О проекте

Віктар Сямашка: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2017 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011), "Габітацыя" (2013). Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 2015.

Калі коратка, то чацьвёртая авант-рэвалюцыя ў Беларусі доўжыцца далей у сваёй першай фазе. Мінулы год дадаў у гэты працэс моцны псыхадэлічны прысмак – да нас дайшло рэха 50-гадовага ўзросту. Таго, што рэп колькасна павялічыўся, я асабіста не заўважыў, яго заўжды было болей, чым трэба, разам з мэталам і электронікай. Песенны мэйнстрым бяжыць на мейсцы, капітулюючы перад высновай "усё вынайдзена", і ўсяляк рэпрадуктуе музыку XX стагодзьдзя, вагаецца між струнамі (для М) й клявішамі (для Ж), не зважаючы на іншыя інструмэнты ды кампазыцыйныя альбо гарманічныя ідэі й сродкі.

Адначасова густы паток новае беларускае музыкі, дзе перамешваюцца й сапраўдныя пэрліны, і поўная дзындра, размывае ўсе магчымыя дамбы, перагародкі ды фільтры, выходзіць з-пад кантролю й не дае сябе сыстэматызаваць. Тысячы трэкаў белмузла штогод асядаюць у сацсетках, пераважна ў адмысловых групах у "ВКонтакте". Працэс адбываецца фактычна стыхійным чынам бяз хоць нейкага аналізу, маніторынгу ды падсумаваньня. Тым болей прыкра, што Experty.by прыпыняюць дзейнасьць.

Новае імкліва становіцца старым, паглыбляючыся ў бязчасьсе пад цяжарам чарговага "новага", хаця й тое часта патыхае мінуўшчынай. Музыка стала як ніколі даступнай ад працэсу стварэньня да распаўсюду, але, каб знайсьці штосьці нерасьпіяранае, але вартае ўвагі, трэба разгрэбці горы сьмецьця. Суадносіны ў лепшым выпадку прыкладна 1x20. Складаючы рэйтынг з тых лёнгплэяў, якія рэцэнзавалі штатныя экспэрты, у мяне атрымаўся той сьпіс, які вы можаце пабачыць ніжэй. Дзеля паўнаты карціны сфармую пазьней і свой "альт-топ".

1. Tonqixod "Колер, якога няма" – слухаць

Tonqixod сваім другім альбомам, як існы рыцар, дэманструе рашучы крок наперад, хай сабе й у небясьпечныя зоны. Уласны й вельмі асабісты, арыгінальны прог- ці арт-рок Лянкевіча – Субача – Аляксеенкі набліжаецца да рок-ін-апазышан, пачынае спалучацца з акадэмічным і джазавым пост-авангардам. Клявішнік Максім упершыню раскрываецца як запраўскі джазмэн. Прытым, трыё не абмежавалася сабой, запрасіўшы пяцёра сэсійных музыкаў з розных авант-франтоў. Калі ў дэбютніку Tonqixod дамінантай сталіся горы, то ў другім альбоме – ролю ляндшафтнага цэнтру грае балота, тая міталягічная, фэмінная субстанцыя, куды акурат абрынаюцца горы й гарады. Да стэрэафанічнага бачаньня сьвету вачамі падлетка й адначасова філёзафа дадаўся погляд маляра: вобразы актыўна кадыфікуюцца колерамі ды валёрамі. "Колер, якога няма" – працяг і асобная гісторыя адначасова, як у якасным сэрыяле. Хаця дыск зьмяшчае ажно два інструмэнталы, тэкст часта прэвалюе над музыкай, дыктуе ноты складамі. А выніковы гук ліецца нібыта з прыадчыненай накрыўкі раяля, які час ад часу нагадвае пра сябе, быццам выпадкова чапляючыся за струны. На жаль, паводле законаў жанру рамантычны герой мусіў загінуць, каб ня стаць антыгероем ці самапародыяй.

