Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы, сузаснавальнік Experty.by. У музычнай журналістыцы з сярэдзіны 70-х. Суаўтар кнігі "Толковый словарь терминов популярной музыки" (1994, 1999), аўтар ідэі і складальнік "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" (2008), адзін з кіраўнікоў лэйбла Dzida Music (ад 2011).
Беларускі 2014 музычны год мне шчыра спадабаўся. Разнастайнасьць прапаноў ад музыкаў, шырокі стылявы дыяпазон, зьяўленьне годных ухваленьня праграм у галіне поп- і блізкай да яе музыкі, якія ўражальна кантрастуюць з прапановамі афіцыйных ТБ-каналаў, усё больш рашучыя спробы адшукаць уласную і арыгінальную творчую манеру, рабіць музыку не паводле ўзораў, а як хочацца, як дыктуюць амбіцыі. Гэта апошняе часам ня надта падмацоўваецца досьведам і ўменьнем, але калі ў гэтым напрамку робіцца першы крок, можна чакаць і наступных, больш упэўненых.
Як бачна па маёй дзесятцы, у ёй не адшукалася месца аднаму з двух галоўных фаварытаў – групе Tonqixod. Значыць, неабходна патлумачыцца. Мне вельмі да спадобы музыка прагрэсіў-року 70-х, а таму й музыку гэтага трыё прымаю цалкам прыхільна. За двума выключэньнямі: вакальнага складніку (як цалкам слушна заўважыў Яўген Далгіх) і ўласна фармальнай арганізацыі большасьці кампазыцый, у якой удзельнікам калектыву яшчэ працаваць і працаваць. Аднак тое, што яны адважыліся выконваць такую, вобразна кажучы, замшэлую музыку выклікае безумоўную павагу.
1. Port Mone "Thou" – слухаць
Як на маю думку, безумоўны пераможца. Што з пункту гледжаньня арганізацыі матэрыялу, што з пункту гледжаньня ягонага ўвасабленьня. Гэта ўжо цяпер – вялікія, сапраўдныя творцы, якія – што найбольш істотна – выдатна адчуваюць уласныя амбіцыі і ведаюць, куды рухацца. Не зьдзіўлюся, калі ўжо ў самы бліжэйшы час у іх пачнуцца актыўныя фэставыя падарожжы: музыкі трыё будуць запатрабаваныя на фэстах самай рознай арыентацыі. Заўважу, што адна з п’ес альбому патрапіла ў зборнік "стайні" выдавецтва Hevhetia, які будзе прыкладзены да наступнага нумару польскага часопіса "Jazz Forum". А гэта яшчэ як мінімум 8 тысяч слухачоў.
2. .K "УніСон" – слухаць
Чаго не адняць у гэтага хлопца, дык гэта вострага, аголенага нэрву. Ён павінен быў выйсьці на сцэну ня ў нас і не цяпер, а недзе ў Вудстаку і ў канцы 60-х. Спраўны сонграйтар, які, такое ўражаньне, яшчэ далёка не заўсёды сам усьведамляе, што ён робіць, і ня ў стане апанаваць уласныя эмоцыі. Такія згараюць вельмі імкліва, чаго аніяк не магу пажадаць вясковаму хлопцу, які робіць СВАЮ музыку. Чакаю ад яго новага.
3. Navi "Сонцам сагрэтыя" – слухаць
Адкрыцьцяў у прапанаванай удзельнікамі калектыву музыцы вялікіх няма. Аднак калі параўнаць прапанаваныя імі песьні з тым, што чуецца (і бачыцца) ледзь ня штодня ў абавязковым 75-працэнтовым беларускім эфірным асартыменьце, без асаблівага напружаньня адчуеш водар сьвежых прапаноў і, што найбольш для мяне істотна, нязмушанасьці падачы матэрыялу без аніякіх там пазовак любым коштам атрымаць прыдомак "зоркі эстрады". На тым і дзякуй.
