О проекте

В.Сямашка: Shuma "Жніво"

 

Пазаштатны эксперт Віктар Сямашка пра дэбютны альбом Shuma: "Галасавы (інь) і электронны (ян) складнікі Shuma цяжка адзьдзяліць, настолькі шчыльна яны скрыжаваныя, сшытыя, так што не замінаюць адно аднаму й знаходзяцца ва ўзаемазалежнасьці".

Відавочна, маем справу з адным з найцікавейшых рэлізаў гэтага году. Усяго ў дэбютнік Shuma трапіў дзесятак трэкаў зь сярэдняй працягласьцю каля 4 хвілінаў. Практычна ўвесь прадстаўлены матэрыял роўны па працаёмкасьці й моцы ўзьдзеяньня на сьвядомасьць. Многія рэчы знаёмыя па ранейшых міньёнах. Зразумела, што цэлая маса рэміксаў, вэрсіяў, назапашаных за 4 гады існаваньня праекту, засталася па-за альбомам.

Калі злучаць аўтэнтыку з электронікай, то менавіта такім чынам – глыбока, густа, дэталёва, з павагай да народнага сьпеву. Ён апынаецца нібыта інкруставаным ў гарадзкое высокатэхналягічнае асяродзьдзе. Уяўляеш сабе айцішніка, у якім актывізаваўся ген тутэйшасьці. Абодва паўшар’і задзейнічаныя, інтуіцыя спалучаная зь інтэлектам. Мова й мэлёдыя становяцца элемэнтам саўнддызайну, а саўнддызайн знаходзіць сябе на льняным палатне й мімаволі пачынае камбінаваць элемэнты арнамэнту.

Галасавы (інь) і электронны (ян) складнікі Shuma цяжка адзьдзяліць, настолькі шчыльна яны скрыжаваныя, сшытыя, так што не замінаюць адно аднаму й знаходзяцца ва ўзаемазалежнасьці. Галасы, нібыта бясконцыя стужкі, плывуць па-над галоўнай магістральлю, зьмяняючы гарадзкі пэйзаж. У архітэктуры становіцца больш біёнікі, яна набліжаецца да прыродных узораў, пераладжваецца бліжэй да натуральнасьці. У той жа час урбаністыка ўплывае на галасы, робячы іх важкімі й прахалоднымі. У адказ зьяўляюцца дадатковыя акустычныя інструмэнты. Новакадэмічныя партыі на хатнім фартэпіяна ўвогуле сталі ў альбоме скразнымі. За тымі бясконцымі ўзаемаабумоўленымі мэтамарфозамі захапляльна назіраць. Вяршыняй "Жніва", на маю думку, стала "Перапёлка" з саксам Альбіна Бруна.

Альбом Shuma "Жніво" не магчыма не параўнаць з альбомам Pawa "Жыта". Абодва выйшлі ў ліпені. Нават асобныя песьні перасякаюцца. У абодвух выпадках найноўшая электроніка спалучаецца з акустычнымі інструмэнтамі. І там, і там па дзьве вакалісткі… Аднак Pawa – вельмі экстравэртная, а Shuma больш замкнёная ў сабе. Калі Pawa дэкляруе брутальны патрыярхат, то ў Shuma ласкава пануюць жанчыны.

Адзнака: 9 з 10

Прачытаць рэцензіі "штатных" экспертаў на гэты альбом, паслухаць яго і паставіць сваю адзнаку вы можаце тут.

Пра аўтара:

Музыка, журналіст, паэт. Нарадзіўся ў 1980 годзе ў Мінску. Навучаўся ў музычных школах (фартэпіяна, габой). У 2002 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, з 2005 па 2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", з 2010). У 2001–2012 годах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах – удзельнік гурта "Нагуаль". Выступае сольна, а таксама у складзе калектываў Mouches A L'orange, "Балцкі cубстрат" і інш. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).

Akana, Kazalpin, Shuma, Руся

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net