Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).
Прызнаюся, што гэтым разам сабраць дзесятку ўлюбёных альбомаў з прапанаванага рэдакцыяй Experty.by сьпісу й расставіць нават па ўмоўных мейсцах сталася няпростай задачай. Асабіста для мяне атрыманы топ-10 не адлюстроўвае ўсіх галоўных тэндэнцыяў і асаблівасьцяў году, не зьяўляецца цалкам паказальным, бо мяне цікавіць у тым ліку шмат музыкі, якая не трапляе ў фармат сайту, і я адлюструю яе ў асобнай публікацыі на Experty.by.
Што тычыцца некаторых уражаньняў ад праслуханага, то агульная колькасьць аўдыёрэлізаў па-ранейшаму значна пераўзыходзіць іх якасьць – музыкі занадта шмат, і часта яна ствараецца па інэрцыі. Патэнцыйна моцныя альбомы часта не даводзяцца да адпаведнае кандыцыі, і шэдэўры ў трэклісьце чаргуюцца з праваламі.
Відавочна, што колькасьць беларускамоўных гуртоў пашыраецца – асабліва ў мэйнстрымавым кірунку. Англамоўныя бэнды, тым часам, выдыхаюцца, спыняюцца, развальваюцца, становяцца цалкам дэкаратыўнымі альбо пераходзяць на дзяржаўныя мовы РБ. Крызіс гітары як інструмэнта спарадзіў шмат бязслоўных калектываў, якія шукаюць новыя магчымасьці струнаў з дапамогай лічбавых гаджэтаў.
Дэбютны сольнік пані Ірэны можна разглядаць як сьведчаньне тэндэнцыі: творцы выпраўляюцца ў сольнае плаваньне, зьвяртаюцца да мінімалістычных формаў замест калектыўнае творчасьці. Па цэльнасьці пабудовы альбом можна параўнаць з санатай. У працы з фальклёрам тут абраны нязвыклы для Беларусі падыход у духу Дэбюсі й Равэля. Раяль і голас паводзяць сябе настолькі адрозна, што цяжка ўявіць, як гэтыя кампазыцыі можа выконваць адзін музыка! Па сутнасьці адбываецца дыялёг між двума вялізнымі й даволі разьяднанымі культурнымі пластамі – акадэмізмам і фальклёрам, альбо нават між мужчынскім і жаночым пачаткамі. Адчулася, што менавіта з такіх фартэпіянных пьесаў потым вырасталі этна-джазавыя аранжыроўкі для праектаў NHS, Akana ды Kazalpin.
У сфэры джазавае музыкі Беларусі паціху пачынае прабівацца новы струмень – праекты Аванэсяна й Аракеляна, трыё Гарачага, Павал Кузюковіч… Праўда, ад дэбютніку апошняга (пад імем Pafnutiy's Dreams) я чакаў трохі больш творчага радыкалізму. Асабліва ведаючы, што Пафнуці – вялікі аматар Леаніда Фёдарава й Аркадзьдзя Шылклёпэра ды добра знаёмы зь беларускім фолькам па працы ў гурце Dzivasil. Найбольш моцнай кампазыцыяй засталася тая, зь якой Павал і пачаў сольныя экспэрымэнты, – "Танцуй или умри". У прадстаўленай праграме хапае й камфортнага салодкага джазу, але ён на галаву вышэй за процьму рэстарацыйна-карпаратыўных джаз-бэндаў.
Такія альбомы прынята называць "доўгачаканымі". Хаця большасьць песень ужо да болю знаёмая. Нарэшце, гэткія арыі ахвяры-забойцы атрымалі завершанае, задакумэнтаванае вырашэньне. Атрымаўся шквальны й татальны нэкра-экспрэсіянізм у жорсткай электрычнай раме. Пукст дэманструе, што крык таксама можа быць прыгожым, калі ён натуральны, і крычаць можна па-рознаму ды пра рознае. У альбоме маса вакальных практыкаваньняў, а некаторыя партыі бэкаў здорава б магла замяніць аркестра Фінбэрга.
4. Зьміцер Вайцюшкевіч i WZ-Orkiestra "Варанок" – слухаць
Масавы зварот (ня толькі абывацеляў, але й інтэлігенцыі) да шансону сьведчыць пра крызіс у песенным жанры. Аднак Вайцюшкевіч у адрозьненьне ад калегаў па цэху знайшоў нейкі трэці прыём між кічам і кэмпам. Атрымалася сапраўды цёпла, задушэўна, годна й з густам… Прычым якасна спрацавала ўся аўтарская тройка Вайцюшкевіч – Бураўкін – Ямуцееў. Без аднаго з гэтых трох элемэнтаў вынік быў бы не такім удалым. Між іншым, песьні файна падышлі б да палітычна-крымінальнага сэрыялу пра падзеі 1930-ых у БССР. І ўвогуле Зьміцер, нарэшце, узьняў постсавецкі шансон на ўзровень францускага chanson réaliste.
