О проекте

Ягор Цывілька: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2017 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра вялікага журы. Працуе ў банку, атрымлівае другую адукацыю ў галіне культуразнаўства (БДАМ). Ад 2012 вядзе музычны блог Broken CD. Пераможца народнага кастынгу маладых штатных экспертаў (2013).

Някепскі выйшаў год: было радасна і нясорамна за Naviband на Еўрабачанні; здзівіла, як хутка хіп-хоп стаў новай поп-музыкай; уразіў уздым ЛСП; браў гонар за выдатныя беларускія альбомы; радавалі сумесныя праекты. Беларуская музыка жыве, і хоць ёй далёка да росквіту, але яна не ў заняпадзе дакладна.

Кожны выканаўца развіваецца як можа ў сваёй нішы, і гэтыя шляхі рэдка дзе перасякаюцца. Адным з такіх месцаў быў праект Experty.by – унікальны рэсурс, які з суб’ектыўных меркаванняў крытыкаў выводзіў аб’ектыўную, наколькі гэта магчыма, карціну. Сумна, што сайт, які быў апошнія 8 год тваім гідам па беларускіх альбомах, замарожваецца. Дзякуй за самаадданую працу, для мяне было гонарам быць часткай гэтага праекта!

Топ-10 за 2017 год было вельмі цяжка ранжыраваць па месцах: занадта многа не выдатных, але проста якасных і прыстойных выйшла альбомаў.

1. Tonqixod "Колер, якога няма" – слухаць

Апошні, як апынулася, альбом гурта – запіс не для шырокай аўдыторыі. Занадта разумны, празмерна свабодны ў музыцы, няпросты ды эстэцкі ў тэкстах, ён можа адштурхнуць непадрыхтаванага. На жаль. Бо пры ўсёй складанасці, гэта альбом, перш-наперш, выдатнай музыкі з класнымі мелодыямі і крутымі тэкстамі. Астатняе скажа мая рэцэнзія, мне здаецца, я знайшоў патрэбныя словы.

2. True Litwin Beat "Ненужная правда о белорусах 2" – слухаць

Працяг хіп-хоп гісторыі Пукста і Бялова. Больш бадзёра па музыцы, трапна па вобразах, але меней актуальна па тэмах трэкаў. Часам злыя, часам іранічныя тэксты звышнасычаныя адсылкамі да сучаснай поп-культуры і павесткі дня. За гэтай самабытнай гульнёй у рэп назіраць усё так жа цікава.

3. Naviband "Иллюминация" – слухаць

Найлепшы паўнафарматнік гурта. На "Иллюминации" сышлося ўсё: прыемныя мелодыі, выдатныя аранжыроўкі, і рамантычныя тэксты,якія тут не празмерна салодкія і сентыментальныя, як у Наві часта бывае. А дуэт з Грышкаўцом як разыначка.

4. Yegor Zabelov Trio "The Rose Festival" – слухаць

Цудоўна, што мы не прапусцілі гэты альбом (хоць лёгка маглі, інфармацыі пра выхад было "каля нуля"). Свабода і экспрэсія, нэрв і драматургія – для гэтай музыкі і словы не патрэбныя, яна і так як сэрца на далоні.

5. Super Besse "La Nuit" – слухаць

Super Besse знайшлі сваё гучанне, наноў адкрылі сябе, змяніўшы падыход да музыкі, але захаваўшы атмасферу і пазнавальны стыль.

6. Zero-85 "Turritopsis Nutricula" – слухаць

Мала кім чаканы, але шмат кім у свой час жаданы альбом-помнік. Шыкоўнае выданне, майстэрскі запіс, манументальная праца па-за часам.

7. ЛСП "Tragic City" – слухаць

Лепшы беларускі поп-альбом году, які можна выкарыстоўваць як маркер на талерантнасць. Мова тэкстаў часам здаецца прымітыўнай, але гэта мова сучаснай моладзі, як ёсць. Да музыкі ж пытанняў быць не павінна – зроблена на сусветным узроўні. Астатняе вырашыць час.

8. Розная артысты "(Не)расстраляная паэзія" – слухаць

Архіважны для нашай культуры і гісторыі праект, на жаль, музычна ўвасобіўся не вельмі запамінальна і не так эфектна, як хацелася. Атрымалася даволі няроўная складанка, на якой, пры гэтым, ёсць і шыкоўныя нумары ад Змітра Вайцюшкевіча, Святланы Бень, Vuraj, Re1ikt.

9. Nizkiz "Синоптик" – слухаць

Не так шмат на Беларусі гуртоў, якія лёгка ўявіць граючых на стадыёнах. Nizkiz менавіта з гэтага шэрагу: "Синоптик" здольны лёгка раскачаць вялікі натоўп. Кардынальна новага на альбоме нічога няма, але і стары падыход добра працуе. Яшчэ б тэксты падцягнуць…

10. Weed & Dolphins "Islandkid Cassette" – слухаць

Прывітанне з альтэрнатыўнай Беларусі, "бульбянога вострава", часткі імперыі брытанскага рока. Weed & Dolphins адшукалі ўнікальную інтанацыю і сваё гучанне, альбом не без хібаў, але варты ўвагі – так дзіўна беларуская рэчаіснасць у ангельскай музыцы яшчэ не адлюстроўвалася.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net