О проекте

Ягор Цывілька: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2014 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра вялікага журы. Працуе ў банку, атрымлівае другую адукацыю ў галіне культуразнаўства (БДАМ). Ад 2012 вядзе музычны блог Broken CD. Пераможца народнага кастынгу маладых штатных экспертаў (2013).

Шкада, але з навінамі, асабліва непрыемнымі і трывожнымі, у 2014 годзе быў поўны парадак. Большасці насельніцтва было не да музыкі. А як хацелася б жыць у грамадстве, дзе ў топе самых чытаных навін была інфармацыя пра неверагодны альбом Port Mone ды цудоўны дэбют TonqiXod, а нагодай для палкіх спрэчак за бутэлькай былі б толькі вынікі музычных прэмій. Што сказаць, люблю ўтопіі, але вяртаемся да рэальнасці.

Быццам насуперак абставінам, музычны год выдаўся аптымістычным. Выйшла шмат выразных і глыбокіх альбомаў, у атмасферу якіх было цікава вяртацца яшчэ і яшчэ. Кампанію ім склала мноства тонкіх і тлустых, неверагодна сур’ёзных і да непрыстойнасці іранічных, лірычных, лёгкіх, ды складана-грувасткіх, карацей, розных-розных рэлізаў.

Вельмі важна, што пабачылі свет плыткі, у якіх увагу прыцягвае не толькі якасная музыка, але і выдатны тэкст, дзе словы граюць далёка не другасную ролю ("Грамадазнаўства", "Прадмова", альбомы ЛСП ды Сярогі). Развіццё інтэрнэту таксама дае свой плён, і беларускіх музыкаў ужо цяжка абвінавачваць у неактуальнасці ці закансерваванасці. І самае галоўнае, след ад музыкі гэтага года застанецца ў памяці надоўга, а гэта ўжо нагода радавацца і глядзець у будучыню нашай культуры з надзеяй.

1. Port Mone "Thou" – слухаць

Альбом, які, я ўпэўнены, увойдзе ў шэраг найлепшых за ўсю гісторыю беларускай музыцы. Неверагодная глыбіня, ідэальныя прапорцыі, вывераны ёмісты гук - і разам з гэтым лёгкасць, простая прыгажосць мелодыі. Музыка як стыхія.

2. Tonqiхod "Прадмова" – слухаць

Каму ў "Тонкімходзе" да спадобы музыка, каму тэксты, а мне дык усё разам. Аўтары зрабілі тонкі ход: таленавітая новая паэзія ў абрамленні рэанімаванага "пенсіянера" арт-рока. Зроблена бездакорна: умерана-складана, на дзіва прафесійна і з любоўю. Галоўная надзея беларускага рока.

3. Vuraj "Rajok" – слухаць

Пасля гэтага альбома Vuraj можна было б адразу залічваць ў вышэйшую лігу беларускага фольку, калі б яна існавала. Спалучэнне "Песняроў", "Троіцы" і Kriwi ў адным флаконе. Рознанастроевая, каляровая, жывая музыка.

4. The Toobes "Road To The Big Time" – слухаць

Альбом, які можа стаць апошнім, вылучаецца вельмі якасным гучаннем, нечаканым меладызмам ды тым самым непаўторным драйвам. Хлопцы трымаюць планку аднаго з найлепшых рок-гуртоў Беларусі, і гэта выдатна!

5. 2morrow2late "My Best Enemy" – слухаць

Адзін з лепшых рок-альбомаў 2014. Гурт паказаў рост па ўсіх накірунках, набраў моцы, але не згубіў меладызму. Усё каліва ў каліва. Жыве рок-н-рол!

6. Лявон Вольскі "Грамадазнаўства" – слухаць

Актуальны, але не своечасовы альбом, які ад гэтага не губляе моцы. Галоўнае тут - словы, а ўсё астатняе толькі дадатак. "Гуманітарную дапамогу" Лявона Артуравіча можна разбіраць на цытаты, а аранжыроўкі вострыя, нечаканыя, максімальна функцыянальныя. Найлепшы, але не ідэальны сольны альбом легенды беларускага рока.

7. Mustelide "Secret" – слухаць

Той выпадак, калі сольная праца гучыць цікавей, чым плён каманднай гульні. Наталля Куніцкая гуляе па сваіх правілах, але трапляе ў трэнд. Узорны электра-поп, прывабны і таямнічы.

8. Seryoga "50 оттенков Серого" – слухаць

Сярога за 7 год нарасціў мускулы і стаў мацёрым дзеячом шоўбізу суседняй краіны. “50 оттенков Серого” можна аднесці да катэгорыі сапраўднага мужчынскага рэпу, дзе няма словаў дзеля словаў, а кожная літара і гук узважаныя і прадуманыя. Неверагодная адкрытасць без самалюбавання і патасу, якой верыш.

9. IOWA "Export" – слухаць

Адзін з наймацнейшых беларускіх поп-альбомаў за шмат гадоў. Без выхаду за рамкі фармату ці ягонага пашырэння ў гурта атрымалася зрабіць нешта новае і адназначна “сваё”. Актуальны гук, чапляльныя мелодыі, запамінальны вакал ды някепскія тэксты, а яшчэ натуральнасць і адсутнасць “пантоў” – вось асноўныя складнікі "экспартнага" поспеху IOWA.

10. Groosha "Out Of Place" – слухаць

Вельмі меладычны, тонкі і кранальны альбом ад нашай беларускі ў Амерыцы Настассі Верцель. Можа, тут не так многа лоску і моды, затое ўсё шчыра і па-сапраўднаму. Piano-pop яшчэ не сусветнага, але ўжо і не лакальнага ўзроўню.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net