24 студзеня ў межах праекту "Жывы Тузін" у клубе Loft гурт BosaeSonca прэзентуе "Залаты альбом". Гэта першы студыйны CD за 7 гадоў існавання гурта. "Доўгі час мы знаходзіліся ў пошуках нашага гучання, і як толькі зразумелі, як павінны выглядаць нашы песні, адразу ж пайшлі ў студыю," – тлумачыць лідар гурта Алесь Кот-Зайцаў.
Сваё сучаснае гучанне гурт прадэманстраваў у самотніку "Золатам", які нядаўна быў прэзентаваны на Tuzin.fm і выклікаў станоўчую рэакцыю ў слухачоў. Пад уплывам ад гэтага ўдалага трэку і вырашана было даць назву ўсяму дыску – "Залаты". "Гэта не таму, што мы імкнемся да глабальнай папулярнасці. Тут хутчэй маецца на ўвазе глыбіня, рамантычнасць і цвёрдасць", – кажа Алесь.
Музыкі прызнаюцца, што вельмі хвалююцца, бо ўпершыню за шэсць год свайго існавання могуць запрасіць слухачоў на поўнавартасную прэзентацыю альбома. "Не ведаю, якой рэакцыi чакаць на нашу плыту, але ведаю, што ёсць людзi, якiя яе чакалi. Хочацца, каб прыйшлі не проста сябры, але і тыя людзі, якія цікавяцца новай беларускай музыкай", – кажа франтмэн "Босага сонца".
Акрамя песень, што ўвайшлі ў "Залаты альбом", BosaeSonca прадставіць некалькі акустычных нумароў, падрыхтаваных з струнным трыё. Сам новы дыск можна будзе набыць непасрэдна на вечарыне. Падтрымае калегаў гурт ili-ili, які адмыслова да гэтага вечара падрыхтаваў цалкам беларускамоўную праграму, якая завецца "list". Весці канцэрт па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязменны вядучы радыёверсіі хіт-параду "Тузін Гітоў". Не абыйдзецца справа без падарункаў ад сяброў "Тузіна Гітоў" – кампаніі "Будзьма беларусамі!".
24 студзеня (чацвер). 19.00. Loft cafе (вул.П.Броўкі, 22).
Гурт BosaeSonca з прэзентацыяй "Залатога альбому".
Гурт ili-ili з прэм’ерай праграмы "list".
Кошт квітка – 85 000 руб., адзін квіток на дваіх – 150 000 руб.
Квіткі можна набыць у касах KVITKI BY і замовіць он-лайн http://www.kvitki.by/by
Замовіць столік можна па тэл. +375 29 38 000 10.
Тэл. для даведак : + 375 29 6872093.