. За раз праглынуць сапраўды даволі складана, можа таму, што гэта не канцэптуальная праграма, а менавіта складанка песень розных часоў.

9. Re1ikt "Куфар" – слухаць

Аналягічная сытуацыя, што і ў Naka: складанка, а ня цэльны завершаны альбом. На адным дыску сабраныя песьні рознага настрою, характару і тэматыкі. Ад гэтай арытміі няма адчуваньня адкрыцьця (тое самае, каб у Купалаўскім вам паказвалі замест спэктаклю эпізоды з розных пастановак). Але гэтая акалічнасьць аніяк не ўплывае на якасьць матэрыялу. Re1ikt – гэта гучыць годна!

8. Макс Корж "Малый позврослел, ч.1" – слухаць

Абмінуць гэты альбом немагчыма, бо Корж робіць неверагодныя рэчы, замешваючы дваровы шансон, поп, дэнс, хіп-хоп у адзін дзіўны кактэйль, які на смак вельмі нават нічога. У сваім гэтым вобразе пасталеўшага пацана з мікрагі ён выглядае сымпатычна і натуральна. І вельмі цікава дазнацца, што зь ім будзе далей.

7. Ilo & Friends "Кола" – слухаць

Выдатная канцэптуальная праца прадстаўнікоў беларускай рок-музыкі зь Беластоку: кожны верш паэта (а сьпяваецца тут на словы Разанава, Караткевіча, Сыса) тут рэальна асэнсаваны і пражыты, а музыка тут ня проста фон для паэзіі. Музыка тут мацуе словы, дзякуючы чаму ўтвараецца цэльны твор, які, быць можа, парушае толькі польскамоўная кампазыцыя пасярод.

6. Петля пристрастия "Мода и облака" – слухаць

У гэтым альбоме ўсё крута: і адстаронены вакал Ільлі, і ягоныя дахазьязджальныя тэксты, і смачныя аранжыроўкі, і зладжанае інструмэнтальнае суправаджэньне, што дае ўсё разам яскравае і драйвовае відовішча. А песьні "Груз" і "Автоматизм" дык наогул лепшае, што здаралася ў расейскамоўнай рок-музыцы за апошнія, мусіць, год 10.

5. Зміцер Вайцюшкевіч "Камета" – слухаць

У гэтым альбоме добра раскрываецца адна з рысаў Вайцюшкевіча-артыста. Ён, як той Джо Кокер, настолькі можа ўжыцца ў чужую песьню, што яна робіцца неад’емнай часткаю ягонай уласнай творчасьці. Ён ня толькі не папсаваў песьні славутага чэскага музыкі Яраміра Ногавіцы, але і дадаў у іх сваю эмоцыю ды расквеціў іх новымі фарбамі дзякуючы вакальнай падачы і новым аранжыроўкам.

4. Akute "Пластыка" – слухаць

Альбом, які на першы погляд, падаваўся прахадным, калі не правальным, пасьля 3-4 праслухоўваньняў раскрыўся ажно настолькі, што карціць яго назваць самай сьпелай і вынаходлівай працай у дыскаграфіі магілёўскага гурту. Ну і Цой жыве, вядома ж).

3. Shuma "Сонца" – слухаць

Shuma выйшла ў адкрыты космас і прадукуе суцэльную пекнату на аснове беларускага фальклору (хаця, канечне, вельмі б хацелася, каб гурт урэшце рэшт выйшаў на аўтарскі матэрыял). "Сонца" можна паглынаць цалкам, па трэках, ад пачатку, ад сярэдзіны ці ў разнабой. Як бы хацелася, каб такой музыкі ў Беларусі было паболей.

2. Dzieciuki "Рэха" – слухаць

Акрамя таго, што гэта моцны панк-альбом, якога яшчэ пашукаць, "Рэха" яшчэ і важная праца з пункту гледжаньня грамадзкага. Гарадзенцы расказваюць простымі словамі, як і за што трэба любіць Айчыну. Тое ж самае рабілі беларускія паэты ў пачатку XX стагодзьдзя. Акурат недзе туды адкінутая на сёньня беларуская самасьвядомасьць.

1. Лявон Вольский "Псіхасаматыка" – слухаць

Безумоўна – галоўны беларускі альбом, адзіны мінус якога ў кампактнасьці падачы. Праз аранжыровачныя хітрыкі 16 песень з двайнога CD зьмясьціліся ўсяго толькі ў 40 хвілін. Выбар Лявона, вядома ж, але не хапіла ў некаторых песьнях музычнага разьвіцьця, хоць тут, упершыню хіба ў пост-энэрэмаўскай творчасьці, дужа вялікая канцэнтрацыя трэкаў, якія вартыя ўключэньня ў "зэ бэст" Вольскага за ўсе часы.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net