Пабачыў свет новы альбом "Люстэркі часу" вядомага электроннага праекта Dromos. Cтвораны ў 2000 годзе гурт паспеў выдаць 2 альбомы і даць звыш трох дзясяткаў канцэртаў (у тым ліку і за межамі краіны), але потым, як сведчаць самі ўдзельнікі, "надоўга засеў у сутарэннях айчыннага андэграўнду". Папярэдняя праца музыкантаў выйшла ажно ў 2004 годзе.
Чаму адбыўся такі працяглы перапынак у творчай дзейнасці? Адказвае адзін з заснавальнікаў праекта і стваральнік усіх дзевяці новых кампазіцый Артур Невяроўскі:
– Творчасць – гэта адзіная рэч, якая мяне прываблівае як форма самавыяўлення і самаўдасканалення. Але кожны раз, калі пасля напісання чарговай кампазіцыі мінае нейкі час, мне хочацца ў ёй шмат чаго змяніць або цалкам перарабіць. Увогуле, я па натуры чалавек эмацыянальны і мне ўласціва перажыванне розных крызісаў, якіх за мінулых перыяд было нямала. Мае эмацыянальныя памкненні і філасофскія развагі пра быццё знаходзяць адпаведнае адлюстраванне і ў музыцы – учора трэк мог фарміравацца ў адным настроі, сёння – узнікае жаданне дадаць туды новыя, суцэльна супрацьлеглыя адценні, а што будзе заўтра – і ўвогуле невядома…
Агульная атмасфера доўгачаканага рэліза можа быць ахарактарызаваная як пост-апакаліптычны post-industrial/dark-ambient/noise з элементамі неафолку. Ужо адны толькі назвы трэкаў – "Спадчына продкаў", "Залаты сонцаварот," Фракталы памяці ","Халодная цёмная матэрыя " і іншыя – фарміруюць ў слухача пэўны настрой. Апроч характэрных для гэтага музычнага кірунку шумавых эфектаў, удзельнікі праекта плённа скарысталі фрагменты аўтэнтычных беларускіх мелодый.
Майстэрынг усіх трэкаў зрабіў Яўген Рагозін (aka Gvozd), заснавальнік эксперыментальнага электроннага праекта Planet N. Канцэртную прэзентацыю новага матэрыялу Dromos плануе ажыццявіць увосень. Дыск рэалізуецца па папярэдніх замовах лэйблам Somord Prods.