4. Vuraj "Rajok" – слухаць
Сьвежы подых, сьвежы погляд, сьвежы голас. Дасканала прадуманы матэрыял, які сур’ёзна пашырае дыяпазон гучаньня ды асэнсаваньня цяперашняй фальклёрнай спадчыны і лішні раз кажа пра тое, што можна зразаць парасткі, а вось зьнішчыць карані – справа няўдзячная й марная. Лішні доказ таго, што найбольш арыгінальны музычны матэрыял у Беларусі сёньня немагчымы без ягонага апірышча на тое найбольш арыгінальнае, што маем мы і больш – ніхто.
5. The Toobes – "Road To The Big Time" – слухаць
Як жа хутка растуць дзеці! Асабліва – чужыя. Ня страціўшы выключна юнацкай энэргетыкі, удзельнікі трыё між тым, хочаш ня хочаш, пасталелі і, такое ўражаньне, узялі за мішэнь усё ж больш дарослую аўдыторыю, якой пажадалі, як падумалася, разам зірнуць на здабыткі музыкі мінулага. Крыху адышлі ад "хендрыксаўшчыны", наблізіўшыся да "уілідзікенсаўшчыны", у выніку чаго здолелі стварыць альбом, які напэўна будзе да спадобы і айцам, і дзецям.
6. Akute "Рэальнасць і сны" – слухаць
Такое ўражаньне, што ўдзельнікім трыё літаральна згараюць: столькі шмат чаго ім хочацца сказаць і за такі абсалютна сьціснуты тэрмін. Альбом амаль цалкам складаецца з песень, зь якіх практычна кожная можа зрабіцца шлягерам, нават нягледзячы на нязвыкласьць лірыкі, калі іх тэксты шмат у чым складаюцца з часам амаль бясконцых паўтораў адной й той жа фразы. Ды ў групы атрымліваецца за кошт падачы камуфляваць гэта, надаючы творам пэўную медытатыўнасьць, што мяне асабіста безумоўна прыцягвае.
7. IOWA "Export" – слухаць
Можна паўтарыць практычна тое ж самае, што было сказана ў дачыненьні да группы Navi. Цалкам дапускаю, што гэтая праграма была зроблена ўсё ж з пэўным азіраньнем на вымаганьні цяперашняга расейскага рынку, на якім гэтая музыка, хочаш ня хочаш, успрынялася як подых з заходу, але на нашым заходнім рынку гэта таксама, спадзяюся, праветрыла мазгі многім з тых, хто яшчэ пры жыцьці стварыў бронзавыя зорныя помнікі сабе любімым. Не аматар такой музыкі, але не заўважыць зробленае ня здолеў.
8. Seryoga "50 оттенков Серого" – слухаць
Не вытрымліваю такую музыку больш за прагноз надвор’я (ня блытаць з Weather Report!). Але, прызнацца, не чакаў. Хлопчык неўпрыкмет ператварыўся ў мужчыну, як некалі тое здарылася з Міхалком. У мужчыну, якога цікава слухаць, хоць і ня надта захапляешся музычнымі карункамі ягоных маналёгаў. Аднак гэта безумоўна самы сьпелы з усіх сьпічаў выканаўцы, калі на першы плян выйшла жаданьне не шакаваць аўдыторыю, не пацягнуць яе за сабой за кошт модных фіцюлек, а паспрабаваць цалкам па-мужчынску пагутарыць. Рэспэкт!
9. Розныя артысты "Апошні золак" – слухаць
Па першым праслухваньні праграма ня надта каб мяне ўсхвалявала: чулася нейкая ненатуральнасьць ад таго, што быў складзены зборнік з песень, якія хоць бы як падыходзілі пад ідэю альбому. Аднак пазьней сваю ролю адыграла найперш тое, што альбом гэты – як-ніяк падтрымлівае традыцыю супольных музычных праектаў, хоць тут не ідэя адыграла аб’яднальную ролю, а толькі тэма. Я – за салідарнасьць. Прынамсі, у такіх важных пытаньнях.
10. Vegetables "Now And Then" – слухаць
Шмат было, прызнацца, прэтэндэнтаў на апошнюю пазыцыю маёй дзесяткі, якія атрымалі 8 балаў. Спыніўся ў рэшце рэшт на гэтай групе. Узялі мяне музыкі нечым такім, што, часам здараецца, і вызначыць немагчыма. Ня буду напружвацца, адкажу дэбільна: проста спадабалася і запомнілася.
Experty.by