О проекте

Сяргей Будкін: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2017 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы, сузаснавальнік Experty.by. Рэдактар парталу "Тузін Гітоў"/TuzinFM (з 2003), музычны аглядальнік газеты "Наша ніва" (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на радыё, аўтар і вядучы праграмы Belsat Music Live (з 2017). Прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007), аўтар ідэі і прадусар праектаў "Тузін.Перазагрузка" (2009, 2011), "Заспявай" (з 2015) і іншых.

Сярод галоўных рэлізаў 2017 году вылучаюцца рэюніёны выканаўцаў, якія выдалі свае альбомы праз працяглую паўзу ў сем і болей год і вельмі парадавалі сваім гучаньнем. Найперш CherryVata і Bez.Not. У пэўным сэнсе вяртаньнямі можна назваць нават некаторыя дэбюты: Аня Жданава, Yegor Zabelov Trio. The Glitchhh, і тым больш The Superbullz, якія выдалі свае першыя альбомы – імёны таксама ня новыя. Пагатоў Zero-85.

А вось сярод сапраўдных дэбютантаў увагу зачапіў хіба Weed & Dolphins. З адкрыцьцямі сярод студыйных альбомаў – бяда. Але на самой справе ня ўсё так кепска. Калі б пад разгляд траплялі б яшчэ і EP, то варты вылучэньня безумоўна вось гэты рэліз электроннага праекту Mikita. Ня быў разгледжаны таксама выдатны альбом Five-Storey Ensemble, па-за ўвагаю Experty.by пакінулі і выдатны дэбют гурта "MorkvoЦвет", які ня быў уключаны ў сьпіс прапанаваных альбомаў.

Другую значную частку цікавых рэлізаў складаюць чаканыя альбомы, якія тым і добрыя, што не зьдзіўляюць, а сьведчаць, што выканаўцы ідуць сваім абраным шляхам. На жаль, гэта ня тычыцца гурта Tonqixod, які нікуды ўжо не ідзе. Затое бадзёра крочаць далей Nizkiz, Макс Корж, Naviband, Neuro Dubel, "Стары Ольса", Irdorath, ЛСП, Intelligency, Naka Piano…. Кожны ў сваім стылі ўзьняў некалі высокую планку і трымаецца яе надалей, што пацьвярджаюць іх моцныя і збольшага прадказальныя альбомы. Хаця былі сярод вядомых і актыўных выканаўцаў тыя, хто зьдзівіў (гл. Super Besse і Brutto).

А на першым месцы ў годзе для мяне праект "(Не)расстраляная паэзія". Сьціпласьць тут вырашыў не ўключаць, бо для мяне гэта безумоўна галоўны музычны праект-2017. І не таму што яго рэалізаваў TuzinFM, а таму што ён надзвычай важны і вельмі неабходны для нашай культурнай прасторы. Таму што творцы нашага часу вяртаюць імёны сваіх калегаў, якіх асудзілі на сьмерць, але не на забыцьцё. І робяць гэта кранальна, прыгожа і душэўна. Прычым, так выйшла нейкім цудоўным чынам, што вершы 1920-1930-х нібы напісаныя для музыкаў 2010-х. Паслухайце хоць бы Akute, Naka, Dzieciuki. Але прагаласаваць за яго ў межах узнагарод я права не меў.

Агулам жа вартых рэлізаў за год налічыў больш за тры дзесяткі, таму досыць складана ўкласьці іх у дзясятку. Але такая была задача.

1. Tonqixod "Колер, якога няма" – слухаць

Цяпер гэты альбом успрымаецца як гістарычны артэфакт з увагаю на тое, што наўрад ці гэты гурт убачыш на сцэне. А вось першае праслухоўваньне вельмі ўзрадавала хоць бы тым, што музыкі запісалі ня горшы альбом за дэбютны (хоць асабіста для мяне "Прадмова" застаецца самым блізкім). Сярод 8 трэкаў-глыбаў безумоўна хочацца вылучыць "Песьню пра балота", пасьля якой асаблівае ахоплівае гонар за беларускую музыку, культуру, паэзію. Ну і за само балота, якое можа ня толькі засмоктаваць, але і натхняць.

2. CherryVata "Daybreak" – слухаць

Яшчэ адзін прыклад удалага вяртаньня адной з самых яркіх камандаў пачатку 2010-х, якое ў дадзеным выпадку падагравалася некалькі год сынгламі і жывымі выступамі. Дзіме Літвіновічу пашанцавала з новай вакалісткай Кацяй Штырц (між іншым, колішняй опэрнай сьпявачкай), а Кацярыне ўласна зь Дзімам, бо адбылося ўзаемаўзбагачэньне. Як жа ж хочацца паболей такой музыкі ў беларускай прасторы.

