Пабачыў свет праект парталу TuzinFM "(Не)расстраляная паэзія", героямі якога сталі 12 беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937-м годзе. На іх словы вядучыя музыкі краіны стварылі песні, на Facebook з’явіліся старонкі іхняй памяці, даследчыкі падрыхтавалі лекцыі пра іх жыццё і творчасць, з друку выйшлі дызайнерскія нататнікі з выявамі творцаў і цытатамі зь іх творамі.
Музыку да вершаў расстраляных у 1937-м літаратараў пагадзіліся напісаць вядучыя беларускія выканаўцы. Кожны з іх па-свойму адгукнуўся на тую радасць і боль, спадзевы і безвыходнасць, якімі прасякнутыя творы паэтаў. Сярод удзельнікаў Лявон Вольскі, Vinsent, Святлана Бень, Зміцер Вайцюшкевіч, Павел Аракелян, а таксама гурты Akute, Re1ikt, Dzieciuki, Vuraj, Naka, Tonqixod.
У межах праекта ў кнігарні "Логвінаў" да 16 лістапада адбываюцца лекцыі, прысвечаныя рэпрэсаваным літаратарам. Яны транслююцца онлайн у Facebook праз старонкі паэтаў, якія таксама былі створаныя ў межах гэтага праекту. Старонкі напаўняюцца фота, вершамі, успамінамі пра гэтых асобаў.
Канцэртная прэзентацыя праекту пройдзе 29 кастрычніка ў мінскім клубе "Брюгге". Квіткі на яе скончыліся за чатыры дні да пачатку імпрэзы. Але кропка ў праекце "(Не)расстраляная паэзія" на прэзентацыі альбому, лекцыях і канцэрце ня будзе пастаўлена. Прадзюсар праекту Сяргей Будкін кажа, што магчымы працяг. Што ды як будзе рабіцца далей залежыць у тым ліку і ад падтрымкі слухачоў, якую можна выказаць да 17 лістапада праз Talaka.by.