О проекте

Мікалай Янкойць: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2014 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Журналіст Kyky.org і Ultra-music, заснавальнік музычнага блога The Boat That Rocked, арганізатар студэнцкага рок-фестывалю "Смоўж", вакаліст блюз-рокавага гурта The Moonshiners.

Ладны атрымаўся год. Хай не выбуховы і не паваротны, але багаты на цікавыя рэлізы. Хапала прыгажосці, хапала з'едлівых мелодый, хапала самастойнасці. Хапала росту. З'явіліся яркія дэбютанты з нестандартным поглядам на матэрыял (Mustelide, .K, Tonqixod) – час "ксеракопій" чужой музыкі паціху сыходзіць. Прыходзяць шукальнікі ўнікальнага шляху, лаўцы перлаў, і назіраць за іх першымі крокамі – адно задавальненне.

Чаго не хапала – дык тлустага, шчыльнага ці хоць незвычайнага гуку; на гук у нас па-ранейшаму звяртаюць увагу толькі адзінкі. А яшчэ не хапала гарэзлівасці. Малавата пакуль у беларускай музыцы самаіроніі, мала хуліганства, нестае шчырага, прабіўнога дзікунства. Ледзь не ўсе нашы музыкі працягваюць граць з сур'ёзным тварам – ці то саромеюцца ўсміхацца, ці то не бачаць нагод для радасці, ці то баяцца, што публіка і крытыка (якая ў нас таксама часцяком з каменным тварам) перастануць успрымаць сур'ёзна. Выключэнні ёсць, але іх мізэрна мала.

1. Port Mone "Thou" – слухаць

Port Mone стварылі бездакорную працу. Любыя каментары мне здаюцца залішнімі: хто мае вушы – пачуе.

2. Akute "Рэальнасць і сны" – слухаць

Я не люблю першыя два дыскі Akute – яны здаюцца мне пляскатымі, несапраўднымі і папросту сырымі. Але ў "Рэальнасць і сны" я амаль закахаўся. Akute выраслі, трэці іх рэліз – найбольш скончаны, самы выразны. Гэтаму дыску я б аддаў прэмію "Лепшы поп-альбом" – бо менавітай такой поп-музыкі ў Беларусі моцна не хапае.

3. Tonqiхod "Прадмова" – слухаць

Парадокс: музыка Tonqixod сплеценая са стыляў, якія вымерлі год 35 таму, але гэта не перашкаджае "Прадмове" быць самым свежым рэлізам года. Гэта шматслойная праца, і чым больш яе слухаеш, тым больш падабаецца; галасаваў бы на месяц пазней – глядзіш, і на першае месца яе б паставіў.

4. Earworm "Amber" – слухаць

Першы лонгплэй гродзенцаў саспяваў больш за 10 год – і саспеў на славу. У гэтай музыцы ёсць штосьці і ад no wave, і ад нойз-рока Sonic Youth, і ад пост-рока канца 90-х, і настолькі гарманічнай, як у Earworm, сумесі згаданых стыляў я не сустракаў ні ў аднаго гурта. Дыску крыху нестае дынамікі і рытмічнай разнастайнасці, але гэта ўжо дэталі. Моцны, цэльны рэліз.

5. ЛСП "ЁП" – слухаць

Модны гук, іранічныя тэксты, моцная падача – у ЛСП ёсць усё, каб стаць героем той моладзі, для якой Макс Корж занадта просты. У мінулым годзе ЛСП выдаў ажно два рэлізы, "ЁП" і "Виселицца", і месца ў гэтай дзясятцы заслугоўвае кожны з іх. А калі сабраць лепшыя трэкі з абодвух дыскаў і сканцэнтраваць іх на адным – гэта адназначна быў бы альбом года.

6. Vuraj "Rajok" – слухаць

Разнастайны і цэльны, празрысты і пранізлівы, вынаходліва аранжаваны і папросту прыгожы альбом.

7. The Toobes – "Road To The Big Time" – слухаць
8. 2morrow2late "My Best Enemy" – слухаць

Два дыскі добрага рок-н-рола. Няхай сабе старога, няхай з'езджанага ўздоўж і ўпоперак – навошта выдумляць новы ровар, калі катацца на старым так прыемна? Два дыскі – як два бакі медаля. У 2morrow2late – прыгожыя гармоніі, цікавыя музычныя думкі, арыгінальныя структуры песень – і слабаваты, "перасушаны" запіс. У The Toobes сітуацыя адваротная: запіс гучыць выдатна, ён дыхае, але яркіх, запамінальных песень на ім – раз-два-скончыліся. Гэта ладныя альбомы, ад якіх атрымліваеш нямала задавальнення, але застаецца адчуванне: абодва гурта могуць лепш.

9. Лявон Вольскі "Грамадазнаўства" – слухаць

Хвосткі, шчыльна збіты дыск без аніякіх свісткоў і званочкаў: ні табе сола, ні брыджаў, ні складаных структур. Гук цікавы, падача добрая, месадж зразумелы – не хапае хіба яркіх мелодый. Але, можа, так і задумана?

10. .K "УніСон" – слухаць

Гродзенскага шамана Яўгена Кучмейна запісваюць і ў транслятары "Сплина", і ў імітатары Леаніда Фёдарава, і ў барды. Усе маюць рацыю, але ніхто не правы на ўсе 100. Гэтым "УніСон" і цікавы – усе інгрыдыенты ў ім нібыта добра знаёмыя, але на выхадзе атрымліваецца нешта нячутае раней.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net