3. Nizkiz "Синоптик" – слухаць

Песьні Nizkiz можна слухаць пры любым надвор’е, бо ў іх ёсьць месца і для пазытыву, і для тугі. І сам альбом іхны – па-за часам. Настолькі, што ажно шкадуеш, што музыкі не нарадзіліся трошкі раней і не запісалі яго на пачатку 00-х. Да выдатнай студыйнай працы варта дадаць той факт, што гэта проста цудоўная канцэртная каманда.

4. Bez.not "Акривия" – слухаць

Самы нечаканы рэліз 2017-га. І пэўна самы пазытыўны. Пры тым, што ў ім усё проста і прадказальна. Але як толькі сканчаецца альбом, ты ставіш яго спачатку, каб яшчэ раз атрымаць порцыю станоўчых эмоцыяў ад магілёўскіх растаманаў (ды зрэшты ў гэтым выпадку зусім няважная ані прапіска, ані мова), якія перажылі нялепшыя часы і здолелі вярнуцца. Практычна бездакорная праца што да музыкі, што да тэксту, што да падачы, што да стылю, што да рэалізацыі.

5. Super Besse "La Nuit" – слухаць

Неадназначны альбом перадусім у кантэксьце самой каманды. Гэта тое самае, каб "Кино" запісалі пасьля "Группы крови", скажам, "Начальник Камчатки". Пасьля "63610*" чакалася не такога аднастайнага альбома дык дакладна. Але гэта не адмяняе чароўнасьці "La Nuit", дзе пад гэтай умоўнай роўнасьцю і ўяўнай абыякавасьцю
хаваецца вір эмоцыяў. Нягледзячы на тое, што засьпявана на зразумелай беларусам мове, ментальна гэта самы нетутэйшы альбом з гэтае дзесяткі...

6. Аня Жданава "Appetiizer" – слухаць

...Ну хіба яшчэ гэтая праца вызначаецца сваёю поўнаю нетутэйшасьцю. Хаця вельмі было б цікава паглядзець што выйшла б, каб Аня пераклала пару сваіх песень на беларускую ды падалася на "Бардаўскую восень". Яшчэ адно вяртаньне, якое прыемна зьдзіўляе: нібы зьявілася цікавая маладая сьпявачка, а гэта аказваецца фактычная рэінкарнацыя сымпатычнай забытай Lilac.

7. Brutto "Рокі" – слухаць

Замес у новым дыску ўкраінска-беларускай фармацыі, канечне, дзіўнаваты: Chumbawamba, Кім Уайлд, Жадан з Хадановічам ды Купалам, фактычна самакавэры на позьні "Ляпіс" і некалькі ўжо добравядомых дзякуючы кліпам гітоў уласна Brutto. Але ўсе гэтыя спляценьні, уплывы, запазычаньні ды ўласныя прыдумкі робяць альбом захапляльным для праслухоўваньня. Як атракцыён, калі займае дух і ты ня ведаеш што цябе чакае за паваротам. Хай бы яно так і было, каб місія Brutto па-ранейшаму заставалася б размытай, а Міхалок працягваў бы зьдзяўляць учынкамі (ці іх адсутнасьцю) ды падпітваўся энэргіяй ад усіх на сьвеце вартых людзей. Толькі ў такім выпадку нас будуць чакаць такія ж займальныя альбомы надалей.

8. Naka Piano "Игра в правду" – слухаць

Альбом, які зроблены на нэрве, з душою і... зь фігаю ў кішэні. Ці прынамсі зь пагардаю і выклікам да тых, хто папракае Насту Шпакоўскаю ў перайгрываньні на музычнай сцэне. І калі пранізьлівых звышэмацыйных нумароў на альбоме Naka звычайна некалькі, то "Игра в правду" цалкам складаецца зь іх. Гульня ў тым, каб знайсьці сярод іх наўмысна драматычныя, створаныя дзеля таго, каб раздражніць і распаліць (такі піяна-панк, прыкрыты картонкаю з намаляванымі кветачкамі і зайчыкамі) і тыя, якія прасякнутыя сапраўднымі пачуцьцямі. Фактычна гэта музычны тэст на чульлівасьць.

9. The Glitchhh "Cordyceps" – слухаць

10. Intelligency "Techno Blues" – слухаць

Гурты зусім непадобныя адзін да аднаго. І ў той жа час іх яднае незаштампаванасьць музычнага мысьленьня. The Glitchhh пачынаўся як інструмэнтальны праект аднаго гітарыста, а па выніку на альбоме гучыць цэлы рок-склад ды яшчэ з пяцьцю вакальнымі партыямі. Intelligency былі дуэтам, а на гэтым альбоме яны гучаць поўным складам ды яшчэ месцамі са струннымі. І кожны зь іх знайшоў сваё адметнае гучаньне.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net