О проекте

Мікалай Янкойць: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2016 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра вялікага журы. У мінулым журналіст Kyky.org, Ultra-music, заснавальнік музычнага блога The Boat That Rocked, арганізатар студэнцкага рок-фестывалю "Смоўж", удзельнік розных гуртоў.

Які ўжо год спрабую ўгледзецца паўважлівей і адшукаць у беларускай музыцы нейкія надзвычайныя з'явы, паваротныя моманты, знакі да кардынальных зменаў – і чамусьці кожны раз застаюся ні з чым. Углядайся – не ўглядайся, 2016 – яшчэ адзін год з ланцугу падобных. Не скажаш, што слабы: я з радасцю пераслухоўваю любы дыск з фінальнай дзясяткі. Не скажаш, што моцны: сабраць яшчэ дзесяць дыскаў, якія запомняцца на шмат год, было б праблемна.

З пазітыўнага – надзвычайная стылёвая разнастайнасць фіналістаў. У маім топе няма двух падобных дыскаў, і нават самыя блізкія па стылёвых цэтліках гурты – Re1ikt і Nebulae Come Sweet – маюць у музычным плане мала агульнага. За межамі дзясяткі ўсё куды горш: большасць мясцовых музыкаў працягвае вывучаць даўно вытаптаную глебу заезджаных ды вычарпаных стыляў. Не хапае дзёрзкасці, свежасці і смеласці, не хапае паветра. У часы інтэрнэта апраўдаць гэта няма чым. Добра, што ёсць гэта дзясятка – невялікае, але вельмі важнае супакаенне.

1. Петля пристрастия "Мода и облака" – слухаць

Усё тут: матэрыял, гук, цэльнасць месаджа, агрэсія і меланхолія, прасвятленне і іронія. Гурт выйшаў на вышыню, блізкую да касмічнай – і я не буду здзіўлены, калі гэта яшчэ не максімум.

2. Лявон Вольскі "Псіхасаматыка" – слухаць

Масіўны дыск – сапраўдны мех з каменнямі. Зімовы, змрочны, няўмольны, гэты запіс і адштурхоўвае, і ўсё роўна прыцягвае – шчырасцю і сапраўднасцю.

3. Re1ikt "Куфар" – слухаць

Праз колькі месяцаў дзявятка здаецца мне завышанай адзнакай для гэтага рэліза – за змятую канцоўку ён заслугоўвае большага штрафа. Аднак жа першыя шэсць трэкаў – суцэльная прыгажосць. І, што важна, гэта поп-песні: іх хочацца падпяваць.

4. Nebulae Come Sweet "It Is Not The Night That Covers You" – слухаць

Галоўны дэбют года, адзін з самых прадуманых і адладжаных рэлізаў. Дастаткова металёвы, каб уключаць яго на максімальную гучнасць і матаць галавой у такт, і дастаткова мяккі, каб падабацца людзям, далёкім ад метала.

5. Drwiwy "Цырк беззаганны" – слухаць

Самы (пасля "ПП") слуханы дыск года. "Цырк" настойліва патрабуе ўважлівасці, выпінае сваю фрыкавасць, дзёрзка адвешвае аплявух. І ўсё ж лепшыя, самыя яркія яго ноты – у ціхіх пяшчотных нумарах.

6. Mustelide "Spi" – слухаць

Упэўнена, гучна, без боязі быць сабой. Дыску не хапае цэльнасці, затое кавалкі, на якія ён разбіваецца пры праслухоўванні – нястрымны "Synth & Puh", прыджазаваны "Спи", магічны "Временем" – свецяцца ўсімі колерамі вясёлкі.

7. Макс Корж "Малый позврослел, ч.1" – слухаць

Правільная прапорцыя паміж новым танцавальным гукам і старым корж-хопам. Выглядае яшчэ ярчэй у звязцы з відэашэрагам. "Стилёво" – проста віхура.

8. True Litwin Beat "Ненужная правда о белорусах" – слухаць

Вельмі беларускі праект – у гэтым і яго прыгажосць, і яго бяда. Знешне здаецца аднадзённым, бо адказвае за хуткае рэагаванне, але з улікам няспешнасці мясцовага жыцця можа застацца актуальным яшчэ мінімум год на пяць.

9. Грёзы Пафнутия "Сутра подсолнуха" – слухаць

Нягучны, але ўрачысты, нетаропкі, але з ясным пульсам. У "Сутры" шмат адценняў – значна больш, чым было на дэбютным дыску праекта. Але і слухаць гэты альбом значна цяжэй.

10. Earworm "Last Cocktail" – слухаць

Самы збалансаваны, самы яркі запіс гурта – фінал на высокай ноце. Вельмі хочацца пабачыць, што будзе з гарадзенцамі далей.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net