О проекте

Виктор Семашко: личный топ-10 за 2008 год

 
photo-semashko.jpg

Насамрэч, на маю думку, 2008 ў Беларусі стаў годам ня столькі сольных альбомаў, колькі кампіляцыяў. Складанак выйшла сапраўды шмат і амаль па ўсіх стылях: ад разнастайнага року й попу да бардаў і шансону, ад мэдывалю да акадэмічнага авангарду. Прычым, як з архіўным, так і з найноўшым матэрыялам.

Таксама характэрная рыса мінулага году – аўдыёлізацыя сучаснае паэзіі. Разам з тым шмат значных працаў засталіся па-за ўвагай з-за таго, што не былі выдадзеныя афіцыйна ў Беларусі на CD-носьбітах. Маю на ўвазе "Рацыянальную дыету", "Срэбранае вясельле", "Earworm" ды інш. А інфармацыя ўсё ж ствараецца для таго, каб распаўсюджвацца. Няхай будзе так!

Зазначу, што "дзесятка" была складзеная з прапанаванага сайтам "Experty.by" сьпісу. У іншых умовах паставіў бы на 2-ую пазыцыю рэліз Аляксандра Літвіноўскага "My-O-My". Музыку на яго плытцы немагчыма аднесьці да пэўнага стылю, што зьяўляецца адной з прыкметаў геніяльнасьці. Які яшчэ беларускі аўтар можа пахваліцца тым, што дзеля рэалізацыі яго ідэяў у "Міжнародным цэнтры мастацтваў "Омай" у ЗША сабраўся тузін музыкаў-віртуозаў з усяго сьвету"? Сваімі творамі пан Літвіноўскі будуе Новую Беларусь, якая мае шанец стаць адным з культурных і інтэлектуальных цэнтраў Эўропы.

1. Ляпис Трубецкой "Манифест"

Ансамблю п/к Сяргея Міхалка наканавана быць выключэньнем зь любых правілаў. "Маніфэст" на галаву вышэйшы за папярэдні альбом "ляпісаў" і лепшы ў дыскаграфіі гурту па ўсіх памерах. Асабліва, па інфарматыўнасьці! У кожнай песьні тут закладзены трансцэндэнтнае, часам прароцкаe пасланьне. Адно ўжо пачало спраўджвацца: "Галяктыка хутка лопне ад колы ды пап-корну…" Пачакаем, калі з даху ЦУМу паляціць жырафа. Не забудзьцеся на парасоны! Парадак трэкаў складзены трохі хаатычна. Але, магчыма, гэта частка канцэпту?

2. NHS "700"

Існуе шмат расшыфровак абрэвіятуры НХС. Зьміцер Вайцюшкевіч прапанаваў, бадай, самую трапную, хоць і нецэнзурную: "Ні х.. сабе!" Дэбютная плытка ўражвае зь першых нотаў. Такога падыходу, такога асэнсаваньня старажытных сьпеваў, такога спалучэньня інструмэнтаў яшчэ не сустракалася. Альбом выйшаў. Тым часам, калясальная энэргія закладзеная ў атаме НХС прывяла да яго расчапленьня на дзьве новыя адзінкі. І тое файна! Чым больш будзе добрых гуртоў, тым лепей.

3. Зьміцер Вайцюшкевіч "Тое, што трэба"

Зьміцер дасягнуў той стадыі, калі ўсё, што б ён не зрабіў, становіцца ўзорам прыгажосьці. Яго канцэрты – адпачынак душы й эстэтычная асалода. На чарговым дыску як раз прадстаўленыя назапашаныя канцэртовыя пэрліны. Аднак, выкананыя ў студыі. Што, верагодна, зьяўляецца мінусам канкрэтна для прэзэнтаваных песень. Не хапае жывое рэакцыі публікі, ейных харавых падпевак, унікальнае атмасфэры "тодараўскае" імпрэзы, дзе кожная нота непрадказальная. Застаецца ўражаньне, што збор хмельных вальсаў запісаўся мімаходзь, між іншым. Тым больш, калі вядома, што спадар Вайцюшевіч працягвае працу над "польскім" альбомам. Трываем у чаканьні.

4. Джамбібум "Жавароначкі"

Экспэрымэнты з фолькам сёлета не абмежаваліся выключна NHS. "Джамбібум" запісаў ня першую, але ўжо сьпелую кружэлку. Відавочна, што фармацыя перайшла зь першабытнаабшчыннага ладу да, відаць, фэадальнага на чале з мужнай князёўнай Анастасіяй. Рэпэртуар – незацёрты, да кожнага сьпеву свой падыход: ад рэгей і джазу да радыёспэктаклю. Здымаю капялюш.

