О проекте

Ілля Маліноўскі: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2013 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Ад 2002 году працаваў радыёвядучым на станцыях "Мир", "Минск", "Мелодии века". Ад 2007 году працуе журналістам на "Еўрарадыё". Аўтар шматлікіх інтэрв'ю, рэцэнзій і рэпартажаў пра беларускую музыку, а таксама вядучы музычных імпрэзаў.

2013 музычны год атрымаўся вельмі роўным. Адзінкавыя "выбухі", якія ўсё ж здараліся, адразу займалі свае пазіцыі сярод лепшых. Вось толькі гэтых відавочных лідараў не хапала нават на фармаванне пераканаўчага топ-10. Доўгая гульня ў пятнашкі назвамі альбомаў, іх станоўчымі і адметнымі рысамі ўсё ж вымалявала музычную карціну. Стала ясна, што не самы багаты на "стрэлы" год, тым не менш, быў мацнейшым за папярэдні. Рознабаковасць рэлізаў, падыход музыкаў да аранжыравання, запісу, выканання – гэта сапраўдны крок наперад.

Варта адзначыць, што гаворка не вядзецца пра так званых эстрадных выканаўцаў. Вельмі рэдка іх творчасць трапляе ў шэрагі мной упадабаных, а тым больш, улюбёных. Якасны рост альтэрнатыўнай, авангарднай, андэграўнднай музыкі, відаць, негатыўна ўплывае на беларускіх папсавікоў. З задавальненнем паставіў бы ў спіс лідараў хоць адзін эстрадны рэліз. Але з кожным годам, на жаль, яны ўсё больш і больш аддаляюцца ад майго ўласнага топ-10.

1. Петля пристрастия "Фобос" – слухаць

Самы моцны альбом гурта, нягледзячы на адсутнасць стоадсоткавых хітоў. Экспрэсія, туга і безвыходнасць, якімі традыцыйна прасякнутыя дыскі "Пятлі", дасягаюць пікавых вышыняў і не здольныя пакінуць слухача абыякавым. "Фобос" паглынае, перажоўвае і выплёўвае, пакідаючы сам насам з уласнымі перажываннямі. Таму для людзей з песімістычнымі поглядамі на жыццё ён можа стаць небяспечным.

2. Litvintroll "Чорная панна" – слухаць

Яскравы прыклад беларускай металічнай сцэны. Альбом, які з гонарам і задавальненнем можна ставіць любому абазнанаму ў металічнай музыцы. "Чорная панна" – змрочная, меладычная і часам страшнаватая казка, якую наўрад ці паслухаеш перад сном, але бадзёрасць рухаў удзень ды вечаровы слэм пад сцэнай гарантаваныя.

3. Kriwi "Траўкамураўка" – слухаць

Манументальны альбом! Неверагодная якасць арнжыровак, выканання ды гучання. Адзіны мінус – большасць песень ужо выдавалася гуртом у іншым складзе і выглядзе. Але не запісаць новыя версіі было б памылкай і, нават, здрадай. Кожнае новае праслухоўванне альбома ўздымае яго на некалькі прыступак вышэй і, каб топ-10 ствараўся цяпер, а не некалькі месяцаў таму, то "Траўкамураўка",магчыма, займала б ужо зусім не трэцюю пазіцыю.

4. Pukstband "Последний альбом" – слухаць

Дыск, які складана ўставіць у плэер і слухаць падчас шпацыру на паўторы. Ён вырывае з жыцця і прымушае спыніцца. Безліч эмоцый: ад неразумення і дзесьці агіды, да захаплення і адданага фанатызму. Пры гэтым дыск ні на хвіліну не выводзіць са стану камфорту, чым, безумоўна, падкупае. Вельмі шкада, калі "Последний альбом" апраўдае сваю назву.

5. BosaeSonca "Залаты" – слухаць

Пазнавальнае гучанне і вельмі шчырая падача матэрыялу. Заўважна, што над дыскам рупліва працавалі доўгі час, вылізвалі, вышуквалі патрэбныя ноткі, але гэта, хутчэй, прыцягвае. Надрыўны вакал, небанальныя тэксты і дакладнае разуменне месца кожнага інструмента. Усё вельмі проста, але са шляхетным густам.

6. Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Варанок" – слухаць

"Першы беларускі турэмны шансон" – так акрэслілі дыск журналісты і сам аўтар. Шансону на дыску сапраўды хапае, але, хутчэй, у класічным французскім разуменні гэтага тэрміна. "Турэмшчына" прысутнічае толькі ў некаторых тэкстах. А расійскае разуменне шансона заўважнае ў рэдкіх песнях і толькі, калі слухаеш іх з суседняга пакою. Адным сказам: чарговая выдатная праца Змітра Вайцюшкевіча, вельмі пранікнёная, цёплая і шчырая.

7. Apple Tea "Ten-Ten" – слухаць

Абсалютна характэрны і пазнавальны для гурта альбом, які не пакіне абыякавым як аматараў класічнага джаза, так і сучасных яго адгалінаванняў. Для сябе музыкі не адкрываюць нічога новага, але, магчыма, гэта і ёсць іх фішка. Адзінае, чаго не хапае, гэта вакальныя партыі. Музыкам варта паспрабаваць даць больш месца для развароту Сашы Захарык.

8. Sounduk "Наше время" – слухаць

Можна смела казаць, што гурт нарэшце знайшоў сваё гучанне. Усё так жа спакойна, па-дзявочы пранікнёна і пачуццёва, але з харошымі, прадуманымі і, цяпер ужо нават характэрнымі гітарнымі партыямі. Ганна Хітрык вельмі ўдала карыстаецца ўменнем пераключацца з ролі мяккай, далікатнай дзяўчынкі ў часам агрэсіўную, адданую змагарку.

9. Nevma "12" – слухаць

Ужо падзабытае рок-гучанне. Тое, чаго вельмі не хапае беларускай музыцы апошнім часам: проста, без выпяндрожа, празрыста і зразумела. Дыск можа спакойна гучаць з любога прыймача на любой кухні і не выклікаць жадання пераключыцца. Што праўда, масавага наплыву фанатаў без навамодных фішачак і рыфаў зарабіць не атрымаецца.

10. Смена "Весна" – слухаць

Абсалютна нечаканая праца! Уласны праект трамбаніста "Серебряной свадьбы" Яўгена Палавінскага стаў апошнім выбухам музычнага 2013 года, можа, таму і не паспеў заняць вышэйшую пазіцыю ў топе. Уплыў "Свадьбы" заўважны, але параўноўваць праекты і іх музыку немагчыма. Усё вельмі стыльна і проста, з лёгкім наплывам савецкага рэтра, але без перабору: толькі саме смачнае. Калі такім атрымаўся дэбют, то якім жа будзе працяг? Нават страшна ўявіць, але выключна ў добрым сэнсе!

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net