2. Yegor Zabelov Trio "The Rose Festival" – слухаць

Клястэры ды патэрны. Музыка з сутыку джазу й кіно. Баян + рытм-сэкцыя, прапушчаныя праз тэмбральныя фільтры. Разнастайныя эфэкты ад прыглушэньня да разрыўнога дысторшану, накручаныя гукарэжысэрам Андрэем Жукавым, выводзяць арыгінальную музыку з памежжа драматычнага року, этна, джазу й мінімалізму ў сфэру электраакустыкі. У канчатковым варыянце альбома вырас адсотак джазу – за кошт асаблівых гармоніяў, памераў і сольных імправізацыяў кожнага з удзельнікаў. Сольныя партыі выбухова пашыраюць матэматычна вывераную сыстэму. Ягор Забелаў па-ранейшаму не замарочваецца ня толькі на назовы кампазыцыяў ды вобразы, але й на мэлядычныя лініі. Ягоны баян выконвае функцыі рытмічна-гарманічнага базісу. Разам з тым у асобных момантах трыё дасягае гучаньня камэрнае аркестры. Музыка мае ўнікальны агульнаэўрапейскі характар, бо гук баяна ці акардэона яднае самыя розныя культуры – францускую, нямецкую, беларускую, Каўказ. Захоўваючы пэўную фальклёрнасьць і адначасова зьяўляючыся наднацыянальнай, яна выдатна кладзецца на любы пэйзаж і слых. Сваю ролю грае і адсутнасьць словаў, канешне. Фінальная "Anxiety" ("Трывожнасьць"), у прынцыпе, разьлітая па ўсім альбоме. Магчыма, пачуцьцё болю ды няўпэўненасьці яднае сёньня нашую частку сьвету.

3. Ulyanica "Вясна" – слухаць

Ульяна Гэдзік – сапраўднае адкрыцьцё году. Да яе беларускі фальклёр і сучасны джаз спалучалі "Песьняры", Blox, Akana, Наста Някрасава, Kazalpin... Але чуецца, што Ulyanica намацала нейкую сваю сьцежку й патэнцыйна больш ладную ў параўнаньні з папярэднікамі. Прапушчаныя праз асаблівую прызму нават фольк-шлягеры пачынаюць гучаць у ейным выпадку зусім нетрывіяльна, здабываецца новы сэнс. Плытка квінтэту зьмяшчае сьпевы з розных абрадаў, але агульная атмасфэра ёсьць раньневясеньняй – памежжа паравінаў году, холаду й цяпла, сну й абуджэньня, ледаставу й плыні, хвалі й берага, нават неба й зямлі ці дзявоцтва ды замужжа, памежжа этнасаў і музычных сьветапоглядаў. Голас з гарчынкаю ўдала працягвае скрыпка. Таксама сярод галоўных атрыбутаў Ulyanica нельга не адзначыць прыродную мяккасьць і далікатнасьць, жаданьне не пашумець, а наадварот услухацца, эмацыйную стрыманасьць і раўнавагу, неразрыўнасьць складнікаў. У канцэртовым выкананьні лепшыя якасьці квінтэту выяўляюцца яшчэ выразьней.

4. The Glitchhh "Cordyceps" – слухаць

На кружэлцы ва ўсім сваім багацьці адбілася гісторыя электрагітарнае музыкі й ня толькі. Галоўнае адрозьненьне лёнгплэю ад папярэдніх міні-рэлізаў The Glitchhh у тым, што гурт перастаў быць выключна інструмэнтальным, ён засьпяваў. Прычым, адразу на трох мовах. Ды ня сам, а закошт запрошаных вакалістаў. На базе фармацыі па сутнасьці ўтварыўся супольны праект, дзе, дарэчы, вялікую долю мае берасьцейская сцэна. Але, канешне, галоўнае на дэбютніку зусім не вакалы й ня тэксты, а пэдальная дошка. Як і ў электроніцы, гульня тэмбраў даўно стала важнейшай за тэхніку пальцаў.