Першы альбом "Пятлі", які мяне глыбока крануў. Пост’ядзерны пост-панк зь песьнямі-петлямі. Рамантычны герой плыткі быццам пасьля плянэтарнае катастрофы застаўся нікому непатрэбным і ў выніку пакутуе на ўсялякія фобіі сярэдняга ўзросту. Але калі паглядзець у корань гэтых страхаў, то высьвятляецца, што ніякае катастрофы не было, плянэта цэлая, а ўсе пакуты галоўны пэрсанаж прыдумаў пад ціскам "элегантнага народу". Насельніцтва рэтрансьлюе комплекс ахвяры, і яму непатрэбныя ніякія героі, тым больш, рамантычныя. Усе песьні нібыта складзеныя зь лёзаў "Спутник" – такія ж халодныя, гнуткія, небясьпечныя й блізкія. Чорным па шэрым.
BosaeSonca ламае стэрэатып аб тым, што белрок – гэта выключна палітычнае змаганьне разам з эстэтычнай аскезай, дзе няма мейсца вынаходзтву й увагі да дэталяў, цытатам з клясыкі ці авангардовым устаўкам. Колішняе выключна акустычнае калябардаўскае ўтварэньне Алеся Кот-Зайцава на сёмы год існаваньня наблізілася да мяжы арт-року. Менавіта дужы мужчынскі квартэт, дзе кожны дакладна ведае сваю ролю й выконвае яе максымальна выразна, здолеў давесьці справу да канкрэтнага выніку – першага поўнафарматнага альбома. І заўважце, як небанальна гучыць рок-бэнд без сола-гітары!
Усе нумары альбома яднае тэма быццам бы змушанага, але чароўнага падарожжа, няспыннага вяртаньня па шляху любові. Прычым, пачуцьці да жанчыны абсалютна няштучна тут спалучаюцца зь імкненьнем да роднае зямлі. Гучаньне ili-ili ў параўнаньні з дэбютнікам стала больш жывым і нават набліжаным да альбома "Рух" "ДзеціДзяцей". Асобныя песьні дасягаюць неверагодных вяршыняў ды глыбіняў ("Прывітаньне", "Караблі", "Танчыць"), а на кампазыцыі "Шлях" я адчуў поўны катарсіс.
Naka запісала свой лепшы альбом! Альбом – манумэнт. Што ні песьня, то гіт. Тут практычна няма сьлязьлівае кабетавае лірыкі. Наадварот – Наста Шпакоўская шчыра, нават грубавата, з сарказмам апісвае тутэйшыю антыўтопію. Варта канстатаваць, што статус забароненага пайшоў гурту на карысьць. Табу на выступы неяк сканцэнтравала аўтарскае ўспрыйманьне й надало яму дакладны вэктар. Песьні выдатна стасуюцца адна з адной, цягам альбома змрок драматургічна нарастае й гусьцее, штурхаючы музыкаў ажно да атанальных эфэктаў – да року на мяжы са Шнітке! Актрысы дакладней за іншых адчуваюць, дзе ў спэктаклі кульмінацыя, а дзе мусіць быць фінал.
"Наше время" стала не проста чарговым "томам" групы Sounduk, кавалкам інтымнае аўтабіяграфіі, а крокам наперад. Ратацыя гітарыстаў дала свой плён. Навабранец Ягор Дзыгун у стане рабіць выразныя сола, каб не заставацца шараговай часткай акампанэмэнту. Адчуваецца й ягоны ўплыў на аранжыроўкі. Ён нават сьпявае (!) ў кампазыцыі, якую Ганна Хітрык напісала не на свой (!) беларускамоўны (!) верш. То бок, шмат чаго ў новым альбоме ўпершыню. Замкнёны матрыярхат "Саўндука" элегантна адчыніўся, і пайшло гэта толькі на карысьць. І ўвогуле тут пануе расслаблены ўраўнаважаны настрой. Хаця ў другой частцы ізноў выяўляецца нешта сакральна-гераічнае ад Жаны Д’Арк.
Яшчэ адна доўгачанка. Kriwi нібыта павярталася з доўгага падарожжа па іншасьвеце. "Траўкамураўка" сталася самым джазавым і самым жаноцкім альбомам Кругловай і кумпаніі. Шматгалосьсе – пабудаваныя ім акорды, расьпеўкі, настроі – фармуе душу альбома. Другая моцная лінія – скрыпка Карэна Карапецяна. Як і раней, беларускі фальклёр Kriwi бяре за аснову ды спалучае яго з матывамі й мовамі іншых народаў. Чагосьці новага ў гэтым альбоме Kriwi сапраўды мала: палова прадстаўленага матэрыялу ўяўляе сабой рэмэйкі старога рэпэртуару. Зрэшты, і гітарнымі адаптацыямі народных песень займаліся ў Беларусі яшчэ папярэднікі "Песьняроў".