На наступным тыдні музыкі Сlover Club пачынаюць запіс новай пласцінкі. Па словах гітарыста каманды Генры, у альбома будзе танцавальны і пазітыўны характар.
Генры: "Альбом атрымліваецца ў духу Clover Club: гэта зноў кактэйль з самых разнастайных эмоцый. Адзінае, што гэтым разам новыя песні ў нас атрымліваюцца больш танцавальнымі і пазітыўнымі. Калі на першым альбоме ў нас была частка даволі меланхалічных песень, то гэтым разам мы вырашылі ўдарыць у бок нашага пазітыўнага бачання музыкі Clover Club".
Увосень, кажа Генры, ад гурта варта чакаць сінгл, а сам альбом будзе выдадзены ў наступным годзе. Дарэчы, новыя песні беларускія прыхільнікі Clover Club змогуць пачуць на штогадовым фэсце "Рок па вакацыях", што пройдзе 1 верасня ў сталічным парку "Dreamland".
Таксама сёння стала вядома, што Clover Club возьмуць удзел у буйным расійскім фестывалі індзі-музыкі "Индюшата-2012", які пройдзе ўжо 11 раз. Аргкамітэт фестывалю акурат зацвердзіў канчатковы спіс удзельнікаў, якія абіраліся па выніках прамежкавых тураў, адбору на рэгіянальных фэстах і шляхам галасавання на партале "Я-талант". Clover Club трапілі ў лік 12 фіналістаў, якіх абралі для ўдзелу ў XI фестывалі "Индюшата" з больш чым 300 каманд-удзельніц. "Индюшата-2012" пройдзе 4 і 5 верасня ў маскоўскім клубе "16 Тонн".
Тэкст і фота: "Еўрарадыё"