О проекте

Ягор Цывілька: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2015 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра вялікага журы. Працуе ў банку, атрымлівае другую адукацыю ў галіне культуразнаўства (БДАМ). Ад 2012 вядзе музычны блог Broken CD. Пераможца народнага кастынгу маладых штатных экспертаў (2013).

Першае паўгоддзе пакінула пасля сябе даволі спрэчныя пачуцці, але другая палова 2015-га змагла кампенсаваць усё і вывесці ўражанні ад года ў крэпкі плюс. І для аніякага скепсісу не засталося месца – мінулы год у музычным плане выдаўся адназначна ўдалым, не горшым за мінулыя сезоны.

Прыемна тое, што ў ліку найлепшых – альбомы гуртоў, якія знаходзяць натхненне ў глыбіннай народнай творчасці. Месца для яе – не толькі ў пыльных архівах ды звыклых музеях, сучаснасць ахвотна прымае яе і перапрацоўвае, гэта цудоўна. Выдатны і другі трэнд – якасныя беларускамоўныя альбомы апанавалі топ "экспертаў". Магчыма, гэта толькі выпадковая асаблівасць года, але ўсё адно файна, што хоць на арэне сайта захоўваецца сякі-такі моўны парытэт.

2015 год атрымаўся даволі збалансаваным – бадай, ва ўсіх асноўных накірунках, акрамя непасрэдна самага народнага і папулярнага, з’явіліся якасныя экзэмпляры. Беларуская музыка, негледзячы на адарванасць ад паняцця "бізнэс", развіваецца амаль без адрыву ад сусветнага кантэксту. Спадзяюся, будзе час, калі якасць нашых гуртоў будзе карэляваць з колькасцю людзей на іхніх канцэртах.

1. Shuma"Жніво" – слухаць

Спадзяюся, Shuma здолее стаць такой жа візітоўкай беларускай музыкі на міжнароднай сцэне, як Onuka для Украіны. У гурта для гэтага ёсць усё: яскравыя, магічныя песні, актуальнае гучанне, высокапрафесійны склад, уважлівы, трапяткі і дасціпны падыход да працы і вельмі запамінальныя жывыя выступы. Першы паўнафарматнік падвеў вынікі зробленага за некалькі год і чакана прадэманстраваў, хто тут галоўны. Застаецца дачакацца наступнага альбома і праверыць, ці здолее Shuma з ім паўтарыць фурор на ўзнагародах-2016.

2. Re1ikt "Лекавыя травы" – слухаць

Вельмі цікава назіраць за эвалюцыяй Re1ikt. Каманда нарасціла "мускулы" прафесіяналізму, захавала пазнавальны почырк, пры гэтым неяк лёгка і бесклапотна змяніла стылістыку, увабраўшы і перапрацаваўшы аўтэнтычны матэрыял ды ўзбагаціўшы ўласнае гучанне. "Лекавыя травы" – гэта сур'ёзная, глыбокая і прадуманая праца, яе песні прабіраюць да дрыжыкаў і не адпускаюць – застаецца толькі пакінуць альбом у плэеры і націскаць "рэпіт".

3. Крамбамбуля "Чырвоны штраль" – слухаць

На апошнім, як заверылі ўдзельнікі, альбоме праекта "Крамбамбуля" дасягнула максімуму, пры гэтым стылістычна наблізіўшыся да сольнай творчасці Лявона Вольскага. "Чырвоны штраль" атрымаўся яскравым і па-святочнаму стракатым, на ім хапае месца і для панк-баявікоў, і для гумарнога рэгі. Прыгожая кропка.

4. Neuro Dubel "На Марс!" – слухаць

Нечаканы, моцны і адчайны альбом ад ветэранаў беларускага панку. Імклівая плынь трэкаў захоплівае дух, учэпістыя мелодыі з першага праслухоўвання западаюць у галаву,гучыць усё жорстка, олдскульна, пры гэтым якасна. А манументальны загалоўны трэк асабліва чуллівым можа і катарсіс падарыць.

5. Nizkiz "Лірика" – слухаць

Гэты гурт, як алмаз, што чакае свайго прадусара-ювеліра, здольнага зрабіць дыямент. Nizkiz проста абавязаныя стаць папулярнай камандай стадыённага маштабу, для гэтага ў іх ёсць усё: фірмовы, запамінальны вакал, драйв, учэпістыя мелодыі. "Лірика" лёгка гэта даказвае, вы толькі ўключыце, хіба ў тэксты не ўслухвайцеся, там сам чорт ногу зломіць.

6. Kazalpin "Снежкі/Schnee" – слухаць

Вядома, такія міжнародныя калабарацыі павінны падтрымлівацца на ўзроўні дзяржавы, бо для інтэграцыі беларускай культуры ў сусветную яны робяць нашмат больш, чым шматлікія безаблічныя "эстраднікі". Другі альбом атрымаўся адчувальна больш гарманічным, вынаходлівым і празрыстым. Гэта ўсё ж музыка для эстэтаў, але яе вонкавую прыгажосць, думаю, здольны ацаніць любы слухач.

7. Super Besse "63610*" – слухаць

Даўгачаканы альбом ад гурта, які за мяжой цэняць больш, чым на радзіме. Альбом не перадае канцэртны драйв напоўніцу, ад чаго падаецца крыху аднастайным. Мінімалістычны акампанемент са сціплай драм-машынкай і нервовай гітарай, халодны вакал Максіма Кульшы ствараюць выбуховую вар'яцкую сумесь, якая даволі моцна разыходзіцца з тым, што цяпер называюць пост-панкам.

8. NABR "Наша автономная боевая ракета" – слухаць

NABR гучна заявілі пра сябе ўжо з першага EP. Паўнафарматнік толькі падцвердзіў спадзяванні. Што атрымаецца, калі да шматслойнага, выдатна змешанага кактэйля з альтэрнатыўных стыляў дадаць разумныя, смелыя і добра напісаныя тэксты плюс экспрэсіўнае іх выкананне? Так, суперальбом ад супергурта з Брэста.

9. Кассиопея "Крестик" – слухаць

Галоўным мінусам альбома з'яўляецца ягоны хранаметраж: усяго 8 паўнавартасных трэкаў, смешных, абсурдных, пацешных і кранальных адначасова. А так тут ёсць усё, за што любяць "Кассиопею" – галоўных шаленцаў сучаснай беларускай музыкі.

10. J:морс "Воздух" – слухаць

Ад сябе не збегчы, "J:морс" і не спрабуюць. Альбом мае ўсё тое, за што гурт любяць прыхільнікі і ненавідзяць ненавіснікі. Пры ўсім аздабленчым характары сюрпрызаў атрымаўся ці не лепшы альбом "J:морс" – спелы, дарослы, пры гэтым лёгкі, кранальны і па-ранейшаму рамантычны.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net