О проекте

Сяргей Будкін: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2014 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра вялікага журы. Рэдактар парталу "Тузін Гітоў" (ад 2003), музычны аглядальнік газеты "Наша ніва" (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на радыё. Рэдактар і суаўтар кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (2004), прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007), аўтар ідэі і прадусар праектаў "Тузін.Перазагрузка" (2009, 2011), арганізатар канцэртаў "Тузін.Unplugged"/"Жывы Тузін" (з 2011).

Даводзіцца шкадаваць, што межы топа вызначаны толькі 10 пазыцыямі, бо вартых увагі альбомаў было на парадак больш. Умоўна найлепшыя працы году можна падзяліць на чатыры катэгорыі – чаканыя рэлізы гульцоў вышэйшага эшалёну (Вольскі, Крама, Akute, Port Mone, "Ляпіс Трубяцкі"), досыць неспадзяваныя вяртанні (Сярога, Zygimont Vaza, Tanin Jazz), проста шыкоўныя дэбюты (Zolki Band, Tonqixod, у пэўнай ступені Iowa), а таксама сумесныя праекты музыкаў экстра-кляса ("Апошні золак", "Туфлі гну", "Re:Песьняры").

1. Лявон Вольскі "Грамадазнаўства" – слухаць

Гэта рэальна альбом №1 у беларускай музыцы-2014. Ён хвацкі і дзёрзкі, праўдзівы, шчымлівы, сумленны. У ім багата песень, якія лёгка можна паставіць у шэраг з найлепшымі рэчамі Лявона ранейшых год. "Грамадазнаўства" – вельмі своечасовы альбом. Паслухаўшы яго аднойчы, ужо ня можаш уявіць сабе, як гэта беларуская музыка была безь яго.

2. Akute "Рэальнасць і сны" – слухаць

Akute ведаюць як зрабіць прыгожа. І самае галоўнае, што яны не спыняюцца на дасягнутым і імкнуцца выйсьці на новы ўзровень у пляне гучаньня. Пры гэтым яны застаюцца адданымі сваёй канцэпцыі, абранай спачатку і відаць раз і назаўжды.

3. Navi "Сонцам сагрэтыя" – слухаць

Тое, што робяць “Наві” поўным рок-гукам, у поп-фармаце і, як у дадзеным выпадку, у акустыку – абсалютна бездакорна. Яны дасканала адчуваюць адно аднаго, а разам з тым музыку і паэзію, таму мусіць так атрымліваецца. Альбом падарыў 7 цудоўных песень уключна з рамантычным кавэрам на “Стэфку”, якія бязьмерна натхняюць і якія хочацца пераслухваць бясконца

4. Zolki Band "Доўгі-доўгі дзень" – слухаць

Галоўны рок-дэбют году. Вельмі няпросты ў пляне ўспрыманьня, але надзвычай захапляльны альбом. У музыцы Zolki band поўна адчаю і бясьсільля, злосьці ды сумнай іроніі. Гэта калі хочацца ўзьняцца па-над падзеяй, а можа нават пакпіць з усёй гэтай прыкрай будзёншчыны, але на вачах праступаюць сьлёзы і хочацца занурыцца ў сябе, а сумленьне не дазваляе. Калі ёсьць адчуваньне, што за табою сочаць, але на злосьць не хаваешся, а наадварот – крычыш на ўсю моц, каб было бачна, што ты тут і думаеш нешта моцна нехарошае пра ўсё, што цябе атачае.

5. Seryoga "50 оттенков Серого" – слухаць

Альбом, які рэальна ўражвае. Стылем, падачай, шчырасьцю, глыбінёю. У гэтай прыцішанасьці, стоенасьці, разважлівасьці і ў нібы стомленым голасе – увесь сэнс і ўвесь смак. Неймаверна захапляльна слухаць чалавека, які наважваецца на публічную споведзь. Ад Сярогі быў яшчэ адзін цуд у 2014 – праект “Туфлі гну”, які мусіў бы быць у тройцы рок-альбомаў году, але не ўпісаўся ў правілы “Экспэртаў”.

6. Юры Несцярэнка "Аэрапланы ў вырай" – слухаць

Бываюць працы, да якіх проста ня можа ніякіх прэтэнзіяў, бо зробленыя яны людзьмі, якія раз і назаўжды абралі свой шлях і проста ня могуць рабіць ніяк інакш, як такім чынам – надзвычай таленавіта і якасна. “Аэрапланы ў вырай” наогул карціць назваць найлепшай працай у дыскаграфіі выканаўцы. У яго ўвайшлі восем трэкаў, падабраныя адзін да аднаго, складзеныя і выкананыя на найвышэйшым узроўні.

7. Розныя артысты "Апошні золак" – слухаць

Па сваёй моцы, значнасьці, драматургічнасьці гэты праект рэальна супастаўляльны з “Народным альбомам” і “Я нарадзіўся тут”, толькі што тэма ягоная вельмі няпростая і зусім некасавая. Альбом падараваў шэраг проста выдатных песень, напісаных адмыслова да гэтай праграмы (“1937” Дзянісава, “Апошня раніца” Хітрык, “Брама” Памідорава, “Памылка” Шпакоўскай, “Твой Сакрат” Рудэнкі, “Лепей шыбеннікі” Вайцюшкевіча, “Нельга забыць” Вольскага), а некаторыя дагэтуль вядомыя песьні загучалі па-новаму і часам вельмі нечакана, як памідараўскі “Дым” з аркестрам. Ёсьць спадзеў, што гэты альбом яшчэ будзе ацэнены ў будучыні.

8. Tonqiхod "Прадмова" – слухаць

Дэбютны альбом вынес гэтых музыкаў адразу ў вышэйшы эшалён беларускай рок-музыкі. Мысьліць глябальна, не шукаць лёгкіх шляхаў і несупынна кшталтававаць сваё майстэрства –такі ў іх рэцэпт посьпеху. Вельмі хочацца спадзявацца, што ўсе ўскладзеныя надзеі “тонкіходаўцы” апраўдаюць і нас чакае яшчэ не адна ліхазакручаная праграма, дзе тэксты і музыка знаходзяцца ў поўнай гармоніі да такой ступені, што ўяўляюць каштоўнасьць як разам, так і паасобку.

9. Крама "Белая вада" – слухаць

З новым альбомам “Крамы” было ўсё ясна задоўга да яго рэлізу. Яшчэ ад часоў “Хворага на рок-н-рол” яны ў сваім стылі застаюцца непераўзыйдзенымі. Так, можна наракаць на пляскатасьць тэкстаў у некаторых новых песьнях, але большасьць твораў у “Крамы” – сапраўдныя дыяманты на ўсе часы. І сам альбом Варашкевіча і Ка хочацца залічыць у галоўныя здабыткі сапраўднай беларускай музыкі.

10. Vuraj "Rajok" – слухаць

Такія працы, як “Раёк” прымушаюць паверыць у тое, што ў беларускім фольку яшчэ ня ўсё сказана, хоць нешта новае сказаць пасьля “Песьняроў”-“Палацу”-“Троіцы” досыць цяжка – будзе выглядаць на паразытызм ці на другаснасьць. А вось у “Вурай” выйшла тонка, арыгінальна, душэўна, сьвежа. Гэта ня толькі найлепшы фольк-альбом апошніх год, гэта ў прынцыпе праца, якой можа ганарыцца ўся беларуская музыка ў незалежнасьці ад стыля, перакананьняў і веравызнаньня :)

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net