О проекте

Дзмітрый Падбярэзскі: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2013 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра вялікага журы. У музычнай журналістыцы з сярэдзіны 70-х. Друкаваўся ў мностве беларускіх выданняў, аўтар і вядучы шэрагу праграм на тэлебачанні і радыё. Сааўтар кнігі "Толковый словарь терминов популярной музыки" (1994, 1999), аўтар ідэі і складальнік "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" (2008), адзін з кіраўнікоў лэйбла Dzida Music (ад 2011).

Шчыра кажучы, першая палова 2013 музычнага году ня надта ўзрадавала, хоць, што называецца, моцныя праграмы былі. Аднак у цэлым было адчуваньне, што калі ў другой палове нічога ў цэлым ня зьменіцца, 2013 можна будзе адносіць да ліку гадоў ня вельмі плённых. Пры гэтым аказалася, што ў маёй выніковай дзясятцы атрымалася па роўнаму прапаноў ад першай і другой паловаў году. Адно што прадстаўнікі другой паловы пераважаюць на першых пазыцыях.

Зьвяртаю ўвагу на тое, што айчынныя музыкі працягваюць пошук небанальных гучаньняў, усё часьцей і сьмялей выкарыстоўваюць інструмэнты, якія ў папулярных жанрах раней рэдка траплялі ў поле іхняга зроку. І па меншай меры тры такія альбомы апынуліся ў маім выніковым аглядзе. А ў ім – нават сам крыху зьдзівіўся – толькі дзьве пазыцыі, якія можна аднесьці да рок-жанру. Што ўскосна таксама гаворыць аб далейшым пашырэньні стылявога дыяпазону нашае музыкі.

Ён, дарэчы, мог быць і яшчэ больш шырэйшы, каб ня новыя правілы, згодна зь якімі парог папярэдняга адбору па атрыманых ацэнках многія праэкты не адольвалі. Так, з аднаго боку на этап рэцэнзаваньня не патрапілі некаторыя вартыя (на мой персанальны погляд) большай увагі працы. Зь іншага, я ўпэўнены, што іншыя сябры журы падыходзілі да папярэдняга праслухоўвання ўсіх дыскаў прафесійна. І нават калі нешта на мой густ добрае засталося па-за межамі праекту, дзякуючы новым правілам мы пазьбеглі траты часу на разгляд 30-40 другасных па зьместу ці вучнёўскіх па ўзроўню праграм. Вось гэта галоўнае.

1. Pafnutiy's Dreams "The Sandman" – слухаць

Рэдка ў беларускай музычнай прасторы даводзіцца сустракацца з абсалютна нетрадыцыйнымі вырашэньнямі ў напісаньні ды падачы матэрыялу. Асабліва калі яны прапануюцца з боку сапраўдных, прафэсыйных музыкаў. Працавала б галава – музыка адбудзецца! Як пазьней высьветлілася, сам мэтр Аркадзь Шылклопэр высока ацаніў зробленае. Адно гэта ўжо шмат што значыць.

2. Apple Tea "Ten-Ten" – слухаць

З аднаго боку – выдатная школа для тых музыкаў, хто толькі пачынае і яшчэ ня надта ўсьведамляе, што і як рабіць. Зь іншага – трыманьне ўласнае стылістыкі, на што даводзілася чуць нараканьні, быццам гэтая музыка старая і не актуальная. А што, групе неабходна кінуцца за модаю, зайграць, скажам, фры-джаз, каб быць актуальным? Можна, канешне, але ж тое будзе ўжо зусім іншы калектыў.

3. Смена "Весна" – слухаць

Упэўнены дэбют Яўгена Палавінскага ў якасьці лідара ўласнага праэкту. Нельга не адчуць, што повязь са стылістыкай "Серебряной свадьбы" тут такі прысутнічае, аднак сваю тэрапію "Смена" робіць крыху інакш, перш за ўсё дзякуючы гукавой палітры. А вось яна на фоне стандартнага набору рок-інструмэнтарыя якраз і прыносіць эфэкт. І калі б гэтая музыка была ўвасобленая тым самым стандартным гітарна-клявішным наборам, яна, канешне, не зрабіла б такога ўражаньня.

4. Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Варанок" – слухаць

Хто што б не казаў, а для мяне гэты альбом – пэўнае новае слова ў айчыннай музыцы. Бо маем справу з тонкай, але дакладнай стылізацыяй моднага ў пэўных колах і малазьмястоўнага трэнду. Няхай кожны для сябе вызначае, чаго тут больш: зьедлівасьці, іроніі, насьмешкі ці чаго яшчэ. Некалі Зоя Гарына даслала мне пяць трэкаў дакладна ў стылістыцы, здаецца, Глюкозы, сказаўшы, што напісала гэтыя пяць опусаў ці не цягам аднаго дня. Аднак жа стылізацыя Вайцюшкевіча абсалютна самастойная, яна, магчыма, і ўкладаецца ў жанр, але яўна пазірае на яго зьверху.

5. Naka "Довольна" – слухаць

Раней у нечым гістэрычную вакальную манэру Настасьсі ня надта ўспрымаў, лічыў яе элемэнтам крыху за вушы прыцягнутым ужо хоць бы таму, што зрабіў для сябе выснову: ня мае яна для сябе падстаў. У гэтым жа альбоме з выразным сацыяльным зьместам тэкстаў такі прыём сябе цалкам апраўдаў. Дый гістэрыі заўважна паменела, на зьмену ёй прыйшлі зусім апраўданыя эмоцыі са сваімі ўсплёскамі і спадамі. І гэта вылілася ў натуральны прадукт.

6. Уладзімір Майсюк "Fretwalk" – слухаць

Альбом быў бы наогул узорным, калі б не адзін нюансік. Ня буду спрачацца з тымі, хто кажа, што Майсюк-тэхнар яўна пераўзышоў сябе як мастака. Ну так, маецца ў музыцы адчуваньне, што задача "як сказаць" апярэджвала жаданьне "што сказаць". Хоць дапускаю, што атрымалася гэтак нават несьвядома і што аніякай мэты ўразіць некага перш за ўсё тэхнікай выкананьня музыка перад сабой ня ставіў. Хутчэй за ўсе так проста атрымалася. Застаецца чакаць наступнага альбому, над якім Уладзімер, наколькі мне вядома, пачаў ужо працаваць.

7. The Stokes "2012" – слухаць

Мне падалося, што гэтая праграма была найбольш сьпелая і роўная з усіх, выдадзеных групай. The Stokes выразна выйшлі на стабільны ўзровень і нечым у гэтым сэнсе, дарэчы, нагадваюць тых жа Apple Tea, хоць ад The Stokes, прызнацца, нейкіх сюрпрызаў чакаць выпадае куды менш.

8. Атмараві "Проза" – слухаць

Атмараві мне заўсёды падабаўся здольнасьцю стварыць уласную, не падобную да іншых музычную атмасфэру. Прычым робіцца гэта вельмі акуратна і збалянсавана: ані тэксты, ані музыка, ані манэра падачы прадукту не ўступаюць ва ўзаемную канфрантацыю. Стылёвы і адразу пазнавальны аўтар, чаго многім нашым музыкам вельмі не хапае.

9. Ірэна Катвіцкая "Этна-фантазія" – слухаць

Калі Ірэна паказала мне некалькі першых гэтых опусаў, у мяне адразу ўзнікла адчуваньне надзвычайнага плёну зробленага. Аднак разам з тым і дагэтуль не пакідае думка, што яе кампазытарска-вакальны складнік усё ж пераважае складнік акампанэмэнту. Не, у цэлым усё збольшага добра і арганічна. Адно што мне асабіста не стае пэўнага акцэнту ў партыях фартэпіяна на больш адкрытую, больш рашучую імправізацыю. Не ўжыву слова "джазавую", хоць і ў джазе, і ў фальклёры момант імправізацыі вельмі істотны. Вось калі б партыі фартэпіяна былі больш сьмелыя, дзёрзкія, то атрымаўся б сапраўдны цуд. Чаго і чакаю ў далейшым.

10. BosaeSonca "Адпусці" – слухаць

Змушаная абставінамі частковая замена баяну на струнныя магла б згуляць непрыемны жарт, але гэтага не адбылося. Перш за ўсё дзякуючы самой музыцы, якая, мне здаецца, ня страціць сваёй прывабнасьці нават тады, калі ў яе паказе будуць удзельнічаць ну зусім ужо незвычайныя інструмэнты. Цёплая, пранікнёная, шчырая праца, якая не лупцуе цябе эмоцыямі, а наадварот – як той павучок, ціха і ласкава аплятае імі слухача.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net