Штатны эксперт і сябра "вялікага журы". У музычнай журналістыцы з сярэдзіны 70-х. Друкаваўся ў мностве беларускіх выданняў, аўтар і вядучы шэрагу праграм на тэлебачанні і радыё. Сааўтар кнігі "Толковый словарь терминов популярной музыки" (1994, 1999), аўтар ідэі і складальнік "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" (2008).
Магчыма, упершыню за ўсе гады рэцэнзаваньня для Experty.by, пабачыўшы папярэднія вынікі па суме балаў, я адчуў, што мне асабіста для вызначэньня лепшых адной "дзясяткі" мала. Хоць бы таму, што цалкам шчыра мог бы скласьці і яшчэ адну. З той прычыны, што за чатыры гады назіраньняў год 2011 быў, на маю думку, найбольш плённы і разнастайны.
Узорная праца, выдатны прыклад таго, як аўтары арыгінальнай музыкі глыбока прасякнуліся той музыкай, якой поўняцца тэксты народных песень! Плюс да ўсяго – канешне ж, зайздросная праца ў галіне аранжаваньня і ўласна запісу. А ў выніку – неверагоднае этна-шаманства, якое можа "прабіць" кожную аўдыторыю літаральна ў кожнай краіне. Толькі дзе-нідзе гэта будзе ўспрымацца як экзотыка, хоць для нас гэта – выключна сваё!
Канешне, з боку аранжаваньняў гэты прадукт мог быць і больш сьмелы. Аднак, зь іншага боку, тая сьмеласьць магла лёгка і непрыкметна перакінуцца ў штукарства, страціць глебу першароднасьці. Тое не адбылося. Няхай крыху стрымана, лагодна, аднак жа дакладна і прафесыйна. Да ўсяго – годны выхад беларускай музыкі на эўрапейскія прасторы.
Выдатная ілюстрацыя таго, як гаер робіцца мужчынам. Сяргей разам з калегамі вярнулі рок-музыцы яе першародны характар, які цягам многіх гадоў згубіўся за хмарай рознага кшталту гаўна-року з ягонай імітацыяй эмоцый, страсьцей і нібыта натуральнасьці выказваньня. "Ляпісы" гавораць яўна ад першай асобы, ягоныя копіі хаваюцца за неакрэсьленымі "мы" і ў выніку атрымліваюць адпаведныя адзнакі ня толькі экспэртаў, але й публікі.
Шчыра захапляюся тым, што і як робіць Наста Някрасава. Падчас запісу гэтай праграмы ёй пашанцавала выйсьці на безумоўна таленавітага аранжавальніка Паўла Рыжкова, дзякуючы якому, вобразна кажучы, непрыкметная, здавалася б, сялянская музыка горда выйшла на сцэну прэстыжнай залі. І зрабілася каралевай балю.
5. А.Шадзько, У.Ткачэнка "Только бы не было холодно" – слухаць
Выдатная школа майстэрства напісаньня песень і іх выкананьня для музыкі-пачаткоўца любога стылю. Паэтычны і мэлядычны сьвет Аляксея прываблівае, аранжаваньні Ўладзіміра Ткачэнкі выстаўляюць вышэйшую плянку, увасабленьне музыкі – узорнае. Абы такога ўзроўню праграм у 2012-м было больш!
Падчас таго, як гэты альбом запісваўся, некалькі разоў сустракаўся з Аляксандрам. І было немагчыма не адчуць, ня ўбачыць, што ён гарыць гэтай працай, яго ледзь не калбасіць ад таго, што ён робіць. І вось гэтае гарэньне выдатна ўвасобілася ў гатовым прадукце. Не адчуць гэта – немагчыма!
Дапускаю, што гэты мой бал зьяўляецца ў нечым авансам. А тлумачыцца яно тым, што: 1. Зачакаўся новай праграмы групы; 2. "Зьніч", безумоўна, мае запамінальны вобраз і гучаньне, якое да таго ж узбагацілася ў параўнаньні з папярэднімі запісамі за кошт разумнага выкарыстаньня найперш клявішных; 3. Музыка групы цьвёрда стаіць на традыцыі і, што істотна, яна цалкам натуральная, ніякай гульні ў рок тут няма.
Дакладна намацаная стылістыка і манэра выкананьня. Удалы рэпэртуар праграмы, дзе амаль кожная песьня надаецца для працяглых ратацый. Плюс – тая ж самая натуральнасьць, якая прыцягвае і зацягвае. Канешне ж, яшчэ досьвед і талент. А яшчэ, думаю, удалы зьбег абставінаў, які дазволіў трыо ўвасобіць у жыцьцё насамрэч годную ўвагі праграму.
Відаць, беларускай музыцы доўгі час не ставала такой вось незвычайнай, крыху манэрнай, але тым ня менш арыгінальнай музыкі, якую ў пэўным сэнсе можна ўспрымаць і як сьвядомую правакацыю. Тым ня менш "Пятля" ня крочыць па стаптаных сьцежках модных стыляў, разумеючы: як не бяжы па іх, але ўсё адно першым ня будзеш. Пайшлі па ўласнай сьцежцы і былі заўважаны сярод лідэраў.
Магутна і пераканальна, вяртаньне на сцэну пасьля гадоў маўчаньня, якое не зрабілася бледным ценем мінуўшчыны. Дай Бог, каб усьлед за перапевам ранейшага рэпэртуару прыйшлі запісы новых песень – гэткія ж фундамэнтальныя, узорныя для стылю і прыемныя для слуханьня.