5. Intelligency "Techno Blues" – слухаць

Новы альбом Intelligency больш жывы й часам фрыкавы ў параўнаньні з папярэднім. Раньнія напрацоўкі перасталі быць нуднай сыстэмай, а набылі разьвіцьцё праз новыя інгрэдыенты. Вакал больш густа размазаны па панараме. Струнныя цяпер сапраўды разнастаілі карцінку, стала зразумелая роля бас- і рытм-гітараў. Дадаліся вінтажныя сынты 80-ых, трохі "пацанства" ды хуліганістасьці. Калі праводзіць унутранаменскія аналёгіі, то нібыта Зыбіцкая паладзіла з Шабанамі. У кожным трэку – свая фішка. Верагодна, Intelligency варта адкрыць вакансію саксафаніста.

6. Buben Naruszewicz Baisan "Bulbahuana" – слухаць

Трохкутнік "Бульбахуаны" ўтварылі прадстаўнікі розных тусовак і пакаленьняў дробнасэгмэнтаванае беларускае культуры. Утвораныя імі малюнкі аб’ёмнымі ды цёплымі, часта па-за танальнасьцямі. Тыя малюнкі плывуць як кактусавая амарока, вельмі па-кастанэдаўску. Нарушэвіч грае, як колісь Джэры Гарсія для фільму "Zabriskie Point": гітара струменіцца між рытміка-гарманічнымі плоскасьцямі Бубна. Дыгітальная й даволі мізантрапічная паэзія Байсана гучыць па-беларуску ды па-ангельску, цалкам зацягнутая ў сацсеткі й айфоны. Нібыта кажа не чалавек, а акаўнт, старонка, фэйсбук-пэрсона, якое насамрэч не існуе ў прыродзе.

7. Weed & Dolphins "Islandkid Cassette" – слухаць

Гэта нават не альбом, а цэлая галюцынагенная радыёстанцыя. Вяшчаньне з самага дна сну. Па правілах сталічнага "эфэму" Weed & Dolphins працуе на эфэкце пазнавальнасьці. Песьні базуюцца на простых і прыцёртых да вуха за мінулыя паўстагодзьдзя камбінацыях акордаў, але наўмысна празьмерныя эфэкты папросту размываюць сьвядомасьць. Каб яе канчаткова не размыла, увагу трымае, амаль як цацачная ў такім кантэксьце, плюшавая драм-машынка.

8. Аня Жданава "Appetiizer" – слухаць

Адзін з сучасных трэндаў: барды-сонграйтэры засвойваюць IT. Электроніка замяняе гітары. Яна, як вядома, апошнія сто год лічыцца сучаснай. То бок, прынята лічыць, што ўжываньне электронных прыладаў ставіць на музыку маркер экстраактуальнасьці. Ганна якасна пераўсьвядоміла сябе, вынайшла сябе наноў і прапанавала вельмі аўтарскую, творчую, шматслойную электроніку. Самаробна, але модна. Люксова як "Ландыш $ Сахара", але ўсур’ёз. Альбом, які трэба расслухаць.

9. Розныя артысты "Песьні матчыны з Вушаччыны" – слухаць

Зафрахтаваныя ў супольны праект музыкі дэманструюць абсалютна розныя падыходы да незатасканага вушацкага фальклёру: хтосьці ўшчыльную з аўтэнтыкай, хтосьці бліжэй да авангарду. Зьмест кружэлкі й вагаецца між дадзенымі ды іншымі полюсамі: ад абрадавых сьпеваў да казытушак, ад забаўляльнага да засяроджанага, ад мона-вакалу да шматгалосься. У тым і галоўная вартасьць альбома.

10. Розныя артысты "(Не)расстраляная паэзія" – слухаць

Бадай самы рэзанансны культурніцкі праект году. Файная ідэя, але з прадказальным выбарам выканаўцаў і адпаведна з падыходам да тэкстаў рэпрэсаваных паэтаў. Прыемнае выключэньне хіба склалі Вайцюшкевіч, Бень, Vuraj і Tonqixod. Чакаю на больш разнастайны працяг. І разглядаю праект у сукупнасьці з усім вялізным даробкам Сяргея Будкіна як журналіста й прадусара за год: дакумэнтальны фільм пра "Народны альбом", тэлепраграма Belsat Music Live, навагодні тэлепраект "10 год прыгод".

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net