Па сем прэтэндэнтаў увайшлі ў намінацыі "Адкрыццё году" і "Героі году" музычнай прэміі ад парталу Tuzin.fm. Імёны пераможцаў будуць абвешчаныя на вялікім канцэрце 12 снежня ў клубе "Пляцоўка Хол".
"Каб патрапіць у шорт-ліст нашай прэміі гурт мусіць цягам году дэманстраваць актыўнасць – студыйную, медыйную, канцэртную, часта нават не дзякуючы, а насуперак абставінам. Важную ролю таксама грае поспех песень, кліпаў і альбомаў у нашых чартах. Ну а самае галоўнае – актуальнасць яго творчасці", – вядзецца ў звароце рэдакцыі парталу Tuzin.fm з нагоды абвяшчэння шорт-ліста.
На перамогу ў намінацыі "Адкрыццё году" прэтэндуюць новы праект Яна Маўзера "Мама", альтэрнатыўная каманда з Брэста Zolki Band, гурт "Ілюжан", рэп-выканаўца Angst, бард Стась Сілка, спявачка Pauline і гурт Teleport. Прэтэндэнтаў на званне "Героі году" ("Найлепшы гурт або выканаўца году") таксама сямёра. Гэта гурты Brutto, Navi, "Крамбамбуля", Re1ikt, Tonqixod, Shuma і Зміцер Вайцюшкевіч.
Усе намінанты запрошаны ў якасці гасцей на ўручэнне прэміі, якое адбудзецца на 12-годдзе парталу Tuzin.fm у клубе "Пляцоўка Хол". У гэты вечар зайграюць Pauline, zolki band, Angst, а таксама намінанты на "Герояў году" – Re1ikt i Navi. Арганізатары папярэджваюць, што магчымыя сюрпрызы.
У розныя часы ў намінацыі "Адкрыццё году" перамагалі Akute (2010), Паліна Рэспубліка (2011), "Людзі на балоце" (2012), Hurma (2013), Сяргей Башлыкевіч і Leibonik (2014). "Героямі году" прызнаваліся "Крамбамбуля" (2004), Zet (2005), рок-паэт Міхал Анемпадыстаў (2006), N.R.M. (2007), "Глюкі" (2008), "Ляпіс Трубяцкі" (2009), "Глюкі" (2010), "Ляпіс Трубяцкі" (2011), Akute (2012), Re1ikt (2013), Dzieciuki (2014).
12 снежня (субота). 19.00. Прэмія "Героі году" з удзелам Pauline, zolki band, Angst, Re1ikt, Navi. Квіткі (з улікам камісіі аператара) — 150 000 (танцпляц), 180 000 (столік). Квіткі можна набыць онлайн або ў касах kvitki.by па ўсёй краіне. Тэлефон для даведак: + 375 29 687-20-93