5. Разьбітае Сэрца Пацана "Розавы закат"

Абсурд, даведзены да поўнага маразму (ці наадварот), застаецца пры тым сьмешным і гожым. У "РСП" атрымаўся самы ўдалы зрэз рэчаіснасьці нажом сатыры. Мне асабіста, як чалавеку, што нарадзіўся й вырас у Велазаводзкім мікрараёне, тэмы "Розавага закату" вельмі блізкія й кранальныя. Што характэрна: нават, калі адкінуць сьцёб, трасянку, спасылкі й алюзіі (разам з падтанцоўкай), у "Разьбітым сэрцы пацана" застануцца выдатныя мэлёдыі. А на іх у нас моцны дэфіцыт.

6. Аляксандар Растопчын "Роднае"

Што праўда, альбом спадабаўся толькі напалову. Занадта мэханічна й не па-нашаму філігранна гучаць асобныя п’есы. Але ж лепшая частка плыткі – незабыўная й фэерычная. Слушна кажуць, што беларус становіцца беларусам толькі за мяжой. Аранжыроўкі пана Растопчына чапляюць нестандартнасьцю. Адна каўбойская "Пагоня" чаго каштуе!

7, 8. Троіца "Жар-жар" і "Сон-трава"

Ня ўставіць Івана Кірчука ў "дзесятку" было б хамствам. Абодва рэлізы маюць рэзананс і ў Беларусі, і па-за межамі. Трыё прыемна зьдзівіла прадуктыўнасьцю, новымі знаходкамі. А яшчэ зьдзівіла тым, што музыкі па ўласных словах вырашылі адмовіцца ад аўтэнтычных мэлёдыяў і паклалі народныя тэксты на сваю музыку. Здавалася б, і хай сабе. Толькі вось колькасьць запамінальных матываў у параўнаньні зь папярэднімі запісамі "Тройцы" значна зьменшылася. Тым болей, калі ёсьць магчымасьць параўнаць з арыгінальнымі мэлёдыямі. Скажам, тая ж "Сон-трава" ў выкананьні нябожчыка Міхася Пацука гучыць значна прыгажэй. А што тычыцца экспэрымэнтаў "Тройцы", то ў межах праекту "Руны" яны успрымаліся больш густоўна й збалянсавана.

9. Алесь Камоцкі "З бацькоўскае кружэлкі"

Да канца сэнсу гэтае працы я не зразумеў. Але некалькі тлумачэньняў для сябе, аднак, знайшоў: своеасаблівая гульня ў "кракадзіла", шматзначны інтэлігенцкі жарт ці, навогул, філязофскі рэбус. Рэкамэндацыя: першы альбом, дзе пан Алесь сьпявае не свае песьні, лепей успрымаць без гістарычных спасылак, як нешта створанае з нуля. А калі параўноўваць з архіўнымі арыгіналамі, то ў прапанаваных Камоцкім і кампаніяй варунках нашая мова гучыць досыць сьвежа й авангардова. Нават супрэматычна.

10. Chutki Smouz "Вясковы"

Гурт са слаўнага гораду Прапойску стаўся нечаканым адкрыцьцём. Уражвае й прапанаванымі сьпевамі, і гумарам, драйвам… Пры тым, што ўласных адкрыцьцяў ня шмат. Відаць, тое яшчэ наперадзе. Рэдка ў якім айчынным гурце можна адчуць такі ж дух братэрства. Кажучы прадусарскай лексыкай, "Хуткі Смоўж" – выкшталцоны дэлікатэс, выдатны экспартны прадукт, які здолее ўпрыгожыць сваёй прысутнасьцю любы open-air. Дэбютны дыск гэта даказвае.

Пра аўтара:

Музыкант, журналіст, паэт. Нарадзіўся ў 1980 годзе ў Мінску. Вучыўся ў музычных школах (фартэпіяна, габой). Упершыню выйшаў на сцэну ў 1998 годзе ў складзе музычна-паэтычнай фармацыі "Кузьнец і Сяманя". З 2001 году стала грае ў самадзейным ансамблі інтуітыўнай імправізацыі "Князь Мышкін". Паралельна з 2004 па 2007 год супрацоўнічаў з гуртом "Нагуаль". У 2002 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ. З траўня 2005 году – вядоўца праграмы пра айчынную музыку "Новая зямля" на радыё "Unistar". За гэты час у эфір выйшла болей за 120 выпускаў. У 2006 годзе выдаў кнігу ўласных вершаў "Марыя S.".


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

свежие рецензии

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net